Пра бяспеку жыцця і дэнамінацыю

  У мінулы чацвер у рамках адзінага Дня інфармавання з калектывам СВК “Гвозніца” сустрэлася інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае Казімір Лапіч.

Дырэктар ЦБУ № 120 ААТ “АСБ Беларусбанк” Алег Якубчык расказаў аўдыторыі пра дэнамінацыю грошай, якая адбудзецца з 1 ліпеня 2016 года. Алег Пятровіч растлумачыў, з чым гэта звязана, напомніў, што абмяняць старыя банкноты на новыя да 1 ліпеня наступнага года нельга, і папярэдзіў, што калі нехта прапануе новыя банкноты да названай вышэй даты, то гэта будуць фальшывыя грошы. А начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук дадаў, што такі пераходны перыяд – гэта спрыяльная глеба для махляроў. Ён звярнуўся да кіраўніцтва сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі, каб правялі работу з састарэлымі і адзінокімі, бо менавіта яны аказваюцца ахвярамі махляроў, каб тыя не паддаваліся ні на якія правакацыі. Не ўсе ведаюць яшчэ, што пасля 1 ліпеня 2015 года, акрамя папяровых банкнот, паступяць у абарачэнне і манеты, вартасцю 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек і 1, 2 рублі, прычым манета ў 2 рублі будзе двухколернай. Цана грошай застанецца такой жа, і насельніцтва нічога не страціць. Самае важнае, каб не раслі цэны, гэта значыць, што грошы не будуць губляць цану. Зрэшты ўсё залежыць ад таго, як будзе працаваць эканоміка.
Пытанне бяспечнасці жыцця­дзейнасці насель-ніцт­ва застаецца па-ранейшаму актуальным, бо ад знешніх прычын, калі людзі, падчас не задумваючыся над уласнымі памылкамі, пакідаюць жыццё.
— Мы павінны разумець, што ў многім наш лёс залежыць ад нас саміх, што ён у нашых руках, — гаварыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, прыводзячы пераканаўчыя прыклады і называючы лічбы, калі людзі гінуць па ўласнай віне. Вось і нядаўна ў вёсцы Багуслаўка Гвозніцкага сельсавета загінуў на пажары ва ўласным доме яго гас­падар. Яшчэ адзін чалавек сёлета загінуў на пажары ў в. Гвозніца. За 11 месяцаў у раёне зарэгістравана 46 пажараў, на якіх загінулі 3 чалавекі.
Хвалюе той факт, што аварыі, суіцыды, п’янства, неасцярожнасць на вадзе і іншыя прычыны забіраюць жыцці ў людзей працаздольнага ўзросту, маладых, дзяцей. Так, сёлета, у раёне 3 чалавекі загінулі на вадзе, у меліярацыйных каналах (адкрытая сетка іх у нашым раёне немалая – складае больш за 2 тысячы кіламетраў). Усе тапельцы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Аднаму было 54 гады, двум – па 44 гады.
Яшчэ адзін момант гутаркі на прапанаваную на Дні інфармавання тэму, — суіцыды. Яны штогод не абыходзяць наш раён. На іх акцэнтаваў увагу аўдыторыі галоўны ўрач райбальніцы Пётр Селівонік. Цяжка растлумачыць прычыны, якія падштурхоўваюць чалавека на такі крок. Але важна, каб чалавек у стане дэпрэсіі не быў адзін. Пётр Міхайлавіч праінфармаваў прысутных аб тым, што сёлета ў райбальніцы пачаў працаваць урач-псіхатэрапеўт, які можа аказаць кваліфікаваную дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Звяртаючыся да мясцовых жыхароў, ён папрасіў, каб не былі яны безудзельнымі, цікавіліся жыццём тых, каму псіхалагічна цяжка, дапамагалі, звярталіся да кваліфікаванага спе­цыяліста ў райбальніцу. Тым больш, што многія пацыенты ўжо адчулі і адпаведна ацанілі такую дапамогу. А калі чалавек застаецца адзін на адзін са сваімі праблемамі, адчувае безвыходнасць свайго існавання, – тады і да бяды недалёка…
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня інфармавання ў Гвозніцкім СДК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано ГЧ № 100 23.12.15

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!