«Таптышка» для Косціка

 Сюжэт пра нараджэнне дзіцяці ў сям’і інвалідаў першай групы  Ганны і Анатоля Бахураў з Івацэвіч, які некалькі месяцаў таму быў паказаны па адным з беларускіх тэлеканалаў, выклікаў у грамадстве не толькі шырокі  рэзананс, але і абудзіў да дзеянняў нераўнадушных да чужых праблем людзей.

Да глыбіні душы крануў ён і кіраўніцтва ААТ “Маларыцкі кансервава­гароднінасушыльны камбінат”. У калектыве сачылі за развіццём падзей вакол немаўляці, якога адпаведныя службы хацелі накіраваць у Дом малюткі, маўляў, бацькі з праблемамі апорна-рухальнага апарата не змогуць яго самастойна выхоўваць. Калі ж усе пытанні наконт далейшага лёсу хлопчыка былі вырашаны, і ён застаўся з мамай і татам, вырашылі паўдзельнічаць у лёсе маленькага Косціка.
Нібы казачныя Снягуркі і Дзед Мароз пастукалі ў мінулы аўторак у кватэру Бахураў спецыялісты па маркетынгу і рэалізацыі прадпрыемства Юлія Бурштын, Сафія Каленчанка і вадзіцель Віктар Юнчык, каб уручыць бацькам малога смачныя падарункі ад «Таптышкі». Гасцям, якіх апошнім часам у гэтай сям’і бывае з ліхвой, абрадаваліся. Маўляў, нам больш цацкі прывозяць, а такія, як вы, — з дзіцячым харчаваннем, якое нам зараз вельмі дарэчы, прыехалі ўпершыню.
— Толькі давядзецца крыху пачакаць, — папярэдзіў бацька Косціка, 40-гадовы Анатоль, запрашаючы прайсці ў кватэру. — Нам учора споўнілася 5 месяцаў, і жонка з нянькай павезлі малога на планавы медыцынскі агляд у паліклініку.
… Гісторыя стварэння гэтай сям’і амаль нічым не адрозніваецца ад соцень і тысяч іншых гісторый. Анатоль, які сам вырас у сям’і, – няхай і няпоўнай: бацька пакінуў іх з маці, заўжды марыў знайсці сваю другую палавінку. Асабліва востра ён адчуў адзіноту пасля таго, як не стала маці. Як чалавек цвярозага розуму ён верыў, што здаровая дзяўчына наўрад ці пойдзе замуж за інваліда, таму вырашыў пашукаць сабе жонку сярод такіх жа, як і ён сам. І знайшоў. У Ляснянскім доме-інтэрнаце, куды аднойчы наведаўся. Аня, праўда, ведаючы сваю немач: акрамя праблем з нагамі, у яе і з рукамі не ўсё так проста, з-за чаго ад яе бацькі адмовіліся яшчэ ў радзільным доме, ніколі нават не думала пра ўласную сям’ю. І тым больш, пра дзяцей.
Але ўсяго гэтага ў сваім жыцці яна дачакалася. Пасля 3 дзён роздуму над прапановай Анатоля выйсці за яго замуж (менавіта столькі часу ён даў сваёй выбранніцы для прыняцця рашэння) яна стала яго жонкай.
І сын Косцік, які з’явіўся ў сям’і Бахураў праз 7 гадоў сумеснага жыцця, быў доўгачаканым і жаданым дзіцём. Хоць Аню яго з’яўленне на свет і палохала: як яна, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, зможа насіць малога на руках, купаць яго, апранаць. Тым больш, што і з мужа памочнік ніякі.
Змагла. Ва ўсякім выпадку, на руках яго носіць ніколькі не горш за жанчын, у якіх няма яе праблем. І грудзьмі корміць. І па кватэры перамяшчаецца нібыта метэор. Усё гэта мы ўбачылі, калі жанчына разам з нянькай (у дапамогу бацькам-інвалідам тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдзеліў дзвюх работніц) і малым вярнуліся з паліклінікі. Гаспадыня адразу ж прапанавала нам чай. А мне ў гэты час успомнілася гісторыя 20-гадовай даўнасці, калі працавала ў брэсцкай раённай газеце “Заря над Бугом” і ў адну з камандзіровак наведала Дамачаўскі інтэрнат. Дырэктар гэтай установы Анатоль Ясінскі прапанаваў тады напісаць пра дзяўчыну- мастачку, якая малюе практычна без рук…
Так, Ганна Бахур была ўжо гераіняй майго артыкула.
З пачуццём выкананага абавязку: рабіць людзям дабро, а таксама з упэўненасцю, што ўсё ў Бахураў будзе добра, і іх Косцік, які нарадзіўся жвавым і здаровым хлопчыкам, будзе гадавацца ў поўнай сям’і, абагрэты бацькоўскай любоўю і пяшчотай, мы пакідалі гэтую светлую кватэру. Малы ж у гэты час, закалыханы мамай, мірна пасапваў на шырокім бацькоўскім ложку, а ў кухні на стале яго чакала смачнае грушавае пюрэ ад “Таптышкі”, якое, па словах Ані, яго любімае.
Надзея ЯЦУРА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий


купить салфетки

пластиковая тара

губка для посуды
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!