Каб след застаўся на зямлі

Адным з накірункаў работы Макранскай бібліятэкі-філіяла з’яўляецца краязнаўчая работа. Яна ніколі не губляе сваёй значнасці, актуальнасці, бо накіравана на паглыбленае вывучэнне гісторыі свайго рэгіёна.

Бібліятэкар Тамара Максімук праводзіць планамерную і мэтанакіраваную работу ў гэтым накірунку. Пацвярджэнне таму – краязнаўчы ўрок “Каб след застаўся на зямлі”. На гэтае мерапрыемства завіталі вучні Макранскай СШ, а таксама мясцовыя жыхары. Правёў незвычайны ўрок Сцяпан Бурштын, спецыяліст па корманарыхтоўцы СВК “Макраны”, які актыўна супрацоўнічае з бібліятэкай. Толькі за апошні час праве-дзена 5 сумесных мерапрыемстваў.
-Цікавасць да мінулага, да сваіх каранёў, да сваёй спадчыны, — кажа Тамара Мікалаеўна, — выклікае неабходнасць як мага больш знайсці, апрацаваць адпаведнай інфармацыі па краязнаўстве, захаваць яе і данесці да нашчадкаў. Каб выхаваць у іх пашану да спадчыны свайго народа, да гістарычнага мінулага краю, уявіць, як жылі нашы прадзеды, чым яны займаліся, якраз і дапамагаюць такія сустрэчы, як сённяшняя. Амаль заўсёды падчас іх правядзення даведваешся шмат новага і раней невядомага з гісторыі родных мясцін.
На працягу гадзіны Сцяпан Канстанцінавіч цікава расказваў пра работу гісторыка-патрыятычнага клуба “Пошук” (г.Пінск), членам якога ён з’яўляецца, пра тых польскіх жаўнераў і афіцэраў, што трагічна загінулі ў ваколіцах Макран восенню 1939 года, калі вярталіся з Пінска. Размова падчас краязнаўчага ўрока таксама зайшла і пра Сцяпана Паўлавіча Каплуна, камбрыга 2-ой брыгады асобага назначэння. Яна аказалася на тэрыторыі Маларыцкага раёна ў студзені 1944 года. Месцам дыслакацыі брыгады было выбрана ўрочышча “Міхерова” непадалёк ад в.Ляхаўцы. Цэнтр даручыў падпалкоўніку С.П.Каплуну падрыхтаваць пасадачную пляцоўку для самалётаў У-2, а пералёт, пагрузку і дастаўку дэлегацыі з Краёвай Рады Народнай (галоўны орган барацьбы з фашыстамі на тэрыторыі Польшчы), якая імкнулася ўстанавіць сувязі з кіраўніцтвам СССР, – разведчыку Авідзію Гарчакову… Сцяпан Канстанцінавіч сабраў багаты матэрыял на гэтую тэму, патраціўшы шмат часу на пошукі патрэбнай інфармацыі. З ёй краязнаўца і пазнаёміў прысутных.
Тамара Максімук і Сцяпан Бурштын таксама расказалі прысутным, што ў планах іх сумеснага супрацоўніцтва — напісанне гісторыі СВК “Макраны” (з моманту стварэння гаспадаркі да дня сённяшняга). Яна, безумоўна, зацікавіць і будзе карыснай многім жыхарам вёскі. Між іншым, праца па стварэнні гісторыі гаспадаркі пачалася ўжо.
-Гэта мы робім для таго, — гаворыць Тамара Мікалаеўна, — каб застаўся след на зямлі, памяць у сэрцах пра тых, хто на нашых вачах тварыў сваімі працавітымі рукамі гісторыю калгаса, а затым і СВК.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сцяпан Бурштын з тымі, хто прыйшоў на яго краязнаўчы ўрок у Макранскую бібліятэку-філіял.
Фота аўтара. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий