Скульптар салодкіх шэдэўраў

Як ні згадзіцца з мудрымі словамі: “Працэс творчасці дастаўляе радасць творцу, а плён творчасці – радасць іншым”. Прычым не толькі радасць. Так, салодкія шэдэўры маларытчанкі Алены Дзямінскай людзям, з якімі знаходзіцца яна побач, дастаўляюць разам з эстэтычным і смакавае задавальненне.

На кожнае свята ў падарунак дзецям, сваякам, сябрам выпякае яна торты. Здавалася б, што тут незвычайнага? Многія гаспадыні гэта ўмеюць. Але незвычайна тое, што кожны кандытарскі выраб Алены – асобны твор мастацтва, бо масціка, якой упрыгожвае яна торты, у руках маладой жанчыны ператвараецца ў матэрыял для творчасці і рэалізацыі невычарпальнай фантазіі.
Гатаваць розныя стравы Алена, якая нарадзілася на Украіне, шмат гадоў жыла ў Расіі, а потым, сустрэўшы сваю палавінку, пера-ехала ў Беларусь, любіла з самага дзяцінства. І торты час ад часу пякла. Праўда, калі адзначаліся нейкія важныя даты і збіралася ў доме шмат гасцей, на стале заўжды быў торт куплены. Усё змянілася год назад. На чарговы дзень нараджэння сына Данііла мама хацела зрабіць сюрпрыз і заказаць хлопчыку торт, упрыгожаны яго любімымі мульты­плі­кацыйнымі ге­роямі – Чарапашкамі ніндзя. Але ўсе, да каго звярталася, каб зрабіць заказ, адмаўлялі, бо работа гэта была даволі карпатлівая. І тады Алена вырашыла паспрабаваць сама. Адшукала ў інтэрнэце рэцэпты самога торта, розных відаў масцікі і ўзялася за справу. А справа была, хоць, здавалася б, не вельмі складаная – як некалі, у дзяцінстве, з пластыліну, так цяпер з масцікі вылепліваць фігуркі, але ж і не простая. На тое, каб торт набыў пажаданы выгляд, пайшло нямала часу. І ўсё ж Алена справілася. Гэта цяпер той першы выраб, які застаўся ў фотагісторыі сям’і, здаецца ёй зусім просценькім, крыху смешным. А тады гэта быў сапраўдны шэдэўр, яе першая перамога. І, адчуваючы радасць ад таго вясёлага агеньчыка, якім свяціліся вочы сына і іншых дзяцей, яна ўжо добра ведала, што гэта толькі пачатак яе новага хобі. І сапраўды потым быў другі, трэці, пяты, дзясяты яе кандытарскі шэдэўр. І кожны асаблівы, непаўторны. На адным раскрывалі свае пялёсткі ружы, на другім бусел трымаў у дзюбе немаўлятка, трэці меў выгляд кнігі, на чацвёртым ажывала прырода. А колькі казачных герояў “пасяліла” на сваіх смачных “творах” кандытар-аматар. Тут і Мікі Маус, і Чалавек-павук, і Віні-Пух, і Папугай-пірат, і многія іншыя мульты­плі­кацыйныя персанажы.
— Мне вельмі цікава адкрываць для сябе нешта новае. Многаму вучылася з дапамогай майстар-класаў у інтэрнэце, нешта спрабавала сама. Ніколі не хацелася паўтараць тое, што зроблена. А ўсё новае, больш складанае, патрабавала і ведання розных сакрэтаў работы з масцікай, — распавядала Алена.
Магчымасцю адкрыць для сябе вялікі свет творчасці, звязанай з лепкай з масцікі, сталі для Алены заняткі, на якія запісалася яна, убачыўшы аб’яву ў інтэрнэце. Першы жывы майстар-клас даў ёй магчымасць авалодаць мастацтвам вырабу кветак. Як прызнаецца Алена, заўжды думала, што вылепліваць кветкі з масцікі — справа нескладаная. Але першая спроба пераканала ў адваротным. Кветкі атрымліваліся ненатуральныя. А некалькі дзён заняткаў з майстрамі адразу далі вынік. Алена даведалася пра тыя “сакрэты”, якія звычайна ўпускаюцца ў камп’ютарных уроках, пазнаёмілася з прыстасаваннямі, што выкарыстоўваюцца для вырабу кветак, і, вярнуўшыся дамоў, адразу здзівіла сваіх блізкіх чароўнымі архідэямі, ружамі, макамі. Карысным быў і другі курс заняткаў па вырабу скульптурных тортаў. Вырабіўшы сваімі рукамі торт у выглядзе мульцяшнага зайца, вучаніца кандытараў-майстроў згадзілася, што работу з масцікай можна аднесці да сапраўднага мастацтва.
Першыя свае торты Алена ўпрыгожвала масцікай, якую вырабляла сама. Атрымлівалася яна нядрэнным “будаўнічым” матэрыялам для рэалізацыі задум. Але цяпер ужо Алена добра ведае, што дамашняя масціка вельмі адрозніваецца ад вытворчай. Каштуе апошняя не танна, затое і вынік работы зусім іншы. Увогуле масціка такі матэрыял, які не перастае здзіўляць майстра сваімі магчымасцямі. Пры рабоце з ёй галоўнае быць гатовым да эксперыментаў. І Алена не баіцца эксперыментаваць. Зрэдку “ствараць” шэдэўры бярэцца і сын – першакласнік Данііл. А для двухгадовай дачушкі Варвары смачная масціка — гэта і цацка, з якой, пераймаючы ўсё ад матулі, яна спрабуе нешта вылепліваць, і ласунак, бо свой “шэдэўр” можна і з’есці. Занятак дзяўчынкі з масцікай дае магчымасць маме некаторы час рабіць свае справы, а яшчэ такі від лепкі дапамагае развіваць дробную маторыку пальцаў, што для малой вельмі карысна.
— Як знайсці час маме, у якой двое дзяцей, каб не толькі спячы торт, але яшчэ і так дэкаратыўна, з фантазіяй упрыгожыць яго? — не магу стрымацца, каб не спытаць у Алены.
— Было б жаданне, — з усмешкай адказвае яна.
І ўсё ж прызнаецца, што выдзеліць час на любімы занятак сапраўды няпроста. Часцей за ўсё “чараваць” над новым шэдэўрам, калі набліжаецца ў сваіх дзяцей, у хрэснікаў, сваякоў, сяброў дзень нараджэння ці іншая важная дата, даводзіцца ўначы, калі сям’я даўно спіць. Той, хто калі-небудзь рабіў торт, упрыгожаны масцікай, ведае, што вынік, у выглядзе прыгожага і смачнага прадукта, можна атрымаць не раней, як праз суткі. Спачатку рыхтуюцца каржы, крэм, затым гатовы выраб павінен насыціцца, і толькі тады можна прыступаць да ўпрыгожвання.
— Я іншы раз так захаплюся работай, што і світанак сустракаю. Гадзіны пралятаюць непрыкметна. Не адчуваецца нават стомленасць ад бяссоннай ночы.
Ды і якая стомленасць можа быць, калі бачыш шчаслівыя вочы дзяцей, якія з самага ранку бягуць да халадзільніка, каб паглядзець, якой прыгажосцю здзівіць на гэты раз мама. Заўжды чакаюць ад Алены сюрпрызаў і ўсе, хто яе акружае. Іншага падарунка, як торт, нават не хочуць. Самой Алене рабіць такія падарункі — адно задавальненне. Доўга думае над новым “сюжэтам”. Натхненне чэрпае з малюнкаў прыроды, з інтэрнэту, дзе шмат цікавых прыкладаў, з мультфільмаў, якія любяць глядзець яе дзеці. Фантазію ператварае ў рэальнасць з любоўю, укладвае ўсю душу. І вельмі радуецца, калі бачыць, што яе работы падабаюцца самым блізкім людзям. І ў той жа час яе самыя блізкія – муж, дзеці, з’яўляюцца для Алены і самымі важнымі экспертамі. Крытыка, як упэўнена яна, дапамагае ўдасканальваць сваё майстэрства. А ўдасканальванне для Алены – сапраўдная мэта. Яна марыць прайсці яшчэ адзін курс заняткаў, на гэты раз па майстэрству анатамічнай лепкі. Гэта дасць, як лічыць Алена, яшчэ большыя магчымасці здзіўляць тых, каму яна робіць падарунак.
Кандытарскія шэдэўры Алены “жывуць” нядоўга і на памяць застаюцца толькі ў фотаздымках. Але гэта майстра ніколькі не засмучае. Для яе самае галоўнае – энергія, якая ідзе ад шчырай радасці тых, каму рыхтуе яна салодкі сюрпрыз. Нездарма ж гавораць: аддаючы, атрымліваеш значна больш.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Алена Дзямінская з салодкім шэдэўрам – скульптурным тортам.
Фота з архіва сям’і.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий