Тэрапія харчаваннем

Лічыцца, што правільнае, збалансаванае і аптымальнае харчаванне, як і лекавыя сродкі, станоўча ўплывае на працэс выздараўлення хворага. Невыпадкова добры харчблок  параўноўваецца з выдатна абсталяванай лабараторыяй. Таму і роля яму адводзіцца важная.
Многа добрых і шчырых слоў заслугоўваюць тыя, хто працуе на харчблоку Маларыцкай ЦРБ. Пра гэта сведчыць не адзін тэлефонны званок у рэдакцыю. У час апошняга,  напрыклад, выказвалася шчырая падзяка Надзеі Серадзе за выдатна прыгатаваныя стравы пры непасрэдным яе ўдзеле.
— Мы, 9 чалавек бальнічнай кухні, любім усіх без выключэння сваіх хворых, — адзначыла пры сустрэчы Надзея Дзмітрыеўна, медсястра-дыетолаг. – Чым можам ім дапамагчы? Сваёю справаю: тэрапіяй кухні – рыхтуем якаснае і смачнае харчаванне. Разумеем, што для тых, хто на бальнічным ложку знаходзіцца працяглы час, важным з’яўляецца страва. Імкнемся, пры магчымасці,  наблізіць яе да дамашняй. Тут неабходна ўлічыць той факт, што пры розных захворваннях і станах пацыентаў дыетолагі прапісваюць ім адпаведную дыету. Усяго цяпер ва ўстановах аховы здароўя краіны практыкуецца некалькі лячэбных дыет. Спецыялістамі-дыетолагамі ўлічаны асаблівасці кожнай паталогіі. А мы якраз і ўкараняем іх рэкамендацыі ў канкрэтныя стравы.
Усё, што падаецца хворым на снеданне, абед і вячэру ў Маларыцкай ЦРБ, адрозніваецца планавым утрыманнем асноўных харчовых рэчываў і адпаведнай энергетычнай каштоўнасцю, высокай тэхналогіяй прыгатавання і зацверджаным сярэднясутачным наборам прадуктаў, а таксама выдатнымі смакавымі якасцямі… Гэта, між іншым, пастаянна пацвярджаецца заключэннямі вытворчага кантролю, які праводзяць спецыялісты з Брэста. Выхад гатовай прадукцыі заўжды ў норме.
— Імкнемся працаваць бездакорна, — кажа Надзея Серада. – Хоць дагадзіць кожнаму цяжка. Сёння ў 5-ці аддзяленнях мы харчуем 63 чалавекі. Да рэканструкцыі нашай установы аховы здароўя колькасць пацыентаў даходзіла да 173 чалавек. Нехта любіць адны стравы,  другі – аддае перавагу сваім,  для трэціх страва павінна быць добра пасоленая… Таму меню ў нас разнастайнае, па магчымасці імкнемся задаволіць густы кожнага.
Надзея Дзмітрыеўна сваю работу вельмі любіць, ведае, здаецца, усе яе нюансы і тонкасці.
— Я, як кажуць, зубы на гэтым з’ела, — усміхаецца жанчына. – Гэта маё. Ды і хіба ж  можна здрадзіць любімай рабоце? А хворыя? Як без іх?
І сапраўды, багаты вопыт у Надзеі Дзмітрыеўны можна пераймаць, бо працуе на гэтай пасадзе з ліпеня 2001 г.
Нарадзілася на Чарнігаўшчыне (Украіна). У медыцыну прыйшла ў 1972 г. пасля  заканчэння Чарнігаўскага медвучылішча па спецыяльнасці “Фельчар”. Спачатку працавала ў тэрапеўтычным аддзяленні роднага абласнога цэнтра. Хутка выйшла замуж за ваеннага лётчыка. Пачаўся качавы лад жыцця. Таму далейшая геаграфія месца жыхарства і працы надзвычай шырокая. Давялося на некаторы час прапісацца ў г.Міргарад, Венгрыі, Узбекістане, Германіі, у г.Цвер… І ўсюды была на ахове здароўя людзей, адточвала і адшліфоўвала сваё майстэрства. Працавала старанна і самааддана, таму ўсюды заслужана карысталася аўтарытэтам. За добрасумленную працу жанчыну паважалі і цанілі, звярталіся за дапамогай і парадай. А  ў 1999 г. лёс закінуў у Маларыту.
— Цяжка было тут пачынаць жыць, — успамінае Надзея Дзмітрыеўна. – Самым дрэнным было тое,  што ў сілу абставін не магла ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Некаторы час была на замене дыетолагам у я/с № 5 і 1. А потым вызвалілася месца ў ЦРБ. З таго моманту так і працую тут.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Надзея Серада,  мед­сястра-дыетолаг Маларыцкай ЦРБ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий