Адслужыў як трэба і вярнуўся

Дэмбель ва Уладзіміра Цярошына прыпадаў на лістапад 2015-га, таму ўсе гэтыя 11 месяцаў ён, вядома ж, жыў спадзяваннямі на хуткую сустрэчу з роднымі і сябрамі. А калі выйшаў Указ Прэзідэнта нашай краіны аб звальненні ваеннаслужачых у запас, лічыў дні. І вось пятніца 27 лістапада.

— Не магу перадаць словамі свае пачуцці, — успамінае той дзень Уладзімір, — з якімі я ляцеў дамоў. Увесь час лічыў, што дарога ад Слоніма да нашай вёскі Дворышча немалая. А ў той дзень яна здалася мне такой кароткай. Праз некалькі гадзін быў ужо дома. Пашанцавала са спадарожнымі машынамі, якія ехалі на Брэстчыну.
— Цікава было служыць? — пытаюся.
— І цікава, і карысна. Ні адна школа, ні адзін універсітэт, ні адна акадэмія не навучаць таму, чаму навучышся ў арміі. А гэта не толькі вытрыманасць, вынослівасць, самадысцыпліна, уменне падпарадкоўвацца іншым і выконваць загады. Армія — школа самастойнасці. Там няма мамы, якая падшыла б за цябе каўнерык ці форменнае адзенне папрасавала альбо са стала прыбрала пасля таго, як паеў. Рады, што мае ўяўленні пра армію аказаліся куды горшымі, чым усё было на самой справе. Часць, у якой я служыў, — адна з лепшых сярод артылерыйскіх. Там і камандаванне цудоўнае, і харчаванне выдатнае, і сярод таварышаў па службе былі землякі: Міша Трафімук і Рома Гуляй з Маларыты, Саша Касьянка — з Хаціслава.
— А памятаеш свой першы нарад?
— Яшчэ б. Мне ў яго давя­лося заступаць у самы пер­шы дзень службы. Прыехалі ў часць, памятаю, пераапрануліся, прыйшлі з лазні — і я павінен быў заступаць у нарад. Баяўся і вельмі хваляваўся. І ў той жа час стараўся. Усё атрымалася добра. Хаця першыя часы без залётаў немагчыма. Ты ж нічога яшчэ не ведаеш, як трэба па армейскаму статуту.
— Прабач, Уладзімір, за дапытлівасць, а сяброўка на “грамадзянцы” цябе чакала?
— Яе ў мяне на той час не было. І я лічу, што гэта лепш для салдата, чым калі яна ёсць. Менш перажываеш. Думкі сканцэнтраваны толькі на службе.
Трэба сказаць, што Уладзі­мір сапраўды аддаваў сябе службе. Яму было цікава ўсё, ён хутка ўліўся ў армейскі калектыў, і нават доўгія і частыя камандзіроўкі яго як вадзіцеля не стамлялі, а наадварот загартоўвалі.
Камандаванне часці не магло не заўважыць руплівасць ваеннаслужачага, таму заахвочвала яго не толькі часовым звальненнем, але і 20 сутачным водпускам. А праз 8 месяцаў службы бацькі Уладзіміра Аксана і Валянцін атрымалі ад камандзіра часці Пісьмо падзякі за выдатнае выхаванне сына. Прапаноўвалі Уладзіміру служыць у арміі і далей, па кантракту. Пераканаўшыся ў многіх перавагах армейскай службы, ён быў не супраць. Але ўсё ж ”грамадзянка” лепш прыцягвала. Тым больш, што Уладзімір марыў вучыцца далей, каб набыць вышэйшую адукацыю і яшчэ адну спецыяльнасць.
Дарэчы, мара яго здзейсні­лася. Напярэдадні нашай сустрэчы ён прыехаў з Горак. Паспяхова здаў экзамены ў акадэміі, паступіў на завочнае аддзяленне інжынернага факультэта. А яшчэ крыху раней дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства ”Савушкіна” Сяргей Гусак, да якога Уладзімір звяртаўся, прапанаваў юнаку работу ў Олтушы, дзе да службы ў арміі Уладзімір працаваў тэхнікам па рамонце і эксплуатацыі абсталявання малочнатаварных ферм. У яго ж была спецыяльнасць тэхніка-механіка, якую набыў у Пружанскім сельскагаспадарчым каледжы.
Таму 2015-ы Уладзіміру Цярошыну падарыў шмат радаснага і прыемнага.
Што ў юнака ў бліжэйшых планах? Вядома ж, знайсці сваю другую палавінку, закончыць ВНУ, атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць. А жыць ён згодны і ў вёсцы. Яму ж да сельскага жыцця не прывыкаць. У ім ён таксама бачыць свае перавагі.

Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: Уладзімір Цярошын.
Фота з армейскага
альбома

Добавить комментарий


mitsubishi.niko.ua

www.best-cooler.reviews

У нашей организации полезный интернет-сайт со статьями про бутылочки для кормления.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!