Двух сэрцаў адно рашэнне

 Маргарыта і Дзмітрый Цівуновы не думалі, што 2015 год пачне адлічваць стаж іх сямейнага жыцця. І хоць сябравалі даўно, маладыя людзі не прымалі паспешлівых рашэнняў, добра разумеючы, што шлюб — гэта не толькі абмен залатымі пярсцёнкамі, вяселле, пацалункі пад настойлівае “Горка!” Саюз дваіх — гэта вялікая адказнасць. І найперш за таго, каго выбіраеш у спадарожнікі жыцця.

…Ведалі адзін аднаго Рыта і Дзіма яшчэ з маленства. Жылі іх сем’і побач, і малыя разам з іншымі дзецьмі любілі бавіць свой час на гульневай пляцоўцы, што была абуладкавана непадалёк ад іх дамоў. Дзіма часта забягаў да сваёй сяброўкі дамоў, агітуючы яе пакатацца на арэлях ці пагуляць у пясочніцы. Рыта з задавальненнем складала кампанію свайму малому суседу, які, яна добра ведала, заўсёды здольны заступіцца за яе, калі нехта раптам пакрыўдзіць.
Малыя хлопчык і дзяўчынка яшчэ не ведалі тады, што гэтыя цёплыя адносіны паміж імі стануць пачаткам вялікага і светлага пачуцця — кахання, што зародзіцца ў іх сэрцах крыху пазней.
— Вучыліся мы ў розных навучальных установах, — расказвае Маргарыта. – Я — у раённай гімназіі, а Дзіма — у гарадской сярэдняй школе №1. Пасля заканчэння гэтых навучальных устаноў я паступіла вучыцца ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Дзіма — на завочнае аддзяленне Акадэміі міністэрства ўнутраных спраў, уладкаваўшыся пры гэтым на службу ў Маларыцкае аддзяленне Дэпартамента аховы. Карацей кажучы, нашы шляхі-дарогі разышліся. А пасля другога курса я прыехала дамоў на канікулы, і наша дзявочая кампанія сустрэлася ў горадзе з кампаніяй Дзімы. Неяк па-асабліваму мы тады паглядзелі адзін на аднаго. Больш часта адзін аднаму тэлефанавалі, калі я прыязджала дамоў, абавязкова сустракаліся.
Дружба паміж маладымі людзьмі доўжыла­ся 2 гады. А гэтага часу было дастаткова для таго, каб пераканацца, як сумуюць яны адзін без аднаго, як ім не хапае адзін аднаго і як добра, калі яны разам. Сэрца кожнаму давала ведаць, што там пасялілася светлае, шчырае і моцнае пачуццё — каханне.
— 23 мая я прыехала дамоў, прыйшоў Дзіма, — успамінае той дзень Маргарыта. — Як звычайна, доўга гутарылі. Я прыгатавала вячэру. Не магла не заўважыць, што Дзіма не так, як заўсёды, апрануты. Неяк па-святочнаму. І што ён хвалюецца, было прыкметна. Я нават і думкі не дапускала, што Дзіма мае намер зрабіць мне прапанову. А калі ён стаў перада мною на калені і я пачула яго шчырае прызнанне, ад шчасця хацелася плакаць…
У кастрычніку Маргарыта і Дзмітрый згулялі вяселле.
— Нам вельмі пашанцавала ў тым плане, — прызнаецца Маргарыта, — што не давялося вырашаць жыллёвую праблему. Бацькі Дзімы пабудавалі сабе дом, а нам пакінулі кватэру, дзе цяпер і жывем.
А вось сямейныя адносіны маладыя муж і жонка будуюць самастойна. І,як прызналіся, у многім дапамагае прыклад бацькоў, той маральны багаж, што вынеслі яны з сем’яў, у якіх выхоўваліся.
— Не магу ўспомніць, каб мама з татам у прысутнасці нас, дзяцей, сварыліся, зневажаючы адзін аднаго. У канфліктных сітуацыях заўсёды нехта некаму ўступаў. Галоўным і для мамы, і для таты былі інтарэсы сям’і. Яны давяралі адзін аднаму. А калі здараліся нейкія праблемы, вырашалі разам, — дзялілася Маргарыта.
Толькі добрае вынес са сваёй сям’і і Дзіма. Яго бацькі таксама пражылі ў згодзе і ладзе больш чым 20 гадоў.
— Ніхто з нас не застрахаваны ад памылак, — разважае Дзмітрый. — І калі ты сёння нешта зрабіў не так, гэта не трагедыя. Адкінь ад сябе свой гонар, папрасі прабачэння ў сваёй другой палавінкі. А калі нешта і ў яе будзе не так, яна зробіць гэтак жа, як зрабіў ты. Сямейнае шчасце залежыць не ад некага аднаго: мужа ці жонкі, а ад іх абаіх.
— Без непаразуменняў не бывае ў сям’і, — дапаўняе Дзіму Рыта. — І я думаю, што толькі моцнае каханне можа згладзіць іх.
Шчыра кажучы, з замілаваннем слухала разважанні Маргарыты і Дзмітрыя Цівуновых. І хоць іх сям”я яшчэ зусім маладая, ды і самім ім крыху больш за 20, жыццё ў шлюбе не здаецца ім нейкім вясёлкавым. Яны глыбока перакананы, што за надвор”е ў доме ў аднолькавай ступені адказваюць і муж, і жонка.
А на развітанне сямейная пара Цівуновых пажадала ўсім унутранай гармоніі, ажыццяўлення мар. Хто не верыць у каханне, няхай паверыць. Хто расчараваўся, няхай набудзе новыя надзеі!
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: 2015-ы ашчаслівіў Маргарыту і Дзмітрыя ЦІВУНОВЫХ, якія нядаўна стварылі сям”ю.
Фота з асабістага альбома.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


киев доставка воды

там ka4alka.com.ua

kinder-style.com.ua