“ДОМ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ -2010”

Днямі падведзены вынікі раённага конкурсу сярод маладых сямей “Дом з вялікай літары”. Арганізаваны ён быў раённым тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для таго,  каб яшчэ раз прыцягнуць увагу грамадства да праблем маладой сям’і, садзейнічаць умацаванню лепшых сямейных традыцый і пераемнасці пакаленняў, павышэнню  сацыяльнага статусу маладой сям’і, стымуляванню развіцця прысядзібных гаспадарак.
Стартаваў конкурс 1 кра­савіка і пра­водзіўся ў два этапы. На першым этапе спецыялісты Цэнтра пабы­валі па месцы жыхарства кожнай сям’і-удзельніцы,  каб ацаніць творчы падыход у афармленні падворкаў і дамоў, вызначыць лепшыя дваровыя тэрыторыі і падвесці па­пярэднія вынікі ў некаторых намінацыях.
Другі, фі­нальны, этап конкурсу праходзіў у Лукаўскім сельскім Савеце, бо менавіта там жывуць пераможцы конкурсу  “Дом з вялікай літары-2009”. На гэтым этапе канкурсантам давялося праяўляць сябе не толькі ў ролі маладых гаспадароў, але і быць артыстамі, кулінарамі, кандытарамі, майстрамі, выступаючы разам з дзецьмі, для якіх быў прадугледжаны асобны конкурс – юных мастакоў.
Калі гаварыць непасрэдна пра конкурс, ён пераканаў: кожная сям’я моцная,  у першую чаргу, сваёй аб’яд­нанасцю, непаўторная – талентамі,  цікавая — цудоў­ным спалучэннем прыроджанай кемлівасці мужчыны-таты і шчырасці,  цеплыні, адданасці жанчыны-маці. Проста душа радавалася за ўсіх.
Ды і як не радавацца было за сям’ю Васіля і Надзеі Стасюкоў з вёскі Хаціслаў, у выступленні якой адчувалася, што кожны з чатырох “Я” — адно моцнае – “Мы” (нездарма гэтая сям’я стала пераможцай у намінацыі “Тата, мама, я – дружная сям’я”. А ці можна было не захапляцца прыроджанай  гаспадарлівасцю сям’і Тамары і Сяргея Кавальскіх з Лукава, якія перамаглі ў намінацыі “Вясёлая сямейка” (спартыўна-кулінарны конкурс); мудрасцю, раз­важлівасцю і кемлівасцю Андрэя і Наталлі Дземчукоў з в. Арэхава,  якія заваявалі перамогу ў намінацыі “Жыццёвыя загадкі”; тонкім густам і кулінарнымі здольнасцямі Тамары і Аляксандра Шышко з  в. Ланская,  якія перамаглі ў намінацыі “Беларускія прысмакі”; умелымі рукамі  Сяргея і Зінаіды Бледай з в. Дарапеевічы, перамож­цаў у намінацыі  “Гэтыя рукі ствараюць цуд”, творчым падыходам у афармленні тэрыторыі двара Андрэя і Таццяны Яфрэмавых з в. Хаціслаў, якія лідзіравалі ў намінацыі “І лікам, і ўменнем”.
Усе сем’і змаглі цалкам паказаць сябе са­праўднымі артыстамі, прадэманстраваўшы свае таленты ў конкурсе “Стукае музыка ў сэрцы”.
Пра кожную сям’ю можна расказваць асобна і шмат. Журы давялося доўга абмяркоўваць убачанае і пачутае, каб вызначыць пераможцу конкурсу, бо колькасць балаў ва ўсіх удзельнікаў была амаль што аднолькавай. І ўсё ж пераможцай конкурсу сярод маладых сем’яў “Дом з вялікай літары – 2010” стала сям’я Васіля і Надзеі Стасюкоў з в. Хаціслаў.
Хацелася б адзначыць, што цудоўны сцэнарый да свята падрыхтавала мастацкі кіраўнік ГДК Вольга Та­бачкоўская ( яна ж выдатна справілася і з роллю вядучай). Ёй актыўна да­памагалі ра­ботнікі  тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўван­ня насельніцт­ва. Падарылі ўдзельнікам свята прыгожыя песні ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ГДК Алена Жлукта і Алена Палівода.
Ніхто з удзельнікаў конкурсу не застаўся без падарункаў, набыць якія дапамаглі райкам прафсаюза работнікаў АПК, РК ГА “БРСМ”, аддзел па справах моладзі райвыканкама і прыватнае прадпрыемства “Рыта-стыль”.
Ірына РУБЕЛЬ, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Васіля і Надзеі СТА­СЮКОЎ з в. Хаціслаў – пераможца конкурсу “Дом з вялікай літары-2010”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.engi.kiev.ua

surrogacy costs uk

agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!