Загартоўка вайной і вятрамі жыцця

  Калі на парозе дома з’явіліся госці, Сямён Пятровіч Струнец, 90-гадовы юбіляр з вёскі Мельнікі, як гасцінны гаспадар, выйшаў сустрэць іх і правесці ў пакой. А гасцей у яго дом завітала нямала. Павіншаваць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, чалавека працавітага, з багатым багажом не толькі гадоў, але і жыццёвай мудрасці, прыехалі старшыня Хаціслаўскага сельвыканкама Уладзімір Смаль, намеснік начальніка, начальнік аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Іолап, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка.

Словы віншаванняў, падарункі, успаміны… Для Сямёна Пятровіча юбілейная сустрэча стала нагодай, каб пагартаць старонкі кнігі жыцця, успомніць, як юнаком адправіўся на фронт. Да заканчэння вайны заставалася дзевяць месяцаў. І калі ўлічыць, што ні дня не праходзіла без баёў, бо вораг, якому даводзілася адступаць, быў бязлітасным, шлях да перамогі быў доўгім і цяжкім. Артылерыста Сямёна абмінулі варожыя кулі. Ён дайшоў да Берліна, стаў сведкам таго, як быў узяты рэйхстаг. Разам з іншымі святкаваў Перамогу. Напамін пра яго гераічны ваенны шлях – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль “За ўзяцце Берліна”. Як быццам, гэта было ўчора, памятае ён і ваенныя падзеі, і радасны пераможны час. А потым была цяжкая хвароба – не вытрымала хваляванняў сэрца. Ужо ў 1946 годзе Сямён Пятровіч вярнуўся дамоў. 35 гадоў сумленна адпрацаваў ён на Брэсцкай дыстанцыі пуці. Быў пуцявым абходчыкам, затым манцёрам. І сёння памятаюць скрупулёзнага, адказнага работніка ў арганізацыі, дасылаюць віншаванні. Не застаецца ветэран і без увагі кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, Хаціслаўскага сельвыканкама. Але самае галоўнае, што ён пастаянна адчувае клопат самых блізкіх людзей – дачкі Марыі і ўнукаў Генадзя і Людмілы. Менавіта цяпло блізкіх дапамагло яму цярпліва перанесці жыццёвыя трагедыі – смерць дваіх сыноў і жонкі, без якой сам, адзін, жыве ён ужо 16 гадоў.
— Хутка жыццё праляцела, — разважліва заўважыў Сямён Пятровіч і дадаў: — Але не дарэмна.
А госці шчыра пажадалі чалавеку, які з’яўляецца сведкам многіх важных гістарычных падзей, быць здаровым, жыць яшчэ доўга, каб з маладым пакаленнем дзяліцца ўспамінамі, перадаваць ім сваю мудрасць і загартаваны вятрамі жыцця аптымізм.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у гасцях у 90-гадовага юбіляра, ветэрана, інваліда Вялікай Айчыннай вайны Сямёна Струнца.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://zaraz.org.ua

www.imagmagnetsns.ua/magnitnyj-vinil.html

1cs.com.ua/services/cleaning-stations-subway-and-airport/