Добрае сэрца Таццяны

  Ціхая, аддаленая, пастарэлая ўжо, як і яе жыхары, вёсачка Галёўка. Сюды амаль кожны дзень спяшаецца сацыяльны работнік Таццяна Цяліпка. З вёскі Заазёрнай, дзе яна жыве, да Галёўкі — восем кіламетраў. Летам хутка пераадольвае іх жанчына на веласіпедзе, а зімою яе выручае асабісты аўтамабіль. Ён і час эканоміць, і прадуктаў можна прывезці больш, бо бывае ў Галёўцы сацыяльны работнік у чатырох хатах, дзе яе чакаюць адзінокія састарэлыя людзі. 

Сустрэцца з Таццянай Яўлогіеўнай мы дамовіліся ў доме яе падапечнай Кацярыны Парфір’еўны Крэнь. У невялікую зялёную хатку да бабы Каці сацыяльны работнік на апошнім тыдні наведваўся амаль штодня. Хоць да падапечнай, якая захварэла, прыехала дачка з Брэста, без памочніцы Таццяны яны абысціся не маглі. У вёсцы машыну знайсці няпроста, а хворую бабулю трэба было завезці да ўрача ў Ланскую, затым у райцэнтр. І хоць такога роду паслугі не ўваходзяць ні ў адзін пералік, але чыста па-чалавечы адмовіць Таццяна Яўлогіеўна не магла. Ды і ніколі, як прызнаецца, не рабіла і не ставіць бар’ер паміж тым, што ўваходзіць у яе абавязкі, і тым, што рабіць яна зусім не абавязана. А ўсё таму, што душою хварэе за сваіх падапечных, для яе яны, як свае бацькі, да якіх можна адносіцца толькі з клопатам і павагай.
— Як для мяне, дык Таццяна Яўлогіеўна, сацыяльны работнік, які дапамагае ва ўсіх хатніх справах маёй маці, чалавек проста незаменны, — прызнаецца Марыя Васільеўна, дачка бабы Каці. – Жыву я ў Брэсце, у Галёўку магу прыехаць не часцей, як раз у тыдзень. А бывае, не атрымліваецца паехаць і два-тры тыдні. Хоць патэлефаную, распытаю, як справы, здароўе, але ж усё роўна душа баліць і сэрца непакоіцца. Маці ж ужо больш за восемдзесят гадоў. Думкі не пакідаюць, як там яна адна? А патэлефаную Таццяне Яўлогіеўне, пагутару, яна раскажа, што ўсё добра, што і настрой у матулі нядрэнны, і артэрыяльны ціск у норме, і ў доме ўсё зроблена — і адразу супакойваюся.
У дом Кацярыны Парфір’еўны сацыяльны работнік наведваецца два разы на ты-дзень. У пакоях прыбярэ, з хлява, які далёка ад дома, дроў прынясе, у магазін заедзе, усё неабходнае купіць, вады наносіць, са склепа бульбу, моркву набярэ, каб у падапечнай усё пад рукой было. Але самае галоўнае — выдзеліць паўгадзіны, каб пагутарыць, навінамі падзяліцца, не толькі пра тое, што ў вёсцы і раёне робіцца, расказаць, але і пра падзеі ў свеце. Для пажылога чалавека, які, асабліва ў зімовы час, абмежаваны сценамі свайго дома, гэта самае значнае, важней нават за дапамогу ў хатніх справах.
— Прызнаюся, не-не ды і рэўнасць у душу закрадзецца, калі маці расказвае, што Таццяна і тое ёй раіла, і аб тым расказвала, і гэтак казала рабіць, а не інакш. Слухае яна сваю памочніцу бясспрэчна. Аўтарытэт для яе сацыяльны работнік. І з просьбай любой да яе звяртаецца, а не да мяне. Пытаюся, можа, лекі нейкія прывезці трэба. А яна адразу спыняе мяне: “Не, мне ўжо ўсё Таццяна прывезла”, — расказвае Марыя Васільеўна.
А баба Каця толькі ўсміхаецца. І нахвальвае сваю памочніцу.
— Сапраўды чулая яна, цярплівая. Мне без яе дрэнна было б. Добра, што служба такая ў раёне ёсць. Старым жа патрэбна дапамога.
На абслугоўванні Таццяны Цяліпка 8 пажылых адзінокіх людзей. Чатыры з іх жывуць у Заазёрнай. Хоць хвалюецца сацыяльны работнік за кожнага падапечнага, бо, вядома, усе яны людзі пажылыя, каму 70, каму ўжо 80 і больш гадоў. Але тыя, хто жыве ў яе вёсцы, можна сказаць, заўжды на віду, а вось у суседні населены пункт яшчэ даехаць трэба. Таму за сваіх галёўскіх старых сацыяльны работнік непакоіцца яшчэ больш. І калі збіраецца ехаць, абавязкова абзвоніць, пацікавіцца, што прывезці. І ў доме кожнага стараецца затрымацца даўжэй. А як жа інакш? Разумее, што ім не хапае ўвагі і звычайных зносін з людзьмі. Так, яе падапечная Марыя Сямёнаўна Братчук ходзіць толькі з мыліцамі. Сын жыве ў Брэсце, дачка — у Бярозе. Вядома, прыязджаюць зрэдку. А таму сацыяльны работнік у яе доме – гэта адзіная сувязь з навакольным светам. Ёсць у Таццяны Яўлогіеўны падапечная, якая на хутары жыве. Да яе зімою сацыяльны работнік без рыдлёўкі ўвогуле не едзе. Дабярэцца да фермы, да якой дарога яшчэ расчышчана, а далей пешшу: у руках сумкі з прадуктамі і рыдлёўка, якой дарогу ад снегу вызваляе.
— Я не магу не прыйсці, бо ведаю, што мяне чакаюць, — заўважае Таццяна Яўлогіеўна.
За сваё добрае сэрца, за здольнасць не дапускаць канфліктных сітуацый, за ўменне заўжды знайсці выйсце ў складанай сітуацыі сацыяльны работнік пастаянна чуе словы падзякі. Вось і нядаўна ў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прыйшоў ліст ад падапечных жанчыны, якія прасілі ад іх імя падзякаваць сацыяльнаму работніку і заахвоціць Таццяну Яўлогіеўну за яе стараннасць. Між іншым, ганаровыя граматы ад адміністрацыі сацыяльнай службы раёна, Маларыцкага райвыканкама за добрасумленную працу Таццяна Цяліпка атрымлівала ўжо не раз. Сацыяльны работнік заслугоўваў высокай ацэнкі і за ўменне арганізоўваць вырашэнне бытавых праблем, і за адданасць сваёй справе, і што знаходзіцца ў лідарах па аказанні падапечным разавых платных сацыяльных паслуг, і за тое, што неаднойчы выходзіла ў прызёры ў конкурсе “Лепшы па прафесіі сацыяльны работнік”.
26 гадоў Таццяна Яўлогіеўна працуе сацыяльным работнікам. Многіх яе падапечных, на жаль, даўно ўжо няма сярод жывых. Смерць кожнага з іх для сацыяльнага работніка — гэта чарговае перажыванне гора, бо ўсе яны за доўгі час становяцца сваімі.
— Можа, хто і здольны ставіцца да людзей па-іншаму, а я не магу. Я некалі ад маці пачула: “Жыць трэба так, каб людзі казалі: “Дай табе Бог здароўя”, — заўважае Таццяна Яўлогіеўна.
Так яна і жыве. Стараецца для людзей, часам ахвяруе дамашнімі справамі, спяшаецца, клапоціцца, хвалюецца. І не таму, што чакае слоў падзякі. Проста інакш не можа.

Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: сацыяльны работнік
Таццяна Цяліпка са сваёй падапечнай.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


еще по теме

steroid-pharm.com

Этот популярный портал на тематику кованые ворота киев.