ГАРАНТАВАНАЕ ДЗЯРЖАВАЙ ПРАВА

Тыя, хто ўзяўся будаваць уласны дом, добра ведаюць, чаго гэта сёння варта. І перш за ўсё ў фінансавым плане. Бо, на жаль, цэны пастаянна змяняюцца і на будаўнічыя матэрыялы, і на віды работ, без якіх дом не дом. Прычым, не ў бок змяншэння. У выйгрышы тут аказваюцца гаспадары, у якіх залатыя рукі, а гэта значыць, што пэўны аб’ём работ яны могуць якасна выканаць самі. А вось таму, каму за ўсё даводзіцца плаціць, трэба мець мільярды. Наша дзяржава як сацыяльна арыентаваная ў шэрагу выпадкаў дапамагае тым, хто будуецца, у вырашэнні матэрыяльных праблем. Скажам, многія маладыя сем’і маглі скарыстацца льготным крэдытам. Ну а тыя, у каго чацвёра і больш дзяцей, былі заахвочаны яшчэ лепш: кааператыўныя кватэры і індывідуальныя жылыя дамы многім з іх былі пабудаваны за крэдыты, разлічвацца за якія самім сем”ям не давядзецца. Толькі за апошнія 5 гадоў 30 шматдзетных сем”яў з нашага раёна атрымалі добраўпарадкаванае жыллё, пабудаванае за дзяржаўныя грошы. У ліку іх сем”і Алены Люльковіч з Хаціслава, Валерыя Швайко і Святланы Кіпінь з Гор, Русланы Сцепанюк з Чарнян, Сяргея Альшэўскага з Паўлопаля, Васіля Вараб”я з Дарапеевіч, Івана Шалковіча з Нікольскай і многія іншыя. Каб пераканацца, што гэта за жыллё, як успрымаюцца такія дарагія падарункі ад дзяржавы ў саміх шматдзетных сем”ях, напярэдадні навагодніх свят пабывалі ў некаторых з іх.

Дом Івана і Таццяны Шалковічаў з Нікольскай, у параўнанні са старымі хатамі, якіх большасць у тутэйшай вёсцы, здаецца палацам: вялікі (агульная плошча яго — 142 метры квадратныя), прыгожы, дагледжаны. Вакол дома — дыхтоўная агароджа, у двары — некалькі вялікіх хлявоў. …Гаспадар сям’і Іван, які адчыніў дзверы на наш званок, ветліва запрашае прайсці ў дом. Знаёміцца з умовамі, што створаны ў ім, пачынаем з кухні. Яна светлая, прасторная: 19 квадратных метраў. Насупраць кухні — зала, таксама вялікая і прасторная. Гаспадары ўдакладняюць, што яна займае 27 квадратных метраў. Далей — жылыя пакоі, тры з якіх — для дзяцей. Іх жа ў Івана і Таццяны — пяцёра: чатыры сыны і дачка. Хлопчыкі Іван, Уладзіслаў, Андрэй і малы Цімафей, як няцяжка было пераканацца, вельмі і вельмі задаволены, што амаль у кожнага з іх ёсць свой уласны пакой, дзе прыгожая мэбля і ўсё неабходнае, каб займацца, выконваць хатнія заданні, а калі-нікалі разам з малым Цімафеем і пагуляць. Ёсць у доме і ўсе бытавыя ўмовы. І , як адзначалі гаспадары, ён вельмі і вельмі цёплы. Цікаўлюся, ці шмат было недаробак, калі будаўнікі дом здавалі. — Не, не трэба крыўдаваць. Будаўнікі стараліся. Хаця, вядома, нешта дараблялі і перараблялі і мы самі. Тым больш, што наймаць каго-небудзь не трэба было. Я з задавальненнем усё рабіў сваімі рукамі, — расказваў Іван. Сам ён дабудоўваў і хлявы, якіх у двары не адзін. Шалковічы — гаспадары працавітыя, трымаюць немалую гаспадарку, каб мець усё сваё. — Сям’я ж вялікая, таму свае прадукты — гэта моцная падмога, — перакананы Іван. Што і казаць, пабудаваць самім Шалковічам такі дыхтоўны дом было б не пад сілу. Ды і наўрад ці знайшлося б у іх сямейным бюджэце 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў, што былі затрачаны на будаўніцтва дома. Таму яны шчыра ўдзячны дзяржаве за такі цудоўны падарунак. А крэдытныя рэсурсы, выдзеленыя банкам на індывідуальнае будаўніцтва, будуць вяртаць не Шалковічы, а на працягу 40 гадоў дзяржава. Самі ж гаспадары дома плацяць цяпер толькі за камунальныя і іншыя паслугі. Такім жа правам на льготнае жыллё скарысталіся ў свой час і сем’і Валерыя і Надзеі Швайко, Уладзіміра і Святланы Кіпінь з Гор. У прыватнасці, Надзея, з якой нам давялося сустрэцца і гутарыць, таксама не ўтойвала сваёй радасці ад таго, што іх шматдзетная сям”я мае магчымасць жыць у такім цудоўным доме. — 113 квадратных метраў займае наша жыллё. У ім 4 прасторныя жылыя пакоі і такая ж вялікая кухня. Ёсць ванная, туалет. Дом вельмі цёплы. Пакуль мы ацяпляем яго самі, але ёсць надзея, што ў хуткім часе і да нас будзе падведзены газ, ва ўсякім выпадку пра гэта размова ідзе, — дзялілася Надзея Швайко. — Без перабольшвання скажу, што, маючы такія выдатныя ўмовы, якія цяпер ёсць у нас у доме, можна і дзесяць дзяцей гадаваць. Задаволены сваімі жыллёвымі ўмовамі і ў сям’і Святланы Кіпінь, якая таксама жыве ў Горах. Калі нам захацелася сфатаграфаваць іх дом, знайшлі яго вельмі хутка. На вуліцы Светлай такі дыхтоўны ён адзін. Мяркуючы па парадку ў двары (на жаль, гаспадароў дома не засталі), і тут любяць працаваць, шануюць тое, што бясплатна дасталася. А на такія дарагія падарункі шматдзетныя сем’і , у якіх нарадзілася чацвёра і больш дзяцей, могуць разлічваць толькі ў нас у дзяржаве. Ірына КАСЦЕВІЧ. На здымках: дружнай і вялікай сям’і Івана і Таццяны Шалковічаў утульна ў новым з усімі выгодамі доме, які летась яны атрымалі; так выглядае дом, дзе жыве шматдзетная сям’я Кіпіняў з Гор. Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 2 от 13.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий