Вялікае малако СВК “Дарапеевічы”

Нягледзячы на зіму, гаспадарка б’е рэкорды  па  сярэднясутачных  надоях малака на карову, валавая вытворчасць якога за дзень дасягае 218 цэнтнераў, што на 30 цэнтнераў больш, чым  у СВК “Арэхава” і ДзП “Радзежскае” разам.  

Пачынаючы з сярэдзіны снежня мінулага года, жывёлаводы СВК “Дарапеевічы” не толькі дагналі раённага лідара па сярэднясутачных надоях малака на карову — сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”, але і пераўзышлі яго дасягненне амаль на паўкілаграма. Вось і ў дзень нашага наведвання гаспадаркі за дзень да Новага года тут даілі на карову па 20,6 кілаграма малака. І гэта, запэўніла загадчыца фермы “Дарапеевічы” Раіса Козел, яшчэ не мяжа. Галоўнае, каб каровы не хварэлі і давалі здаровы прыплод. А падставы для такой упэўненасці ёсць. І мацуюцца яны не пустымі словамі, а канкрэтнымі справамі. “Малако ў каровы на языку”, гавораць у народзе. І аспрэчваць гэта, упэўнена, наўрад ці хто возьмецца. Вядома ж, ніхто не скідвае з вагаў і такія фактары як генетыка жывёлы, яе ўтрыманне, сучасныя тэхналогіі. Але галоўным фактарам павышэння прадуктыўнасці кароў было і застаецца іх кармленне. У СВК “Дарапеевічы” з гэтым праблем няма. Нягледзячы на мінулагодняе сухое лета, тут змаглі нарыхтаваць гадавы запас сенажу і кукурузнага сіласу. Згодна з рацыёнам кармлення, кожная карова ў гэтыя зімовыя дні атрымлівае па 30 кілаграмаў кормасумесі, дзе, акрамя сянажна-сіласнага фуражу, ёсць яшчэ шроты і канцэнтраты. Іх кожная карова атрымлівае адпаведна па 1 і 5 кілаграмаў. Таму і малака яны зімой тут даюць столькі, колькі некаторыя гаспадары ад сваіх і летам не атрымліваюць. Прычым кормяць грамадскі статак строга па распарадку двойчы на дзень: раніцай – з 7 да 9 гадзін і днём — з 15 да 17, дзе задзейнічаны механізатары Сяргей Навумчык і Мікалай Міхальчук. Бесперабойную работу кормараздатчыка забяспечвае Віктар Іолап. Важна адзначыць яшчэ, што для кожнай групы жывёлы ў сельгаскааператыве складзены асобны рацыён. Каровы, якія знаходзяцца ў запуску, напрыклад, менш чым дойныя атрымліваюць сіласу і кам­бі­кармоў і больш сенажу. А шрот у іх рацыё­не ўвогуле адсут­нічае. Затое салому ў дастатковай колькасці спажывае ўся жы­вёла. У СВК “Дарапеевічы” каровы атрымліваюць таксама мінеральныя дабаўкі, а сухастойныя яшчэ і лізунцы. Распавядаючы пра складаемыя вялікага малака гаспадаркі ў гэтыя зімовыя месяцы,нельга не адзначыць і такі важны фактар, як расцёлы кароў. У снежні летась, тут атрымана 174 цяляці, што на 72 галавы больш, чым у першы зімовы месяц у 2014 годзе. — І ўсё гэта дзякуючы нашаму тэхніку-асемянатару Алене Семянюк, якая пачынала сваю працоўную біяграфію ў 1999 годзе памочнікам тэхніка-асемянатара, а зараз сама можа многаму навучыць маладых спецыялістаў, — гаворыць загадчыца фермы. — У яе выхад цялят на 100 кароў складае 90 галоў, у той час як па гаспадарцы ў цэлым – 84. Ёсць у агульным поспеху і заслуга галоўнага ветурача Аляксандра Васільчука. Выпускнік Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, які ў свой час быў накіраваны на работу ў СВК “Дарапеевічы”, прыжыўся тут і ўжо без малога 6 гадоў клапоціцца аб здароўі грамадскага статка. Непасрэднымі ўдзельнікамі вытворчага працэсу з’яўляюцца аператары машыннага даення кароў. Прыкладам адносін да работы для іншых на ферме “Дарапеевічы” з’яўляюцца Галіна Мамчур, Людміла Кіцель і Алена Жук. Гэтых працавітых жанчын прасіла сфатаграфаваць і адзначыць у матэрыяле загадчыца фермы Раіса Козел. Бо менавіта на такіх жывёлаводах трымаецца галіна і дзякуючы такім забяспечваецца якасць малака. Дарэчы, у гэтыя зімовыя месяцы малако на ААТ “Савушкін прадукт” сельгаскааператыў рэалізуе толькі гатункам экстра і вышэйшым, што таксама працуе на ўмацаванне эканомікі гаспадаркі. Надзея ЯЦУРА. На здымках: амаль 6 гадоў пра здароўе грамадскага статка клапоціцца галоўны ветурач Аляксандр Васільчук; аператары машыннага даення кароў Людміла Кіцель і Галіна Мамчур; тэхніка-асемянатара Алену Семянюк любяць і маленькія цяляткі; не першы год працуе на ферме аператарам Алена Жук. Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 2 от 13.01.16 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.