РАЗЫНАЧКІ СВЯТА БЕГУНОЎ

З чаго пачынаецца Міжнародны маларыцкі марафон? Можна па-рознаму адказаць на гэтае пытанне. Адны скажуць, са складання календара спаборніцтваў, другія — з бяссонных ночаў галоўнага яго арганізатара, бяззменнага дырэктара Мікалая Фёдаравіча Германюка, якому заўсёды даводзіцца нямала папрацаваць, каб арганізаваць марафон. А, можа, з усіх нас, жыхароў горада, якія кожны раз з хваляваннем чакаюць гэтае непаўторнае свята бегуноў, без якога немагчыма ўявіць Дзень горада. Ды і не сакрэт, што менавіта маларыцкі марафон стаў бацькам Дня горада, якога раней не было. Усё гэта так, і ўсе пералічаныя моманты, без сумнення, з’яўляюцца галоўнымі атрыбутамі марафона. І мы да гэтага паспелі прывыкнуць. Але 27-ы Міжнародны маларыцкі марафон даў новы адказ на пастаўленае ў самым пачатку пытанне. Позна вечарам, калі ўсе ўдзельнікі марафона рыхтаваліся адпачываць, у інтэрнат ліцэя зайшоў вельмі стомлены,  але задаволены чалавек і першыя яго словы былі такія: “Я з Краснаярска. Дабіраўся да вас чацвёра сутак і ўсё ж  дабраўся”. Так Уладзімір Пуштарэкаў сваім мужным учынкам,  жаданнем стаць удзельнікам маларыцкага марафона даў новы адказ на пытанне: з чаго пачынаецца наш марафон. Безумоўна ж, з прыезду гасцей, непасрэдных яго ўдзельнікаў. І калі па традыцыі беларусы былі прадстаўлены ўсімі абласцямі і сталіцай абавязкова, дык Украіна прыемна здзівіла. Да звыклых гарадоў Роўна, Львоў, Чаркасы, Сарны дабавіліся Сімферопаль, Кіеў, Цярнопаль, Пустамыты. Такога прадстаўніцтва з украінскага боку не мае ніякі беларускі прабег.

Пастаянны ўдзельнік маларыцкага марафона 81-гадовы Валянцін Захарэвіч з Чаркас так выказаў свой настрой: “К государству-соседу,  радость чтоб разделить, в Малориту приехал марафон покорить”.
Вось з такім энтузіязмам і нецярпеннем чакалі гэтае свята бегуноў як самі яго ўдзельнікі, так і ўсе маларытчане. І чаканні іх апраўдаліся. У першую чаргу пашанцавала з надвор’ем. На змену дажджу,  які быў напярэдадні, свяціла па-асенняму цёплае сонца,  што ўзнімала настрой бегуноў. І пасля традыцыйнага шэсця калон па гораду пад барабанны пошчак, урачыстага, з гімнам, адкрыцця марафона і запальвання агню, першымі стартавалі самыя юныя ўдзельнікі – выхаванцы дзіцячых садоў. І тут усё было як у дарослых: кубкі, медалі, салодкія прызы і, вядома ж, пераможцы. Сярод хлопчыкаў мацнейшым аказаўся Міхаіл Гармаш з Брэста, сярод дзяўчынак — Арына Матузка (дзіцячы сад № 2 г. Маларыты).
Шмат дзе бываць мне даводзі­лася за сваю бегавую біяграфію, удзельнічаць у самых розных прабегах, але такой колькасці юных удзельнікаў марафона нідзе не бачыў. Таму гэта разыначка маларыцкага марафона, якая з’яўляецца свайго роду прэлюдыяй асноўнага старту, які не прымусіў сябе чакаць. Адначасова пад выстрал стартавага пісталета ў двух накірунках стартавалі бегуны на дыстанцыях 2 і 10 кіламетраў, а таксама на дыс­танцыі класічнага марафона — 42 кіламетры 195 метраў.
На дыстанцыі 2 кіламетры сярод хлопчыкаў абсалютным пераможцам стаў Андрэй Шалудзька з Пружан, сярод дзяўчынак – Аліна Кавалевіч таксама з гэтага горада. Пакуль бегуны спраўляліся з доўгімі дыстанцыямі, традыцыйна прайшлі лёгкаатлетычныя эстафеты. У раённай эстафеце мацнейшымі былі бегуны з Макранскай сярэдняй школы,  другое месца заняла каманда раённай гімназіі, трэцяе – Чарнянскай школы.

А вось чэмпіёнам вобласці ў эстафетным бегу стала каманда з Брэста, апярэдзіўшы бегуноў з Пружанскага і Ляхавіцкага раёнаў.
На дыстанцыі 10 кіламетраў абсалютным пераможцам стаў Сяргей Берднік з Брэста. Яго вынік 32 хвіліны 34 секунды. Сярод жанчын перамагла Ірына Бахоўская, таксама з Брэста. На гэтай дыстанцыі вызначыліся і маларыцкія бегуны ва ўзроставай групе 1990 года нараджэння і старэйшыя. Першае месца заняла Галіна Галавей. Ва ўзроставай групе 60 – 64 гады не знайшлося роўных Аляксандру Лапшыну. Яны былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі. Дыплом за другое месца атрымаў Іван Алесік (узроставая група 60 – 64 гады).
Самыя галоўныя прызы разы­грываліся ў марафонскім бегу. Тых, хто жадаў атрымаць галоўны прыз у суме 1 мільён рублёў, хапала як сярод мужчын, так і сярод жанчын.

Апошнія гады марафонцы не радавалі добрымі вынікамі, летась наогул пераможца не выйшаў з 2 гадзін 40 хвілін. На гэты раз добры прызавы фонд адыграў сваю ролю, таму вынік пераможцы Дзмітрыя Дзеразенкі з Ліды – вельмі дастойны: 2 гадзіны 27 хвілін 32 секунды. Як сказаў сам пераможца: “Я не займаюся прафесійным бегам,  але паспрабаваў і адразу ж   перамог”. Сярод жанчын перамогу атрымала Наталля Грыгор’ева з Брэста, імя якой сярод лёгкаатлетаў добра вядомае (яе вынік — 3 гадзіны 01 хвіліна 18 секунд).
Адразу чацвёра маларыцкіх марафонцаў пакаралі гэтую цяжкую дыстанцыю, і ўсе паспяхова яе пераадолелі. Прычым, Сяргей Шаўчук заняў першае месца ў групе да 20 гадоў (яго вынік — 3 гадзіны 19 хвілін 53 секунды). У той дзень Сяргей паспяхова памяняў спартыўную хадзьбу на бег.
Таксама паспяхова вярнуўся ў марафон і Павел Лысенка, які спрабаваў пераадольваць марафонскую дыстанцыю яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Ён таксама паказаў добры вынік – 3 гадзіны 29 хвілін. Павел Лысенка лішні раз даказаў усім, што вярнуцца да здаровага ладу жыцця ніколі не позна. Таму жадаючым паступіць гэтак жа, ёсць на каго раўняцца.
Свой другі марафон прабег і Пётр Лявак з Хаціслава. Паспяхова фінішаваў і Аляксандр Лядзінскі, у якога гэта быў 66-ы марафон.
Варта сказаць, што чацвёра марафонцаў з Маларыты – гэта добры паказчык і далёка не мяжа.
27-ы Міжнародны маларыцкі марафон паспяхова фінішаваў, стаўшы ўжо гісторыяй. Пераможцы і прызёры павезлі дамоў шматлікія ўзнагароды, госці і жыхары нашага горада атрымалі на памяць сімвалічныя каляндарыкі. І ўжо не было ніякага сумнення ў далейшым лёсе Міжнароднага маларыцкага марафона. Гаспадары рады былі запрасіць усіх бегуноў на 28-ы па ліку марафон,  а госці не забылі выказаць не толькі словы падзякі, але і захапленне ад нашага горада, які памаладзеў і папрыгажэў.
Аляксандр СЯРГЕЕЎ.

Добавить комментарий


посмотреть iwashka.com.ua

http://designedby3d.com/product-category/overwatch/d-va/

Нашел в интернете важный веб сайт , он рассказывает про тампоны.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!