“У родны горад на спатканне з маладосцю»

Папулярнасцю ў гара­джан і гасцей райцэнтра штогод нязменна карыстаецца асенні кірмаш. Многія туды ў першую чаргу і накіроўваюцца. На вуліцах Паўднёвая і Школьная раней назначанага тэрміну ўжо бойка ішоў гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй, якая сёлета добра ўрадзіла на землях СВК раёна. На зіму гараджане закуплялі ў асноўным бульбу, буракі, моркву, цыбулю,  зерне… А за капустаю ўтварылася нават вялікая чарга. Куплены стратэгічны запас гараджане адносілі ў руках і на плячах, вывозілі на веласіпедах, тачках, машынах. Але асноўныя гандлёвыя рады, як звычайна, размясціліся на Савецкай і Паркавай, якія на час правядзення мерапрыемства часткова сталі пешаходнымі зонамі. Своеасаблівы ажыятаж назіраўся ля палатак ААТ “Брэстадзенне”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, а асабліва – ля “Брэстабутакгандаль”,  дзе ахвотна куплялі зімовы абутак. Вялікім попытам карысталіся і саджанцы. Пры жаданні можна было набыць яблыні (15 гатункаў, 1 штука – 15 тысяч), грушы (5 гатункаў, 20 тысяч), вішні (2 гатункі, 20 тысяч), абрыкосы (2 гатункі, 25 тысяч), слівы (1 гатунак, 15 тысяч), чарэшні, персікі, парэчкі, грэцкі арэх, якія на кірмашы прапаноўвалі ІП з Салігорска (Мінская вобласць), Пружан і в.Хідры Кобрынскага раёна. Многія затрымліваліся на некаторы час ля гаршкоў з хрызантэмамі. Іх насычаная колерная палітра радавала вока сваёй незвычайнасцю і чароўнасцю. Для тых, хто любіць рыбу, жывым карпам (кошт 1 кг  — ад 5000 да 6300 руб.) гандлявалі рыбгас “Сакалова” (Жабінкаўскі раён) і ПМС (г.Маларыта). Аднак пераважная большасць палатак належала райспажыўтаварыству, дзе быў прадстаўлены тавар у шырокім асартыменце. Нельга было прайсці міма, не спыніўшыся ля гандлёвай кропкі магазіна № 38 (в.Масевічы). Іх “тэрыторыя” адразу выдзялялася сярод іншых  палатак густоўным афармленнем. Незвычайныя персанажы, зробленыя з таго, што вырасла на агародзе і ў лесе, прываблівалі да сябе ўсіх, хто праходзіў міма, асабліва — дзяцей. Многія на некаторы час тут спыняліся, фатаграфавалі. Такія цуды-фрагменты з народных казак стварылі прадаўцы разам з загадчыцай магазіна Нінай Гапанюк. Але генератарам ідэі стала Святлана Барысюк. Шчыравала над кампазіцыяй таксама і яе калега Вольга Чухніна.

-Хацелася людзям проста падарыць радасць, — дзеліцца думкамі Святлана Антонаўна, — каб яны ўсміхнуліся, забылі свае нягоды. Негатыўнага і так многа ў жыцці, а ў нас – светлая і радасная казка. Амаль такую ж кампазіцыю мы прадстаўлялі і на абласных дажынках, але да раённага мерапрыемства яе  вырашылі трошкі змяніць. Многія сёння, нічога так і не купіўшы, падыходзілі і казалі дзякуй за нашу багатую фантазію.
На пляцоўцы ля гарадскога Дома культуры ўстановы адукацыі горада і Мельніцкая БШ, Цэнтр народнай творчасці, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтр пазашкольнай работы разгарнулі выставу-продаж, дзе можна было набыць і паглядзець на тое, што створана рукамі пегагогаў і дзяцей. Як заўжды, многа карыснага можна было пабачыць і неабходнага для сябе купіць у СШ №2. Іх прадукцыя ўласнай вытворчасці карысталася попытам. “І якасна, і танна”, — так казалі тыя, хто нешта набываў тут. Аднак па выніках, што былі падведзены, першыя месцы сярод устаноў адукацыі журы прысудзіла  гандлёваму раду-выставе Мельніцкай БШ (дырэктар Іван Шышук) і я/с № 2 (загадчыца Марына Нікіфарава). Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.
Не забылі арганізатары свята і пра юных гараджан. Для іх былі прадугледжаны розныя забавы. Але найбольшай папулярнасцю карыстаўся батут і страйкбольны цір.
Для тых,  хто выйшаў у цэнтр горада проста адпачыць, добра правесці вольны час, свае паслугі прапаноўвалі шматлікія “бістро” пад адкрытым небам. У невялічкіх кам­паніях за кубкам кавы абмяркоўваліся набалелыя пытанні. Людзі дзяліліся радаснымі навінамі, планамі на будучае, некаторыя — проста спявалі. Святочны настрой надаваў і Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам  Валерыя Коваля, які на працягу некалькіх гадзін на прыступках ГДК выконваў папулярныя і любімыя творы.

— Дзень горада для мяне, — дзялілася думкамі Марыя Кірсанава, — магчымасць зноў прыехаць у Маларыту і сустрэцца з аднакласнікамі. Цяпер мы бачымся рэдка. Свае сем’і, дзеці, праца… Жыццё параскідала па розных куточках краіны. Але першая субота кастрычніка для нас – гэта чырвоная дата ў календары, традыцыя. Кідаем усё і ляцім у родны горад на спатканне са сваёй маладосцю. І хай ужо амаль пад сорак, але прыкметна памаладзелы гарадок  маладзіць душу і сэрца ўсім, хто сюды прыязджае. Змены ўразілі і здзівілі. Адсюль не хочацца ад’язджаць.
Матэрыялы падрыхтавалі
Ірына КАСЦЕВІЧ і Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: у Доме культуры і на вуліцах райцэнтра ў дзень свята.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і Мікалая НАВУМЧЫКА.

Добавить комментарий


steroid-pharm.com

www.photolifeway.com/designer/50-stock-foto
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!