Дапамагае кінезітэрапія

Кожнаму дзіцяці для нармальнага развіцця з першых гадоў вельмі патрэбна актыўная дапамога дарослых. А калі дзіця “асаблівае”, калі ёсць пэўныя праблемы псіхафізічнага развіцця, звычайных формаў работы, заняткаў, якія дапамагаюць развівацца іншым дзецям, будзе недастаткова. Псіхолаг са шматгадовым стажам Іна Сцяпанаўна Булатава, якая мае практыку работы з рознымі катэгорыямі кліентаў і ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя на прыватную практыку, заўжды знаходзіць новыя, даступныя ў прымяненні падыходы і методыкі. Адна з іх – кінезіялогія.
— Кінезіялогія – навука аб развіцці галаўнога мозга праз рухі, — расказвае Іна Сцяпанаўна. — Гэтая навука шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце і з’яўляецца цікавым накірункам сучаснага натуральнага аздараўлення. Яна выкарыстоўвае мышачнае тэсціраванне ў якасці дыягнастычнага сродку і камбінацыю разнастайных рухальных тэхнік для дапамогі чалавеку.
Няўжо рухальная актыўнасць можа нейкім чынам паўплываць на развіццё інтэлекту дзіцяці? — здзівяцца многія бацькі. А вось псіхолагі добра ведаюць, што з дапамогай рухаў можна ўдасканальваць здольнасці чалавека ці карэкціраваць праблему ў розных абласцях псіхікі. Рухі дапамагаюць развіваць памяць, успрыманне, мысленне, ўвагу. І ўсё таму, што актывізуюцца розныя аддзелы кары вялікіх паўшар’яў мозга.
— Адзінства мозга складаецца з дзейнасці двух яго паўшар’яў, якія цесна звязаны паміж сабой сістэмай нервовых валокнаў. Развіццё міжпаўшарнага ўзаемадзеяння з’яўляецца асновай развіцця інтэлекту, — дзеліцца тэарэтычнымі ведамі Іна Сцяпанаўна. І робіць гэта для таго, каб данесці да бацькоў важную інфармацыю, якая можа засцерагчы ад памылак:
— Часта таты і мамы, жадаючы каб іх дзіця было самым разумным, у самы спрыяльны перыяд для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека, а гэта ўзрост ад 3 да 9 гадоў, замяняюць псіхалагічнае развіццё дзіцяці інфармацыйным, вывучаючы матэматыку, мовы, іншыя навукі.
У такім заўчасным навучанні, на думку псіхолага, ёсць значная доля рызыкі, бо кара вялікіх паўшар’яў мозга дзіцяці яшчэ канчаткова не сфарміравана, і ў выніку адзін участак яго можа развівацца хутчэй за кошт другога. Гэта прыводзіць у далейшым да непаспяховасці ў навучанні, дрэннай памяці, праблем у эмацыйнай сферы, цяжкасцяў у адаптацыі дзіцяці ў калектыве.
Працуючы ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Іна Сцяпанаўна прыходзіць на дапамогу многім дзецям і іх бацькам. І кінезіялагічныя практыкаванні лічыць адным з неабходных элементаў поспеху. У першую чаргу пры рабоце з дзецьмі, у якіх ёсць асаблівасці развіцця, такія, як парушэнне мовы, апорна-рухальнага апарату, інтэлектуальная недастатковасць, затрымкі псіхічнага развіцця. Такія дзеці хутка стамляюцца ў сваёй дзейнасці, не могуць сканцэнтраваць увагу, дрэнна запамінаюць інфармацыю. З дапамогай розных традыцыйных і нетрадыцыйных методык, у тым ліку кінезіялагічнай, спецыяліст стараецца развіць здольнасці дзіцяці, скарэкціраваць праблему. Практыкаванні, якія выкарыстоўваюцца, простыя і зразумелыя для дзяцей. Яны развіваюць дробную маторыку рук, мышцы языка і вачэй, дапамагаюць кантраляваць дыханне. Кожны від практыкаванняў, як лічыць Іна Сцяпанаўна, заслугоўвае асаблівай увагі. Да прыкладу, дыхальныя практыкаванні. Яны вельмі важныя ў рабоце з дзецьмі, якія заікаюцца, ці такія праблемы, як трывожнасць, агрэсія, бо паляпшаюць рытміку арганізма, развіваюць адвольнасць. А ўменне адвольна кантраляваць дыханне развівае самакантроль над паводзінамі. Псіхолаг раіць сярод звычайных відаў дзейнасці выкарыстоўваць тыя, што развіваюць рытміку арганізма. А гэта скачкі на батуце, язда ка кані, затрымка дыхання ў час нырання ў басейне. Вокарухальныя практыкаванні дапамагаюць пашырыць поле зроку, палепшыць успрымальнасць, а разам з тым актывізаваць працэс навучання.
Рухі цела і пальцаў таксама дапамагаюць агульнаму развіццю.
— Цікавы той факт, што чалавек можа думаць, не рухаючыся з месца. Але для замацавання думак яму патрэбны рух, — дзеліцца тонкасцямі псіхалогіі Іна Сцяпанаўна. – У выніку руху ў час разумовай дзейнасці будуюцца нейронныя сеткі, якія дазваляюць замацаваць новыя веды. Бацькам варта памятаць: нерухомае дзіця не навучаецца.
Нярэдка, як заўважае псіхолаг, бацькі нават не задумваюцца над тым, што іх дзіця гадзінамі статычна сядзіць ля тэлевізара, і добрага ў гэтым вельмі мала. Калі дзіця мала рухаецца, яго мозг развіваецца марудна. А навярстаць упушчанае будзе вельмі складана.
У любой сітуацыі, калі бацькі з самага ранняга ўзросту пачынаюць заўважаць, што паводзіны іх дзіцяці адрозніваюцца ад паводзін аднагодкаў, лепш за ўсё звярнуцца да псіхолага. Дапамога гэтага спецыяліста важная і ў той перыяд, калі дзіця ідзе ў школу, і ў падлеткавым узросце. Якой будзе методыка аказання дапамогі, вызначыць сам спецыяліст. Галоўнае – не чакаць, што ўсе праблемы пройдуць з часам самі сабой.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час заняткаў.

Опубликовано ГЧ  20.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.