Плюсы “масажнай кушэткі”

Прызнацца, калі атрымала накіраванне ўрача на лячэбную працэдуру “Масажная кушэтка”, была прыемна здзіўлена. Што такі від масажу ёсць у санаторыях, ведала даўно. А вось што ў раённай бальніцы закуплена неабходнае абсталяванне і такая працэдура даступна кожнаму, было навіной.
І вось мая першая працэдура. Медыцынская сястра па масажу Ларыса Захожая падказвае, як заняць на масажным ложку правільнае становішча, расказвае, што ў норме я павінна адчуць. Ад яе даведваюся, што галоўны механізм кушэткі складаецца з няфрытавых ролаў, якія рухаюцца ад шыйна-каўняровай зоны да сядалішчнага нерва. І вось я ўжо адчуваю, як механізм “прасуе” маю спіну, падымае розныя аддзелы пазваночніка, потым пачынае расцягваць, і мне здаецца, што мой рост павялічваецца … І тут асэнсоўваю ўсё, што расказвала Ларыса Аляксандраўна напярэдадні працэдуры:
— Комплексная масажная сістэма “Дзюзон-7000” з дапамогай двух незалежных адзін ад аднаго няфрытавых праектараў выконвае паравертыбральны масаж, затым ролы разыходзяцца і праводзіцца мануальная тэрапія. Акрамя таго, праектар спыняецца для кропкавага масажу. Эфект дае і інфрачырвонае выпраменьванне, якое не толькі прагравае, але і насычае кроў кіслародам, аказваючы ўздзеянне тым самым на ўвесь арганізм.
Трыццаціхвілінная працэдура завершана. Адчуваю лёгкасць не толькі ў спіне, але і ва ўсім целе. Дзялюся сваімі ўражаннямі з медсястрой па масажу. Яна працягвае пераконваць мяне ў плюсах масажнай кушэткі. Акрамя пазваночніка, інфрачырвонае выпраменьванне, як аказваецца, уздзейнічае яшчэ і на ступні ног. Паколькі ў ступнях знаходзяцца нервовыя канчаткі ўсіх важных органаў, аздараўленне атрымлівае ўвесь арганізм.
Цікаўлюся ў Ларысы Аляксандраўны, пры якіх захворваннях паказана працэдура “Масажная кушэтка”. Высвятляецца, што карысная яна не толькі пры праблемах апорна-рухальнай сістэмы, але і пры захворваннях нервовай, бронха-лёгачнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, эндакрынных захворваннях, хваробах органаў стрававання, мочапалавой сістэмы, захворваннях скуры. Ёсць, праўда, і супрацьпаказанні. У іх ліку непераноснасць працэдуры, вострыя запаленчыя захворванні ўнутраных органаў, агульнабалявы сіндром, грыжы міжпазванковых дыскаў памерам больш за 4-5 мм, нестабільнасць пазванкова-рухальных сегментаў, стан пасля аперацыі, астэапарозы пазваночніка.
Патрэбна пацыенту такая працэдура ці не, абавязкова вызначае ўрач, які лечыць. Ён і дае накіраванне, вызначае працягласць працэдуры, якая можа доўжыцца ад 30 хвілін да гадзіны.
Многія пацыенты, як расказвае Ларыса Аляксандраўна, хвалююцца, што цяпло, якое даюць інфрачырвоныя промні, можа быць шкодным для арганізма. І адразу папярэджвае, што награвальныя элементы ў комплекснай масажнай сістэме экалагічна бясшкодныя і бяспечныя для здароўя пацыента.
Прашу Ларысу Аляксандраўну як масажыста са шматгадовым стажам даць сваю ацэнку ролікаваму масажу ў параўнанні з ручным.
— Эфект абодвух відаў масажу, можна сказаць, аднолькавы: узмацняецца кровазварот, расслабляюцца мышцы. “Масажная кушэтка” – гэта яшчэ і мануальная тэрапія, а ў ручным масажы дакрананне рук, вядома, больш прыемнае, — тлумачыць Ларыса Аляксандраўна.
Платную паслугу масажнай кушэткі наша цэнтральная раённая бальніца аказвае ўжо другі год. Спачатку пра такі від масажу мала хто ведаў. Таму і запатрабаваны ён быў не так, як цяпер. За 11 месяцаў гэтую працэдуру прайшлі амаль 150 пацыентаў. Многія, ведаючы, што эфект ёсць толькі тады, калі пра сваё здароўе клапаціцца рэгулярна, прыходзяць на “масажную кушэтку” праз пэўны час. Як рэкамендуе Ларыса Аляксандраўна, пасля 10 атрыманых працэдур, паўтараць масаж трэба праз 4 месяцы, пасля 15 працэдур – праз паўгода.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: напачатку сеанса ролікавага масажу.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ от 20.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://photolifeway.com

http://tokyozakka.com.ua

у нас www.booker.in.ua