Што пасееш, тое і пажнеш…

Свет вакол становіцца больш жорсткім. Гэтую фразу мы паўтараем усё часцей і часцей. І цяпер ужо здзіўляемся не таму, што малады чалавек не прапусціў на ўваходзе ў будынак пажылога ці не ўступіў жанчыне месца ў транспарце, а наадварот, што нехта ўсё ж зрабіў так, як належыць выхаванаму чалавеку. Рэдка хто сёння асмеліцца на вуліцы ці ў пад’ездзе зрабіць заўвагу кампаніі маладых людзей, якая вельмі гучна гамоніць, брыдкасловіць, зневажае іншых. Бо ў адказ на простую заўвагу часцей за ўсё трэба чакаць агрэсіі. Выключаны камп’ютар, калі дзіця захоплена гульнёй, можа стаць у сям’і прычынай трагедыі, а заўвага настаўніка вучню ў школе — прывесці да жорсткай помсты.
Чаму і мы самі, і дзеці нашы становімся больш жорсткімі? Вядома, прычын шмат. Гэта і фільмы, якія з самага маленькага ўзросту вучаць дзяцей, што толькі сіла дае лідарства і поўную ўладу. Гэта і інтэрнэт-гульні, у якіх у віртуальным свеце арганізоўваюцца крывавыя баі, ідзе жорсткая вайна. Гэта і наша рэчаіснасць, у якой нярэдка падменьваюцца каштоўнасці. Але ў значнай ступені вінаватымі ў тым, што дзіця не ўмее правільна паводзіць сябе сярод іншых, становімся мы, бацькі.

У гэтым яскрава пераканаў факт, які меў месца ў адной з навучальных устаноў горада і быў агучаны на апошнім у мінулым годзе пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.
…Дзесяцігадовы школьнік часта скардзіўся маме, што яго крыўдзяць аднакласнікі. Нехта штурхаецца, нехта кпіць, нехта школьныя прылады забірае. Каб падтрымаць сына, маці не знайшла іншага спосабу, як пакласці хлопчыку ў партфель газавы балончык. Праўда, дзіця, відаць, так і не зразумела, у якіх выпадках трэба выкарыстоўваць гэты сродак абароны. Для яго балончык быў цікавай цацкай, якой няма ні ў каго іншага. На адным з перапынкаў хлопец выпрабаваў, як працуе яго “зброя”. Калі памяшканне класа запоўнілася газам з балончыка, у школе забілі трывогу і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі. Сюды давялося прыйсці і маці маленькага хулігана, на якую быў складзены адміністрацыйны пратакол. І хоць усё абышлося без ахвяр, але ці можна да такога факта адносіцца спакойна. Сама маці, якая, безумоўна, служыць для сына аўтарытэтам, дала яму ў рукі даволі не бясшкодную рэч, тым самым запэўніўшы дзіця, што абараняць сябе можна любым сродкам. І хто ведае, ці не апынецца праз пэўны час у партфелі школьніка электрашокер, нож ці іншая зброя. Такую занепакоенасць выказвалі бацькі яго аднакласнікаў. Страшна ўявіць, што будзе, калі, абараняючы сваё дзіця, кожны з бацькоў дасць сыну ці дачцэ падобны “сродак асабістай бяспекі”.
Можа, ужо час задумацца над старой, але мудрай прымаўкай: “Што пасееш, тое і пажнеш”. Калі, клапоцячыся аб тым, каб дзіця ніхто не пакрыўдзіў, вучыць яго думаць толькі пра сябе, быць жорсткім, можна вырасціць эгаіста, які потым не пашкадуе і саміх бацькоў. Ці не лепш зрабіць больш разумна і з дзяцінства выхаваць у дзіцяці любоў да спорту. Нават у нашым невялікім гарадку ёсць секцыі баявых мастацтваў. З малых гадоў можна навучыцца прыёмам таэквандо, набыць баксёрскія навыкі. Прычым, у гэтых спартыўных секцыях не будуць вучыць біць іншага, а навучаць правільна абараняцца, быць цярплівым і дысцыплінаваным. Дзіця зразумее, што для абароны ёсць шмат іншых сродкаў, акрамя зброі. І, калі вырасце, абавязкова скажа бацькам дзякуй.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 4 от 20.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Ковры киев fashioncarpet.com.ua/
Coin Valley платит

https://alfaakb.com