Лікбез для макранскіх жыхароў

Супрацьпажарная акцыя, арганізаваная абласным упраўленнем Міністэрства
па надзвычайных сітуацыях з удзелам РАЙАДДЗЕЛА МНС, прайшла ў Макранах.

Зіма  — час, калі, на жаль, значна павялічваецца колькасць пажараў. Па сумнай статыстыцы ў сельскай мясцовасці яны здараюцца ў два разы часцей, чым у горадзе. Таму маштабныя прафілактычныя мерапрыемствы, якія былі арганізаваны абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з удзелам раённых аддзелаў, вырашана было правесці менавіта ў сельскіх населеных пунктах вобласці.  У нашым раёне месцам правядзення сельскага сходу па пытаннях папярэджання пажараў была абрана вёска Макраны. І зноў жа не выпадкова. Летась на тэрыторыі сельсавета здарылася 9 пажараў, у час якіх не абышлося без ахвяр.А значыць, тэма бяспекі для мясцовых жыхароў вельмі актуальная.

Напэўна, калі б сельскі сход быў стандартным мерапрыемствам са звычайнай прафілактычнай размовай, ён сабраў бы ня­шмат вяскоўцаў. А грандыёзная акцыя, якая была арганізавана ў вёсцы ў пятніцу, 15 студзеня, закранула ў прамым сэнсе кожны дом. Пачалося ўсё з наведання прафілактычнымі групамі домаўладанняў вяскоўцаў. Інспектараў цікавіла наяўнасць у дамах макранскіх жыхароў пажарных апавяшчальнікаў, бяспека пячнога ацяплення, электраправодкі. А ў той час, пакуль праводзіўся рэйд, ля сельскага Дома культуры праходзілі паказальныя выступленні супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзеці і дарослыя знаёміліся з сучасным абсталяваннем, якое дапамагае выратавальнікам-пажарным хутка аказваць неабходную дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду. Тут жа можна было прымераць баявое абмундзіраванне выратавальніка і паўдзельнічаць у фотасесіі. Члены маладзёжнага грамадскага аб’яднання выратавальнікаў-пажарных прапаноўвалі лістоўкі і буклеты з важнымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі, а прадстаўнікі добраахвотнага пажарнага таварыства знаёмілі з выставамі наглядна-выяўленчай прадукцыі і сродкаў пажарнай бяспекі. Аб тым, што ў зале СДК вяскоўцаў чакае карысная размова, паведамляў прапагандысцка-агітацыйны аўтамабіль, які курсі­раваў па макранскіх вуліцах. І людзі спяшаліся на сустрэчу.
Адкрываючы сельскі сход, на­чаль­нік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сі­туацыях Канстанцін Шаршуновіч адзначыў, што мэта мерапрыемства – паспрыяць таму, каб кожны вясковец задумаўся аб тым, да якіх трагедый прыводзіць пагарджанне патрабаваннямі бяспекі. Навучыць быць пільнымі і неабыякавымі не толькі да сябе, але і да свайго суседа, знаёмага, аднавяскоўца.
Яскравым пацвярджэннем таго, што вельмі часта сам чалавек — віноўнік пажару, стаў відэафільм “Бяспека ў кожны дом”. Ігнараванне правілаў пажарнай бяспекі, калі выкарыстоўваецца няспраўнае пячное ацяпленне, не звяртаецца ўвага на патрабаванне абсталя­ваць сваё жыллё аўтаномным пажарным апавяшчальнікам, калі бацькі не клапоцяцца аб тым, каб у рукі дзяцей не траплялі запалкі, прыводзіць да ўзнікнення пажараў, у агні якіх гінуць людзі.За мінулы год на тэрыторыі Брэсцкай вобласці быў зарэгістраваны 1101 пажар, агонь забраў больш за 80 чалавечых жыццяў. Прычынай больш за паловы пажараў было неасцярожнае абыходжанне з агнём, прычым у большасці выпадкаў пры курэнні ў ложку. Менавіта гэта было прычынай і многіх пажараў, якія здараліся на тэрыторыі Маларыцкага раёна, у тым ліку і Макранскага сельсавета, пра што гаварылі і старшыня Макранскага сельвыканкама Барыс Самасюк, і начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач. Яны прыводзілі прыклады, растлумачвалі памылкі.
На ўзроўні дзяржавы пытанням бяспекі надаецца вялікая ўвага. Створаны і працуюць наглядальныя камісіі, праводзяцца агляды домаўладанняў, шмат увагі надаецца ачыстцы вёсак ад дамоў, што пустуюць. Гэта акрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока. Але намаганням дзяржавы павінна садзейнічаць і асабістая неабыякавасць людзей, у першую чаргу, як падкрэсліваў, працягваючы дыялог аб бяспецы, начальнік райаддзела міліцыі Віталь Ганчарук, у пытаннях барацьбы з алкагалізмам. Незагашаны акурак цыгарэты ў руцэ п’янага чалавека – найбольш распаўсюджаная прычына трагедыі.
Самае страшнае, да чаго нельга прывыкнуць, з чым нельга змірыцца, аб чым нельга слухаць без эмоцый і болю, – гэта смерць дзяцей у агні. “Цана імгнення” – менавіта так называўся фільм, які прымусіў многіх у зале выцерці слязу. Нярэдка некалькі хвілін дастаткова, каб шчаслівае жыццё апаліла вогненнае гора. Бацькі, якія згубілі ў час пажару сваіх дзяцей, у адчаі раяць іншым: не пакідайце дзяцей адных. Магчыма, не здарылася б трагедыя, калі б у доме, нярэдка на самым бачным месцы, не знаходзіліся побач з пачкам цыгарэт запалкі. Пазбаўляцца ад такога граху, як курэнне, якое не толькі скарачае жыццё самога курыльшчыка, але і можа прывесці да гібелі іншых людзей, заклікаў усіх, хто курыць, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі айцец Віктар. Дзіця, як адзначыў ён, пазнаючы свет, бярэ прыклад з дарослага. А значыць гэты прыклад павінен быць толькі добры.
Не магла застацца без увагі арганізатараў мерапрыемства і такая важная тэма, як паводзіны на лёдзе. Больш актуальнай яна стала з надыходам першых маразоў. Лёд быў яшчэ зусім тонкі, а на рэкі і вадаёмы паспяшаліся ўжо людзі, у першую чаргу дзеці. Папярэджаны – значыць узброены. А таму ў выступленнях акцэнт быў зроблены не толькі на неабходнасць прытрымлівання важных правілаў бяспекі, але і канкрэтныя парады на той выпадак, калі чалавек усё ж трапіць у праталіну. Увазе вяскоўцаў быў прапанаваны відэафільм “Паводзіны на лёдзе”.
Кожнаму ўдзельніку мерапрыемства было прапанавана паў­дзельнічаць у анкетаванні. А яшчэ вяскоўцаў чакаў прыемны сюрпрыз. Прадстаўнікі рэспубліканскага дзяржаўнага гра­мадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” правялі розыгрыш латарэі і ўручылі чатыром шчасліўцам, якім выпаў прыз, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час прафі­лактычнага мерапрыемства.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано  ГЧ № 5 от23.01.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.