Прэстыж чыгуначнікаў

У Мінскім аддзяленні чыгункі вызначылі лепшых па прафесіі сярод дарожных майстроў і манцёраў пуці рэспублікі. У іх ліку і маларытчане, чыгуначнікі з Брэсцкай дыстанцыі пуці №6.

Юрый Ханчук, манцёр пуці, прайшоў у фінал спаборніцтваў і заняў выніковае першае месца.
— У галіновым конкурсе “Лепшы па прафесіі” ўдзельнічаў ужо ў чацвёрты раз, — гаворыць Юрый Мікалаевіч. – Першы раз заняў трэцяе месца, 2 разы быў на другім. І вось толькі цяпер заваяваў першае месца сярод манцёраў пуці аддзяленняў ва ўпраўленні Беларускай чыгункі. Гэта ганарова і адказна адначасова.
Між іншым, Юрый Ханчук закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. На чыгунцы працуе з 2005г.
У конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод дарожных майстроў упершыню прымаў удзел і Леанід Галюк. Ён стаў лепшым па выніках спаборніцтва Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. На трэцім, заключным этапе, паказаў другі вынік. Дасягнутае Леанідам Іванавічам – пацвярджэнне яго майстэрства і прафесіяналізму.
Леанід Галюк родам з в.Добрасава. Пасля заканчэння 8-мі класаў Макранскай СШ паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Набыць тут сярэдне-спецыяльную адукацыю хлопец марыў ужо з другога класа. Ён, як і бацька Іван Антонавіч, хацеў працаваць толькі на чыгунцы. Падабаліся цягнікі, прывабліваў стук колаў, быў у захапленні ад формы праваднікоў. Пасля службы ў арміі вярнуўся на малую радзіму. У 1984г. уладкаваўся на працу брыгадзірам на прыпыначным пункце “Мельнікі”. У снежні 1999 г. пайшоў на павышэнне. Як адукаванага спецыяліста яго назначылі дарожным майстрам. Дарэчы, у Леаніда Галюка ў працоўнай кніжцы зроблены толькі адзін запіс аб прыёме на работу.
— Галоўнае ў нашай працы — трымаць ўсе элементы пуці ў бяспечным стане, захаваць планавы і бесперабойны рух цягнікоў з хуткасцямі, што ўстаноўлены, — кажа Леанід Іванавіч, — а таксама своечасова выконваць папераджальныя работы, прадухіляць прычыны, што выклікаюць няспраўнасці пуці, землянога палатна. Клапоцімся мы і пра захаванне бяспечнага руху цягнікоў і транспартных сродкаў на пераездах, устанаўліваем пуцявыя, сігнальныя знакі і даглядаем за імі… Але ўсё ж такі галоўны наш абавязак – захаванне бяс­пекі руху цягнікоў і пе­равозкі пасажыраў і гру­заў. Адказнасць вялікая, бо гэта ў першую чаргу жыццё людзей. Мы імкнёмся выяўляць недахопы і хутка іх ліквідаваць. Пратэрмінаваныя дэфекты не павінны быць. Цягнікі ж рухаюцца па графіку і чакаць нас не будуць. Для іх галоўнае – якасны шлях у любы час.
Дарэчы, два гады таму Леанід Галюк узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: манцёр пуці Юрый Ханчук і дарожны майстар Леанід Галюк. Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 7 от 30.01.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!