Народжаны ў СССР

У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя слава пра брыгаду меліяратараў Аляксандра Бажко з МПК-8 і яе дасягненні грымела па ўсёй Беларусі, а сам брыгадзір быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені.

І « “Зоркавы вымпел імя Юрыя пГагарына”, якога ўдарная бры­гада была ўдастоена за поспехі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве, прыходзіцца на гэты ж час. Высокую ўзнагароду брыгадзіру ПМК-8 Аляксандру Бажко на нарадзе перадавікоў меліярацыі ў Маскве ў 1983 годзе ўручыў наш праслаўлены зямляк двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Пётр Клімук. На гэтым усесаюзным форуме было таксама шмат цікавых сустрэч. Падчас іх меліяратар з беларускай глыбінкі распавядаў сваім новым знаёмым з Прыбалтыкі, Украіны і Нечарназем’я пра тое, за кошт чаго брыгадзе ўдаецца працаваць, апярэджваючы час, і пакараць новыя рубяжы. У прыватнасці, пра прыстасаванне для папярэдняй засыпкі труб пасля іх укладкі ў траншэю, якое прыдумалі самі. Ды і пра іншыя новаўвядзенні, дзякуючы якім не толькі працаваць было лягчэй, але і хутчэй весці пракладку ганчарнай трубкі, эканоміць час пры яе развозцы па ўчастках, не забыў расказаць брыгадзір. І пра ўзаемазамяняльнасць у невялічкім калектыве, якая дазваляла выконваць работу зменшаным складам – без памочніка машыніста экскаватара. Яго абавязкі падзялілі паміж сабой брыгадзір і трубаўкладчыцы.
А за тры гады да гэтай падзеі як адзін з лепшых калектываў “Галоўпалессеводбуда” брыгада ў складзе машыніста Івана Дзем’янюка, брыгадзіра Аляксандра Бажко, трубаўкладчыц Любові Рыкавай, Марыі Сакалюк і Кацярыны Максімук (на ніжнім здымку) за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве была прэміравана шматкаўшовым экскаватарам ЭТЦ-202, зробленым з сабранага піянерамі металалому, аб чым сведчыў і лаканічны надпіс на кабіне машыны “Піянеры Беларусі – меліяратарам Палесся”…

Вось што пісала пра работу “Калектыву камуністычнай працы” (такое званне самым лепшым прысвойвалася ў бытнасць СССР) ў адным з красавіцкіх нумароў 1984 года «Сельская газета», друкаваны орган Цэнтральнага Камітэта кампартыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР :
“ Выдатна працуе на Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі – меліярацыі беларускага Палесся брыгада па ўкладцы ганчарнага дрэнажу Маларыцкай ПМК-8 трэста “Брэстводбуд”, якую ўзначальвае Аляксандр Бажко. Напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет СССР меліяратары гэтага калектыву рапартавалі аб выкананні плана адзінаццатай пяцігодкі – укладцы 300 кіламетраў дрэнажу. За сваю добрасумленную працу брыгада ўзнагароджана ганаровым вымпелам з адлюстраваннем першага ў свеце лётчыка-касманаўта Юрыя Гагарына, ёй уручаны пераходны Чырвоны сцяг Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі…” А побач — фотаздымак невялічкага згуртаванага калектыву на фоне гэтага сцяга. Усе маладыя, моцныя, з заўзятым агеньчыкам у вачах, з прагай жыцця і стварэння. І яны стваралі, працавалі, апярэджваючы час. А кожная перамога і ўзнагарода за яе толькі натхнялі на пакарэнне новых вышынь. Дарэчы, у 1984 годзе ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені быў удастоены і сам брыгадзір, які на той час без адрыву ад вытворчасці закончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, дзе атрымаў дыплом тэхніка-меліяратара.
Пажаўцелыя ад ча­су газеты і вы­разаныя з іх артыкулы, сярод якіх і мая замалёўка той пары пад зага­лоў­кам “Брыгадзір”, не толькі распавядаюць пра працоўныя поспехі брыгады. Гэта яшчэ і цудоўны светлы напамін пра тыя і сапраўды ўдар­ныя і поўныя маладога энтузіязму дні на Усесаюзнай камсамольскай будоўлі па асушэнні палескіх багнаў і балот, на якіх пасля правя­дзення меліярацыі закаласіла збажына. А яны, ні­быта Юрый Гагарын у космасе, былі ў ліку пер­шапраходцаў. Праўда, на зямлі. Хоць сам Аляксандр Бажко да ўсяго гэтага ад­носіцца зусім пра­заічна: маўляў, што ў гэтым ге­раічнага? Проста ён, як і яго сябры ў патрэбны час аказаўся ў патрэбным месцы. Як гавораць, патрапіў у струмень, які называўся меліярацыя.

Аляксандр — карэнны маларыт­чанін. Тут жа ў 1970 годзе за­кончыў дзесяцігодку. Са школьных гадоў найбольш запомнілася перасяленне ў новы будынак. Было гэта пасля зімовых канікулаў. І для сямікласніка Сашы Бажко, як і для іншых вучняў, якія дагэтуль займаліся ў старым будынку першай гарадской школы, падзея гэтая і сапраўды была знамянальнай. Дзеці не маглі нарадавацца прасторным светлым класам, новай мэблі і шырокім калідорам. А самае галоўнае: у іх з’явіўся свой кабінет. Такое не забываецца
Як і ва ўсіх юнакоў Савецкага Саюза, была ў жыцці Аляксандра Бажко і служба ў арміі, на якую ён быў прызваны праз некалькі месяцаў пасля заканчэння сярэдняй школы. Праходзіў яе рослы маларытчанін ў ваенна-марскім флоце. Сувязістам. Гэтую спецыяльнасць хлопец набыў у вучэбцы ў Нікалаеве.
— За паўгода заняткаў дысцы­плі­не навучылі так, што я асабіста пасля заканчэння “вучэбкі” фізіку ў школе пры 5-бальнай сістэме ве­даў бы на ўсе 6, — успамінаў падчас нядаўняй сустрэчы Аляксандр.
Пасля “вучэбкі” быў Мурманск і Паўночны флот, а праз паўгода – старшы матрос баявой часці сувязі Аляксандр Бажко знаходзіўся ўжо ў Міжземным моры. Пра той час ён распавядаў зусім мала: і не толькі таму што служыў у баявой часці сувязі і абслугоўваў засакрэчаную апаратуру, многае за даўнасцю часу проста забылася. Ды і рамантыкі ў суровых флоцкіх буднях, калі месяцамі наўкола толькі вада, не надта многа. Што тычыцца кар’ернага росту, то закончыў ён службу на флоце ў якасці старшага каманды. Як напамін пра той час у скрыначцы разам з ордэнам за працу былы марак захоўвае значок “За дальні паход”…
— Калі вярнуўся са службы, уладкаваўся на работу ў ПМС-115. Была некалі ў нас такая арганізацыя, — распавядаючы пра свае жыццёвыя сцежкі-дарожкі, гаварыў Аляксандр Іванавіч. – Манцёрам па разборцы пуці: драўляныя шпалы замянялі на жалезабетонныя. Працаваў там пакуль не сустрэў сваю Васільеўну…

Мужчына пяшчотна абняў сваю другую палавінку, якая ўва­жліва слухала нашу размову. І растлумачыў, што менавіта дзя­куючы Любе, якая прыехала на работу ў Маларыту пасля заканчэння Мінскага медвучылішча №1 за некалькі гадоў да яго дэмбелю, і нібыта чакала яго, каб пазнаёміцца і адружыцца з ім, Аляксандр Бажко у патрэбны час аказаўся ў патрэбным месцы. Так-так. Гэта жонка была ініцыятарам яго паступлення на курсы экскаватаршчыкаў. А ў 1975 годзе пасля месяца заняткаў у Чарнаўчыцкім вучэбным камбінаце Аляксандр прыйшлў працаваць у ПМК-8. За стараннасць, высокую адказнасць, уменне ладзіць з людзьмі, якія кіраўніцтва калоны адразу заўважыла ў маладым работніку, праз 2 гады ён быў прызначаны брыгадзірам. Крыху пазней, зноў жа дзякуючы надзейнаму тылу дома, разам са сваім невялічкім калектывам са світання да змяркання працаваў на меліярацыйных аб’ектах.

Спачатку была “Асіпаўка”, пасля “Гаравіца”, торфаўчасткі “Чапяляціца” і “Карпін”. І на кожным з гэтых аб’ектаў брыгада Аляксандра Бажко працавала з апераджэннем. Замест планавых 420 метраў у дзень укладвала дрэнажную трубку на 500-600 метрах. У выніку ж на 2-4 кіламетры заўжды перавыконвала месячнае заданне. Прычым толькі пры высокай якасці работ. І так 13 гадоў запар.
Радасна было ў брыгадзіра на сэрцы, калі на аб’ектах, дзе нядаўна яшчэ быў бруд, вільгаць і цяжкая фізічная праца, вясной зелянелі ўсходы, а летам каласілася збажына. Значыць, недарэмнай была справа, якой яны займаліся. На жаль, пазней, калі ў СССР грымнула перабудова, а за ёй і распад вялікай краіны, пра меліярацыю пачалі неапраўдана забываць. Незапатрабаванымі аказаліся і людзі гэтай прафесіі. Нібы некалі экскаватар па балоце, так прайшліся тыя змяненні ў краіне і па людскіх лёсах. Не прамінулі яны і майго героя.

Каб годна жыць і ўтрымліваць сям’ю, у якой тады ўжо рос сын, як мужчына, муж і бацька, Аляксандр не стаў чакаць лепшых часоў, а сабраў неабходныя дакументы і адправіў іх у Ліепайскую базу акіянічнага рыбнага флоту. Была такая некалі ў СССР. Як, гавораць, вырашыў успомніць маладосць. Так у снежні 1988 ён зноў адправіўся ў першае пасля службы на флоце плаванне. Цяпер, праўда, гэта была ўжо работа, якая доўжылася па паўгода з адным -двума заходамі ў порты. Для непадрыхтаванага чалавека яна, вядома ж, была цяжкая і нязвыклая. Ды толькі не для колішняга марака, хоць і тут не ўсё так проста. Вялікіх грошай на марскіх паходах Аляксандр Бажко не зарабіў. Затое свету пабачыў з лішкам. І я па-добраму зайздросціла яму, калі ён называў краіны і порты, у якіх пабываў, бо ніколі не пабачу іх. Маўрытанія, Аргенціна, Канарскія астравы, Куба і яе сталіца Гавана з цудоўным пясчаным пляжам без канца і краю на беразе Атлантычнага акіяна. Гэта далёка не поўны пералік кропак на геаграфічнай карце свету, дзе давялося пабываць Аляксандру Бажко.
Магчыма, гэты спіс быў бы ўдвая ці ўтрая большы, калі б не падзеі 1991 года. Новыя гаспадары Ліепайскай базы акіянічнага рыбнага флоту пасля выхаду Латвіі з СССР адмовіліся ад паслуг работнікаў з іншых краін. Так меліяратару-мараку са стажам прыйшлося зноў шукаць работу. Цяпер ужо ў Маларыце, а крыху пазней асвойваць яшчэ адну прафесію. У пачатку дзевяностых гадоў ён закончыў у Мінску курсы аператараў па абслугоўванні кацельні на мазуце, затым перавучыўся на аператара па абслугоўванні газавага ацяпляльнага абсталявання. Непрацяглы час працаваў па набытай спецыяльнасці на малочным заводзе ў райцэнтры, калі ж прадпрыемства спыніла сваё існаванне, — без малога 10 гадоў у абласным цэнтры ў ААТ “Савушкін прадукт”.

Цяперашняе жыццё Аляксандра Бажко, як і большасці пенсіянераў, нічым асабліва не вызначаецца. Ну хіба што перажываннем за лёс сына, жыццё якога, на вялікі жаль бацькоў, да гэтага часу так чамусьці і не склалася. А яшчэ разам з жонкай вельмі шкадуюць, што і адзінага ўнука, які жыве ў Расіі, ведаюць толькі па фотаздымку. Адправіцца ў далёкі шлях, каб пазнаёміцца з ім, не дазваляе здароўе. Ад невясёлых думак ратуюць выезды на прыроду. Лес і рэчка сталі новай стыхіяй Аляксандра. Разам са сваёй Любай, для якой, як прызналася жанчына, ён вось ужо 41 год, з’яўляецца не проста мужам, але і надзейным сябрам, а ў нейкай меры і сяброўкай, яны любяць збіраць чарніцы і журавіны. Дарэчы, па апошнія ездзяць на Ганцаўшчыну, якая славіцца гэтай ягадай і адкуль родам Любоў Васільеўна. Асобна варта сказаць пра рыбалку, якая ўжо многа гадоў з’яўляецца хобі Аляксандра Бажко. Гадзінамі ён можа праседжваць з вудай на разлівах. Улоў, праўда, атрымліваецца не ў 100-150 тон, якія выцягвалі з марскіх віроў, а ўсяго ў некалькі кілаграмаў. Хоць, даводзілася некалі знакамітаму меліяратару выцягваць і паўтаракілаграмовага карпа на Чапяляціцы, і карася на Карпіне ў 1 кілаграм 560 грамаў. Але ён упэўнены, што самая вялікая рыбіна ім яшчэ не злоўлена…
Надзея ЯЦУРА

Опубликовано ГЧ № 7 от 30.01.16г.

Добавить комментарий


http://pills24.com.ua

купить анаболики в украине
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!