У гандбол гуляюць сапраўдныя мужчыны

У заключным матчы асноўнага раўнда чэмпіянату Еўропы па гандболе, а ён праходзіў у Польшчы, зборная Беларусі перамагла сваіх сапернікаў з Македоніі і заняла 10 выніковае месца. Лепшым бамбардзірам аказаўся наш зямляк Барыс Пухоўскі, які гуляе ў складзе зборнай. На яго рахунку 11 забітых мячоў.
За апошнія некалькі гадоў беларускія гандбалісты прымалі ўдзел у 2-ух першынствах планеты. У 2013-ым годзе яны фінішавалі на 15-ым месцы, а праз 2 гады сталі 12-ай у свеце лепшай камандай. І не раз у гэтых спаборніцтвах Барыса Пухоўскага прызнавалі лепшым бамбардзірам, іграком.

Любоў да гэтага віду спорту ў Барыса праявілася яшчэ ў школьныя гады. Ён, 4-класнік, ахвотна наведваў секцыю гандболу ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Маларыты пад кіраўніцтвам трэнера Віталя Чорнага. Часта ездзіў на абласныя спаборніцтвы. І вельмі ганарыўся, калі трэнер браў яго за старшага ў камандзе. А затым былі рэспубліканскія спаборніцтвы, дзе юнага і таленавітага аматара гандболу не маглі не заўважыць. Так Барыс трапіў у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву да Віктара Касінскага, а затым і ў каманду СКА (Мінск), трэніраваў якую Спартак Мірановіч. Менавіта гэты чалавек, лічыць Барыс, і дапамог яму спаўна праявіць свае здольнасці, дабіцца тых вялікіх поспехаў, якіх дасягнуў. Калі наш зямляк аказаўся ў камандзе СКА (Мінск), трэнер прапанаваў яму ролю разыгрываючага.
— Спачатку мне ў гэтым амплуа было цяжка, — прызнаецца Барыс, — бо пачынаў зусім у іншым. — Трэба было перавучвацца, бо да мяне прад’яўляліся зусім іншыя патрабаванні. І калі б не справіўся з новай задачай, цяжка сказаць, ці склалася б мая гульневая кар’ера так, як цяпер.
— Заўсёды хочацца пакараць новыя вяршыні, хочацца стаць лепшым гандбалістам свету, — гэтыя шчырыя словы прызнання Барыса ў інтэрв’ю карэспандэнту адной з рэспубліканскіх газет не ўспрымаюцца як нешта нерэальнае. Наш зямляк усё больш і больш даказвае, наколькі ён блізкі да ажыццяўлення сваёй мары.
Сям’ю Барыса ведаю даўно. Тут усе неабыякавыя да спорту, гандбола ў прыватнасці. Мама Барыса, Надзея Барысаўна, і сёння не супраць паўдзельнічаць у спаборніцтвах, як і бацька, Валерый Георгіевіч. Вялікі прыхільнік гэтага віду спорту і другая палавінка нашага земляка — яго жонка Саша. У сям’і не прапускаюць ніводнага матча, каб не пабыць у якасці балельшчыкаў.
— Для мяне яны значаць не менш, чым тысячы і тысячы гледачоў, — прызнаецца Барыс. — Прысутнасць родных мне людзей у зале ці на стадыёне адчуваю найбольш. Гэта такая ж добрая падпітка, як і забіты ў вароты саперніка мяч.
Прыклад Барыса Пу­хоўскага — гэта яскравы прыклад таго, чаго можна дабіцца ў жыцці сваёй мэтанакіраванасцю, нястомным стараннем і вялікай любоўю да любімай справы ці захаплення.
— Калі я пачынаў займацца гандболам, у нас не было такіх умоў, якія ёсць для фізкультуры і спорту цяпер. У тым ліку і ў нашай Маларыце. Але гэта не перашкаджала нам трэніравацца. Мы з вялікім задавальненнем беглі, нават ляцелі ў сваю старэнькую залу ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. І заўсёды былі вельмі расхваляваныя, калі па нейкіх прычынах трэніроўкі адмяняліся. Таму хацеў бы пажадаць усім, хто любіць спорт і толькі пачынае спрабаваць сябе ў ім, быць настойлівым, не ленавацца, трэніравацца, трэніравацца і яшчэ раз трэніравацца. Няхай кожнаму, хто выбраў у сваім жыцці нялёгкую спартыўную дарогу, пашанцуе на таленавітых трэнераў, з якімі вельмі пашанцавала мне. Калі бываў у многіх краінах, пераконваўся: большасць насельніцтва там — прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Такія звычкі, як курэнне, схільнасць да алкаголю і іншыя лічацца сапраўды нікчэмнымі і заганнымі. Яны нічога не даюць для чалавека, толькі атручваюць яго жыццё і жыццё блізкіх. Таму жадаю ўсім сваім землякам, асабліва маладым людзям, знайсці сябе, упэўнена ісці да пастаўленай мэты, цаніць дабро і адказваць на яго тым жа, берагчы людзей, якія побач з намі.

Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: наш зямляк знакаміты гандбаліст Барыс Пухоўскі заўсёды ў прыгожай спартыўнай форме.

* * *
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што ў час гандбольных матчаў з камандамі Ісландыі і Македоніі (асноўны раунд) Барыс Пухоўскі быў прызнаны лепшым іграком матчаў і заахвочаны Еўрапейскай федэрацыяй гандбола каштоўным падарункам і памятным медалём.

Опубликовано № 8 от 3.02.2016г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


еще по теме chemtest.com.ua

http://220km.com.ua

all-diplomer.com/diplom-o-nepolnom-obrazovanii/