Найкаштоўнейшае БАГАЦЦЕ

Калі пабыла ў райбальніцы не ў ролі пацыента, а ў сваёй службовай, работніка газеты, зразумела: якая вялікая ўсё ж адказнасць ускладваецца на медыцынскіх работнікаў за наша з вамі здароўе. І як іншы раз падводзім іх мы, калі, наведаўшы доктара і атрымаўшы ад яго пэўныя рэкамендацыі, проста-напроста ігнаруем апошнія. Чым нярэдка заканчваецца такая абыякавасць да свайго здароўя, пацвярджаюць шматлікія прыклады. Але не пра гэта хацелася б сёння весці размову і не на гэтым сканцэнтроўваў увагу прысутных галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік, які выступаў з дакладам на нядаўнім вялікім медыцынскім савеце.

1.КАДРАВЫ ПАТЭНЦЫЯЛ

Хто памятае наш раённы цэнтр 30-ці ці нават 20-гадовай даўнасці, ведае, якія ўмовы былі ў райпаліклініцы і райбальніцы, што ўяўляла сабой тады матэрыяльна-тэхнічная база, якое медыцынскае абсталяванне было ў наяўнасці. Калі параўноўваць тыя ўмовы з сённяшнімі, — неба і зямля. Так, на дзяржаўным узроўні ў апошнія гады вельмі шмат робіцца для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, укараняюцца новыя тэхналогіі, установы аховы здароўя аснашчаюцца дасканалай медтэхнікай. І ўсё ж галоўным ва ўсім гэтым застаецца фігура таго, хто раз і на ўсё жыццё дае клятву Гіпакрата, хто па волі душы выконвае самую высакародную і ганаровую місію — стаіць на варце нашага з вамі здароўя.
Калі гаварыць пра медработнікаў, укамплектаванасць медустаноў раёна ўрачамі па займаемых пасадах складае 99%, а забяспечанасць — 87%. 68% з іх — атэставаныя. 25% маюць 2-ую кваліфікацыйную катэгорыю, 38 — першую і 4% — вышэйшую.
Летась на базе беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі павысілі кваліфікацыю 18 урачоў ці 25 % ад агульнай колькасці, 2-прайшлі перападрыхтоўку. Гэта ўрач ультрагукавой дыягностыкі і ўрач-анэстэзіёлаг-рэаніматолаг. Вышэйшай стала цяпер катэгорыя і ў 47 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, 3 медсястры-анэстэзісткі прайшлі перападрыхтоўку.
Нельга не сказаць, што 24 % мед­работнікаў — пенсіянеры. Але ў райбальніцы не спяшаюцца развітвацца з такімі, бо іх багаты прафесійны вопыт — гэта тое, што заўсёды было ў высокай цане.

2. З-ЗА ЧАГО ПАМІРАЕМ?

Работу медыкаў ацэньваюць па 34 паказчыках, у ліку якіх — смяротнасць сярод насельніцтва, натуральны прырост, дзіцячая і мацярынская смяротнасць, выхад на інваліднасць, выяўленне хвароб, звязаных з новаўтварэннямі на ранніх стадыях і інш. Калі па апошніх паказчыках маларыцкія медыкі на ўзроўні абласных і нават рэспубліканскіх, а па натуральным прыросце — у лідарах, як і па недапушчэнні фактаў дзіцячай і мацярынскай смяротнасці, дык агульная смяротнасць на 1000 насельніцтва (15,0, абласны паказчык-12,7-аўтар) застаецца высокай.
Летась у раёне памёр 371 чалавек, у тым ліку 79 у працаздольным узросце. І калі паказчык агульнай смяротнасці ў параўнанні з такім жа ў 2014 годзе на 2,9% ніжэйшы, колькасць тых, каго не стала сярод нас з ліку працаздольных, вырасла.
Сярод асноўных прычын смерці, канстатаваў Пётр Селівонік, пераважаюць хваробы сістэмы кровазвароту (47,9%), на другім месцы сімптомы недакладна вызначанага стану, у тым ліку старасць (18,6%), на трэцім — анкалагічныя захворванні (11,5%), няшчасныя выпадкі, атручванні і траўмы склалі 8,7%.
А вось у структуры смяротнасці працаздольнага насельніцтва пераважаюць знешнія прычыны (29,1%), хваробы сістэмы кровазвароту-25%, злаякасныя новаўтварэнні-17,7%.
Ва ўзроставай структуры памерлых у працаздольным узросце (без знешніх прычын) прэваліруюць мужчыны, якім было 45-60 гадоў, і складаюць 72 % ад усіх, хто памёр.
Хвалюе кіраўніка медыцынскай сферы раёна і той факт, што летась у параўнанні з годам папярэднім больш было зарэгістравана смерцяў ад злаякасных новаўтварэнняў (на 38 % у цэлым), а пацыентаў працаздольнага ўзросту з такім дыягназам не стала сярод нас у 7,7% выпадкаў. Як расказваў Пётр Міхайлавіч, пытанні выканання праграмы па прафілактыцы анкалагічных захворванняў пастаянна знаходзіліся на кантролі адміністрацыі цэнтральнай райбальніцы. А гэта спрыяла таму, што ў мінулым го­дзе палепшыўся паказчык выяўляльнасці пацыентаў з новаўтварэннямі пры правядзенні прафілактычных аглядаў і склаў 95,6% (у вобласці — 79,7%). Больш выяўлена анказахворванняў на ранніх стадыях у час дыягностыкі — 70,4% (у вобласці — 65,7%).
У час прафаглядаў выяўлена 5 чалавек, якія былі хворыя на туберкулёз. На шчасце, смяротнасць ад гэтай цяжкай хваробы летась у раёне не рэгістравалася. І тым не менш на амбулаторным кантралюемым лячэнні на працягу ўсяго года было 13 хворых на туберкулёз лёгкіх, 5 з якіх са шматлікай лекавай устойлівасцю. З іх 8 закончылі курс лячэння. І на канец 2015 года на амбулаторным кантралюемым лячэнні знаходзіцца 5 пацыентаў.

3. СТВАРЫЦЬ АТМАСФЕРУ НЕЦЯРПІМАСЦІ

Актуальнай застаецца і праблема алкагалізацыі насельніцтва. Летась ад выпадковых атручванняў алкаголем у раёне памерла 5 чалавек. У наркалагічным кабінеце на дыспансерным уліку стаяць 499 пацыентаў. Але галоўны ўрач раёна лічыць, што гэта не рэальная лічба. Бо выяўляльнасць у прафілактычнай групе нізкая і складае 170 на 100 тысяч чалавек (у вобласці — 626,4 на 100 тысяч). Пётр Міхайлавіч перакананы, што неабходна больш актыўная пазіцыя як наркалагічнай службы, так і агульналячэбнай сеткі ў правядзенні мерапрыемстваў па выяўленні асоб, якія злоўжываюць спіртным, і пастаноўцы іх на ўлік. Каб павысіць эфектыўнасць мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку алкагалізацыі і наркатызацыі насельніцтва, на думку галоўнага ўрача, неабходна палепшыць узаемадзеянне арганізацый аховы здароўя не толькі з зацікаўленымі ведамствамі, але і непасрэдна з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, сельвыканкамамі, старастамі вёсак, стварыць атмасферу нецярпімасці ў працоўных калектывах.

4. ДЫСПАНСЕРНЫХ ПАЦЫЕНТАЎ ПАБОЛЬШАЛА

Гаворачы пра стацыянарную тэрапеўтычную дапамогу, галоўны ўрач засяродзіў увагу прысутных на некалькіх важных момантах. Па-першае, на 13 знізілася магутнасць ложкавага фонду тэрапеўтычнага профілю і да ўзроўню мінулага года яна склала 86 ложкаў (у 2014 годзе была 99). Меншай стала і занятасць агульнатэрапеўтычных ложкаў (з 347,1 да 334,1). Знізілася сярэдняя працягласць лячэння на агульнатэрапеўтычных, неўралагічных і інфекцыйных ложках. Па-другое, у параўнанні з 2014 годам павялічылася колькасць дыспансерных хворых на 1 ўчастковага тэрапеўта з 535 да 708 пацыентаў. І ў той жа час ахоплена дыспансерным наглядам па асноўных тэрапеўтычных назалогіях 88,8 % пацыентаў з хваробамі сістэмы кровазвароту,95,1 % — з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, 88% — з ішамічнай хваробай сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіяй і інш.
Аднак, падкрэсліваў Пётр Селівонік, рост захворванняў стэнакардыяй, нестабільнай стэнакардыяй, вострым парушэннем мазгавога кровазвароту сведчыць пра нізкую якасць нагляду і лячэння хворых кардыялагічнага профілю, што пацвердзіў, калі выступаў з аналізам смяротнасці насельніцтва працаздольнага ўзросту, і загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Аляксандр Мартынюк. У прыватнасці, Аляксандр Аляксандравіч агучыў той факт, што па дадзеных праблемнай камісіі, якая вывучала прычыны смерцяў пацыентаў працаздольнага ўзросту, у 7 з 19 выпадкаў парушэнняў і недахопаў у лячэнні і наглядзе не выяўлена. У той час, як 10 з 12 былі пад назіраннем і ў 9 выяўлены недахопы ў дыспансерным кантролі.

* * *
Як гаварыў Пётр Міхайлавіч, паказчык годнасці маладых юнакоў пры прыпісцы да прызыўнога ўчастка складае 80,9%, а непасрэдна пры прызыве — 54,8%. У структуры прычын нягоднасці пры прызыве пераважаюць хваробы ўнутраных органаў (43,4%), хваробы эндакрыннай сістэмы — 13,6%. Прычым, сітуацыя вельмі змяняецца пры абследаванні юнакоў у час прызыву і пры прыпісцы. У другім выпадку найбольш выяўляецца хвароб нярвовай сістэмы.
Нямала месца ў сваім дакладзе адвёў Пётр Міхайлавіч пытанням арганізацыі медыцынскага абслугоўвання непасрэдна ў аддзяленнях райбальніцы, работы службы хуткай медыцынскай дапамогі, выканання планавых паказчыкаў раённай тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медабслугоўваннем насельніцтва раёна, а таксама гаварыў аб выкананні сацыяльных стандартаў. Калі меркаваць па лічбах, што прыводзіў галоўны ўрач, у медустановах раёна нас забяспечваюць тымі гарантыямі, што і прадугледжаны. Хаця, як падкрэсліла ў час свайго выступлення намеснік начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Алена Ільяшава, трэба рабіць больш даступнай медыцынскую дапамогу вяскоўцам, асабліва тых населеных пунктаў, дзе няма ўстаноў аховы здароўя. Можна згадзіцца з Аленай Васільеўнай і ў тым плане, што медработнікі раённага звяна не павінны лічыць ганебным пракансультавацца з калегамі абласнога ці рэспубліканскага ўзроўняў, калі стаіць пытанне жыцця і здароўя пацыентаў, накіроўваць іх у спецыялізаваныя клінікі для абследавання і ўдакладнення дыягназу ці пастаноўкі правільнага
— Ну і, вядома ж, — гаварыла Алена Ільяшава, — кожны з медработнікаў павінен імкнуцца да таго, каб мець вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Бо гэта не толькі большая заработная плата, але і прэстыж самога медыцынскага работніка, яго аўтарытэт.
У рабоце сходу прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны.

Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано ГЧ № 8 3.02.2016г.

Добавить комментарий


у нас www.booker.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!