Прыцягальнасць «усходу»

Грацыя рухаў, музыка, што зачароўвае, яркія касцюмы – усё гэта спалучаецца ў не параўнальным ні з чым “усходнім” танцы. Ён раскрывае жаночую прыгажосць, вучыць жыць у гармоніі не толькі з уласным целам, але і душой. Хоць ад радзімы гэтага танца нас аддзяляюць тысячы кіламетраў, прыцягальнасць “усходу”, яго энергетыку змаглі адчуць і нашы жанчыны. Два гады таму ў маларытчанак з’явілася магчымасць датыкнуцца да культуры  “ўсходу” праз танец. На базе ДзУА“Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў ” быў арганізаваны гурток усходняга танца.

Харэограф Ірына Кавалеўская, якая для творчага самаразвіцця ў 2005 годзе вырашыла паспрабаваць сябе ў новым накірунку – заняцца ўсходнімі танцамі, цяпер не ўяўляе сваё жыццё без іх. Пасля заканчэння Пінскага вучылішча мастацтваў яна працавала ў Бярозе, потым у Кобрыне.
— Гадоў дзесяць таму ўсходнія танцы мелі вялікую папулярнасць, ды і каларыт і прыгажосць іх мне блізкія па духу, — адзначае Ірына. – Арганізаваных школ усходняга танца на той час не было, таму самастойна шукала навучальны матэрыял, пачала наведваць розныя семінары і майстар-класы, танцавальныя конкурсы.
Пяць гадоў Ірына выкладала ўсходні танец у Кобрыне. Яе вучні, дарэчы, займалі ў вобласці прызавыя месцы. Потым Ірыну запрасілі працаваць у Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў, дзе цяпер яна вучыць дзетак усім відам і накірункам танца. Арганізаваць у Маларыце гурток ус­ход­няга танца было ідэяй дырэктара ўстановы Ірыны Пятрухінай. Яна даведалася, што ў харэографа ёсць немалы вопыт выкладання ўсходніх танцаў. Новы танцавальны накірунак выклікаў, можна сказаць, ажыятаж. У першы год дзейнасці гуртка яго наведвала 2 групы па 10 чалавек. Пры гэтым танцамі зацікавіліся не толькі моладзь, але і людзі дарослыя, пенсіянеры. Старэйшай наведвальніцы гуртка каля 65 гадоў. Цяпер усходнімі танцамі займаецца група з 10 чалавек, многія з іх наведваюць гурток з першага яго дня.
— Нашы заняткі можна назваць фітнэсам для лянівых, паколькі гэты танец павольны, няма рэзкіх рухаў, што выключае рызыку парваць звязку або расцягнуць мышцы. Таму займацца ім можа кожны чалавек незалежна ад камплекцыі ці ўзросту. Галоўная ўмова — жадаць танцаваць і атрымліваць ад гэтага задавальненне, — адзначае харэограф.
На занятках жанчыны вучацца кіраваць сваім целам. Калі займацца танцамі перыядычна, праз некалькі месяцаў ужо цела становіцца пластычным. Па словах харэографа, навічкі, якія прыходзяць у групу, лёгка ўліваюцца ў калектыў і хутка даганяюць іншых. Сакрэт у тым, што ўважлівы педагог на групавых занятках знаходзіць час дайсці да кожнага. У цэлым гадзінныя заняткі складаюцца з абавязковай размінкі ўсяго цела, вывучэння і адпрацоўкі новых рухаў і элементаў і непасрэдна танцаў.
Усходні танец – гэта добрая нагрузка на арганізм, што дапамагае ўдасканаліць фізічную форму: знізіць вагу, падкарэкціраваць фігуру. Танец жывата (так яшчэ называюць усходнія танцы) фарміруе постаць, развівае мышцы. Увогуле, ён вельмі карысны для жаночага арганізму, бо ў ім задзейнічаны ўсе групы мышц, асабліва самыя важныя для жанчыны – унутраныя мышцы жывата і інш. А яшчэ дапамагае змагацца з адкладамі соляў у праблемных зонах пазваночніка, добра ўздзейнічае на суставы. Усё разам гэта дае любой жанчыне ўпэўненасць у сваіх сілах, павялічвае ўласную самаацэнку.

На здымку: на занятках у гуртку ўсходніх танцаў.

Аўтарскі праект Дар’і Луцык

Опубликовано ГЧ № 8 3.02.2016г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!