Мінімальны страхавы стаж павялічваецца

Нягледзячы на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, у раёне ўсё ж амаль кожны чацвёрты жыхар — пенсіянер. Таму вельмі важна ў адпаведнасці з заканадаўствам забяспечваць гэтую катэгорыю грамадзян неабходнымі сацыяльнымі гарантыямі. З 1 студзеня ў пенсійным заканадаўстве шмат што змянілася. Перш за ўсё павялічыліся пенсіі асобам, якія дасягнулі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту, за кожны поўны год стажу работы звыш 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын. Таксама павялічыўся мінімальны страхавы стаж. Аб асноўных змяненнях, прадугледжаных Указам Прэзідэнта краіны № 534 “Аб пытаннях пенсійнага забеспячэння”,  расказала карэспандэнту райгазеты Людміла Вітрук, начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

— Людміла Сямёнаўна, цікава ведаць статыстычныя дадзеныя. Колькі чалавек у раёне атрымлівае пенсіі?
-У раёне налічваецца 7028 пенсіянераў, з іх пераважная большасць — 4658 чалавек – жанчыны. Працоўныя пенсіі атрымліваюць 6864 пенсіянеры, пенсіі па ўзросце налічаны 5460 жыхарам раёна. Пенсію па ўзросце на льготных падставах атрымліваюць 323 чалавекі. Гэта шматдзетныя маці (нарадзілі 5 і больш дзяцей), бацькі дзяцей інвалідаў, інваліды з дзяцінства і іншыя. Атрымальнікамі пенсіі па ўзросце, у сувязі з асобымі ўмовамі працы з’яўляюцца 519 чалавек. Да гэтай катэгорыі адносяцца грамадзяне, якія працавалі на работах з асоба шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы. Сацыяльныя пенсіі выплачваюцца 144 жыхарам. За 2015 год назначаны 383 пенсіі, з іх па ўзросце – 278.
— Які сярэдні памер пенсій у пенсіянераў раёна?
— Сярэдняя пенсія цяпер складае 2 млн. 567 тыс. рублёў. У мінімальным памеры яе атрымліваюць 1040 чалавек. 23 жыхарам раёна налічаны павышаныя пенсіі за асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Дарэчы, расходы на выплату пенсій і дапамог за мінулы год склалі амаль 220 мільярдаў рублёў, што на 12 працэнтаў больш чым у 2014 годзе.
— Адна з апошніх навін у сферы пенсійнага забеспячэння – гэта павышэнне мінімальнага стажу работы з уплатай страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Растлумачце, калі ласка, як гэта паўплывае на налічэнне пенсій?
— З 1 студзеня 2016 года мінімальны працоўны стаж, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў, складае 15 гадоў і шэсць месяцаў. Далей штогод ён будзе паступова павялічвацца да неабходных 20 гадоў. Гэта замацавана Указам Прэзідэнта РБ №534 «Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння». У дакуменце адзначаецца, што Указ прыняты ў мэтах адаптацыі сацыяльнага забеспячэння да зменлівых сацыяльна-эканамічных умоў. Нагадаю, што да 1 студзеня мінімальны стаж для назначэння працоўнай пенсіі ў Беларусі складаў 15 гадоў. У 2015 годзе з-за недахопу мінімальнага працоўнага стажу 4 чалавекам у назначэнні пенсіі адмоўлена. З уступленнем у дзеянне норм і патрабаванняў Указа колькасць такіх павялічыцца.
— Ці ёсць катэгорыі людзей, для якіх захаваюцца папярэднія патрабаванні абавязковага страхавога стажу?
— Так, для назначэння працоўных пенсій па інваліднасці і з выпадку страты карміцеля захоўваюцца папярэднія патрабаванні па стра­ха­вым стажы. Павелічэнне не будзе датычыць і сацыяльна неабароненых катэгорый асоб, для якіх фарміраванне працяглага страхавога стажу немагчыма ў сувязі з аб’ектыўнымі прычынамі. Гэта бацькі дзяцей-інвалідаў, шматдзетныя маці, інваліды з дзяцінства. Для назначэння ім датэрміновых пенсій па ўзросце, як і раней, патрабуецца 5 гадоў страхавога стажу.
— Якія яшчэ змяненні замацоўвае Указ?
— У ім таксама адзначаецца, што пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй зарплаты будзе ажыццяўляцца не менш чым раз у год у межах магчымасцяў фонду сацыяльнай абароны. Указам уводзіцца абавязковае сацыяльнае страхаванне для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі, а таксама для фізічных асоб, якія ажыццяўляюць працоўную дзейнасць у прадстаўніцтвах замежных арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Запісала Дар’я ЛУЦЫК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Вітрук.

Опубликовано ГЧ № 8 от 3.02.2016г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.