У сельскую бібліятэку — за лекамі для душы

“Кожнаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне – люстэрка нашага жыцця,  лякарства для душы”, — так некалі сказаў беларускі асветнік Францыск Скарына, які першым сярод усходніх славян выдаў друкаваную кнігу «Псалтыр». Яна і стала “настаўніцай” грамадства.
І сапраўды, кніга можа навучыць і падказаць, дапамагчы супакоіцца і надаць аптымізм. І колькі б гадоў ні прайшло з таго часу, як яны пачалі друкавацца, кнігі ўсё роўна не знікаюць з жыцця чалавека – яны заўсёды побач. І вельмі добра, што і ў гарадах, і ў вёсках ёсць такія ўстановы, як бібліятэкі, якія захоўваюць вялікую кніжную спадчыну. Ёсць такая захавальніца гісторыі, сабранай у кнігах, і ў нас, у Олтушы.
Олтушская сельская бібліятэка раней размяшчалася ў старым драўляным будынку. Але ў 2005 годзе яна набыла новае жыццё. Між іншым, чытачоў у бібліятэцы нямала. Наведваюць яе не толькі олтушскія жыхары, але і чытачы з Дворышча, Нікольскай,  Лазіцы. Нярэдка прыходзяць у кніжны храм нават тыя, хто летам прыязджае ў вёску на адпачынак. І не дзіўна, бо адпачываць з кнігай – вялікае задавальненне.
Задача кожнага бібліятэкара – зацікавіць чытача. А для гэтага ў бібліятэцы заўжды павінна быць нешта новае і цікавае. Таму бібліятэкар Галіна Якаўлеўна Шахрай прывозіць з раённай бібліятэкі цікавыя кнігі. Але і сам фонд сельскай бібліятэкі немалы. Той, хто любіць чытаць, заўсёды знойдзе для сябе нешта цікавае, пазнавальнае сярод 8 тысяч экзэмпляраў кніг.
Загадчыца бібліятэкі аформіла чатыры альбомы, у якіх сабрана ўся гісторыя вёскі. Першы альбом – гэта летапіс, які быў напісаны са слоў старажылаў. Матэрыял гэтага альбома быў сабраны ў канцы васьмідзесятых – пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя і цалкам прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Другі альбом складаецца з 17 раздзелаў, у якіх расказваецца пра пасляваеннае жыццё вёскі, пра людзей працы. Працягам гісторыі стаў трэці альбом. А чацвёрты —  сабраў у сабе кароткія звесткі з папярэдніх альбомаў, ад заснавання Олтуша да сённяшніх дзён яго.
Бібліятэка ра­зам са шматлікімі бясплатнымі паслугамі аказвае і платныя. Да прыкладу, тут можна раздрукаваць  на камп’ютары тэкст, узяць напракат кампакт-дыскі.
Пастаянныя сябры бібліятэкі прыходзяць сюды не толькі, каб узяць кнігі, але  нярэдка і самі дораць розныя выданні, каб імі маглі карыстацца і іншыя. Сярод такіх і Вячаслаў Мікалаевіч Зезюкоў, і Аляксандра Вячаславаўна Дземідзюк,  і Марыя Яўціх’еўна Абрамчук, і Ала Аляксандраўна Пішчык, і Сяргей Іванавіч Сымонік, і Тамара Іванаўна Сымонік, і Алена Уладзіміраўна Страха, і Ганна Карнееўна Быцюк, і Лідзія Іванаўна Назарук, і Алена Іванаўна Гарэлікава, і Вольга Мікалаеўна Каралюк, і многія іншыя.
Кожны год у час летніх канікулаў у бібліятэцы праводзіцца конкурс пад назвай “Летнія сустрэчы ў бібліятэцы”.  Хлопчыкі і дзяўчынкі ўсе летнія месяцы ўдзельнічаюць у розных гульнях, конкурсах, віктарынах і, вядома ж, актыўна чытаюць. А напярэдадні восені падводзяцца вынікі і вызначаюцца лепшыя чытачы. Сёлета лепшымі чытачамі сталі Ніна Упярэнка, Любоў Мошчык, Святлана Сымонік, Ангеліна Бярчук, Марыя і Таццяна Кавальчук, Наталля Шахрай, а таксама дапытлівыя хлопчыкі – браты Мікалай і Аляксандр Карпукі.
Як даведалася, у нашай бібліятэцы плануюцца пэўныя пераўтварэнні. Тут будзе пашырана чытальная зала, зменіцца інтэр’ер. Частка кніг будзе знаходзіцца ў кнігасховішчы, а значыць на паліцах стане больш месца для новых кніг.
У тым, што ў сельскую бібліятэку з задавальненнем ідуць і дарослыя, і дзеці, вялікая заслуга бібліятэкара. Галіна Якаўлеўна добра ведае людзей, якія жывуць у вёсцы, умее прапанаваць менавіта тую кнігу, якая зацікавіць. Яна не пакідае без увагі просьбы чытачоў, заўжды ветлівая, добразычлівая. Дзякуючы ёй у бібліятэцы пануе доб­рая атмасфера,  а таму сюды хочацца прыходзіць зноў і зноў.
Вольга МОРСКАЯ, вучаніца Олтушскай СШ.
НА ЗДЫМКУ: бібліятэкар Галіна ШАХРАЙ заўжды знойдзе што прапанаваць юным чытачам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


220km.net

https://pharmacy24.com.ua

steroid-pharm.com/methandienone.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!