Восень жыцця — скарбніца мудрасці і вопыту

У кожнага ўзросту, як і ў кожнай пары года, — свая прывабнасць. Калі гаварыць пра восень жыцця, дык гэта скарбніца мудрасці, жыццёвага вопыту, душэўнага багацця, якое не прадаецца, не купляецца, не знікае. Такая думка не раз гучала ў час сустрэчы, што праходзіла ў гарадскім Доме культуры і была прымеркавана да Дня пажылых людзей. А сабраліся на яе сапраўды тыя, хто не лічыць свае гады, а па-ранейшаму малады душою. Сабраліся, каб пабачыцца з сябрамі і знаёмымі, пазносіцца. Дарэчы, сярод прысутных аказалася нямала цікавых творчых людзей, якія і ў свае 60 ці 70 гадоў умеюць вершаваным радком выказаць уласныя думкі, прыкмеціць тое, што застаецца не заўважаным іншымі. Менавіта лірычнасць натур, неабыякавасць да жыцця, яго фактаў не дае сумаваць і душою старэць Ніне Міхайлаўне Надзяжук з Лукава і Еўдакіі Мікалаеўне Аўдзяюк са Збуража, якія па-майстэрску чыталі перад прысутнымі свае ўласныя вершы, шчыра дзяліліся, як нараджаюцца паэтычныя творы.
А Соф’я Іванаўна Бялова, якая больш чым 20 гадоў спявае ў народным хоры ветэранаў, не толькі заклікала папоўніць рады ўдзельнікаў хору, але і пераконвала прысутных у тым, якое насычанае жыццё ва ўдзельнікаў хору ветэранаў, якія цікавыя вечары і “агеньчыкі” яны праводзяць, дзякуючы ініцыятыўнаму кіраўніку Галіне Паўлаўне Бягеза.
— Мы шмат куды ездзілі і ездзім выступаць, — гаварыла Соф’я Іванаўна, — нам няма калі сумаваць і старэць, нас маладзіць любоў да песні.
Нездарма Соф’я Іванаўна, як і Ніна Міхайлаўна Надзяжук, Еўдакія Мікалаеўна Аўдзяюк, з рук вядучай свята атрымалі “ордэны” “За любоў да творчасці”.
А Марыя Сідараўна Ківачук, якая таксама шмат гадоў аддала хору ветэранаў, дабавіла да слоў Соф’і Іванаўны словы Ч. Айтматава: “Песня ачышчае чалавека, збліжае людзей”.
Гэтыя жанчыны, далёка не маладога ўзросту, як і многія іх аднагодкі, не замыкаюцца ў сабе, не заседжваюцца дома і штодзённа выкарыстоўваюць найбольш дзейсны бальзам для душы – зносіны з людзьмі, з прыродай.
А як цудоўна ўсё ж у свае 70 ці 80 гадоў адчуваць побач надзейнае плячо спадарожніка жыцця, з якім прывык дзяліць усё папалам! Такім шчасцем не абдзяліў лёс многія пары. У ліку іх і сям’я Яніны Іосіфаўны і Мікалая Пятровіча Наўросяў з Маларыты. У іх можна вучыцца многаму. І перш за ўсё ўменню берагчы адзін аднаго, даражыць адзін адным і цаніць адзін аднаго.
Выступаючы на свяце, Яніна Іосіфаўна шчыра прызнавалася, што яна шчаслівая: і сваёй сям’ёй, і дзецьмі, і ўнукамі, цяпло душы якіх яна пастаянна адчувае, нягледзячы на сотні і тысячы кіламетраў, што раздзяляюць іх.
А ўсе мы шчаслівыя тым, што ведаем Яніну Іосіфаўну і яе адданага спадарожніка, і можам разлічваць: яны абавязкова падзеляцца з намі лепшым лякарствам на ўсе выпадкі жыцця – сваёй мудрасцю, разважлівасцю.
Пра кожнага з пажылых, хто прысутнічаў у той дзень на свяце, можна расказваць асобна і шмат, бо ў кожнага з іх – свой лёс, кожны шмат чаго на сваім вяку перажыў і пабачыў, у кожнага – вялікі працоўны багаж.
Ганна Аляксееўна Касцючык, да прыкладу, як прыйшла пасля заканчэння медустановы ў райбальніцу працаваць фельчарам-лабарантам, так 39 гадоў на адным месцы і адпрацавала.
А ў сям’і Міхаіла Лукіча Мацюшыка з Велікарыты адданымі прафесіі лесніка былі яго бацькі, шмат гадоў працуе лесніком сам Міхаіл Лукіч, па яго слядах пайшлі і дзеці.
Дзякуючы арганізатарам святочнай сустрэчы, прысутныя на ёй мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з такімі цікавымі людзьмі, пра якіх ужо ўпаміналася, але і паглядзець выставы работ інвалідаў аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН, Надзеі Паўлаўны Сцепанюк (вышыўка), Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк (ткацтва), пракансультавацца ва ўрача-тэрапеўта, змераць артэрыяльны ціск, вызначыць экспрэс-метадам узровень глюкозы ў крыві, узбадзёрыцца фітачаем, які прапаноўвалі работнікі аптэкі. Аматары шашак і шахмат маглі памерацца сіламі, каб выявіць, хто ж мацнейшы.
А яшчэ ўсе частаваліся ласункамі, што ахвотна прадаставілі спонсары: ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, прыватныя ўнітарныя гандлёвыя прадпрыемствы “Ваяж-эфект” і “Алькор” (Ул. А. Захарчук і Л. Ф. Варановіч), райспажыўтаварыства.
Не магу не сказаць некалькі слоў пра выставу работ інвалідаў. З ёю нельга было знаёміцца без захаплення. Краналі душу пано з дэкаратыўна апрацаванай скуры, модульныя арыгамі, над якімі старанна працавалі таленавітыя рукі Соні Ігнацюк, Андрэя Катла, Святланы Завадскай, Каці Крэмянной, Уладзіміра Касянюка, — прыгожа, арыгінальна, вытанчана, з густам.
У зале ў той дзень было нямала не толькі пажылых людзей, але і гасцей, якія прыйшлі іх павіншаваць са святам, выказаць словы ўдзячнасці. Здароўя, бадзёрасці, цеплыні ад блізкіх і родных, клопату ад дзяцей і ўнукаў жадалі прысутным начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, былы старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Бойка, благачынны цэркваў раёна айцец Мікалай Кудласевіч.
А Аляксандр Мартынюк, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, расказаў пра асаблівасці пажылога ўзросту з пункту гледжання медыцыны.
Кожны з прысутных пажылых лю­дзей атрымаў у той дзень падарунак не толькі ад арганізатараў свята, але і музычныя ад самадзейных артыстаў гарадскога Дома культуры.
Шчыры дзякуй за добрую падрыхтоўку свята ад імя ўсіх прысутных на ім хочацца сказаць яго арганізатарам – спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама іх памочнікам, работнікам тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вядучай Вользе Табачкоўскай, якая валодае ўнікальнай здольнасцю выклікаць да сябе прыхільнасць людзей.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: моманты святкавання Дня пажылых людзей.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://techno-centre.niko.ua

www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!