Каб служыць годна

Немалую работу па выхаванні ў маладога пакалення такіх важных якасцей, як мужнасць, адвага, любоў да Радзімы, сіла духу, штогод праводзіць добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту ў рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы, які прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.
На адкрыцці месячніка ў мінулую суботу ў гарадской сярэдняй школе № 1 прысутнічалі людзі, для якіх служэнне Радзіме, абарона яе рубяжоў – не проста словы, а частка з жыцця, незабыўныя ўражанні, якімі яны пажадалі падзяліцца з будучымі абаронцамі Айчыны, юнакамі з пярвічных арганізацый Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Емяльянавіч Шыцікаў неаднойчы ўжо распавядаў школьнікам раёна, якім цяжкім быў шлях да міру і незалежнасці нашай краіны. У свой час ён зрабіў усё, што залежала ад яго, каб нашы дзеці жылі на свабоднай зямлі. Цяпер, як гаварыў ветэран, чарга моладзі абараняць Радзіму, падтрымліваць ветэранаў. Прадстаўнік маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Леанід Падалінскі заклікаў моладзь з юнацтва выхоўваць у сабе якасці байца, каб у будучым быць дастойнымі звання абаронца Айчыны. Развіваць у сабе лепшыя якасці, каб стаць мужчынам з вялікай літары, прымнажаць веды і ўменні, якія дапамогуць годна прайсці армейскую службу і зразумець, у чым сапраўдны сэнс слова «патрыятызм», жадалі школьнікам намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Жалнерык, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. Інструктар Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак расказала, што па добрай традыцыі ў час месячніка ў раёне пройдзе шмат патрыятычных і спартыўных мерапрыемстваў. А адкрываецца ён раённым першынством па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Мэта гэтага мерапрыемства прыцягнуць моладзь да заняткаў стралковым спортам і выявіць лепшых спартсменаў, якія будуць абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах.
Сёлета ў першынстве раёна за званне лепшай каманды стралкоў змагаліся 11 каманд пярвічных арганізацыйных структур ДТСААФ навучальных устаноў раёна. 33 юнакі паказалі навыкі, якія яны набылі ў час заняткаў у стралковых гуртках. Як і заўсёды, добрыя вынікі ва ўсіх трох вызначаных практыкаваннях паказалі стралкі з Олтушскай сярэдняй школы. Па суме выбітых ачкоў яны сталі пераможцамі. На другое месца выйшла каманда раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая таксама паказала нядрэнныя вынікі. А замыкаюць тройку лідараў ляхавецкія стралкі.
У асабістым заліку ў практыкаванні стральба з апорай на стол лепшым стаў Ілья Максімук (Олтушская СШ), другое і трэцяе месца пакінулі за сабой Ілья Пацяюк (РЦДАДіМ) і Андрэй Кульбеда (Ляхавецкая СШ). У стральбе стоячы добра праявілі сябе Іван Абрамчук (Олтушская СШ), Дзмітрый Галавій (РЦДАДіМ) і Павел Асіпук (раённая гімназія). Лідарам у практыкаванні стральба з калена таксама стаў вучань Олтушскай школы Максім Яцура, другая пазіцыя ў выхаванца Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Максіма Абрамчука, а на трэцяй прыступцы п’едэстала вучань Ляхавецкай школы Раман Асіпук. Каманды-пераможцы спаборніцтваў, а таксама лепшыя стралкі ў асабістым заліку былі заахвочаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: ветэран Іван Емяльянавіч ШЫЦІКАЎ звяртаецца да будучых абаронцаў Айчыны.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 11 от 13.02.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


sellmax.com.ua

http://velomarket.org.ua

http://best-cooler.reviews