Не па людзях, а па метрах…

Па тоне, што быў зададзены з першых хвілін сустрэчы прадстаўнікоў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” з жыхарамі раёна ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, было зразумела: новыя тарыфы на камунальныя паслугі, а таксама новаўвядзенні ў прадастаўленні іх жыллёва-камунальнай гаспадаркі, усхвалявалі многіх. Таму да размовы з камунальнікамі гараджане прыйшлі падрыхтаваныя. Хто з “жыроўкамі”, хто з багажом інфармацыі з перыядычнага друку, а хто з пытаннямі, адказы на якія павінны былі даць начальнік абаненцкага аддзела Таццяна Касянюк і бухгалтар па разліках Марыя Ярыга.

Аб тым, што жыллёва-камунальныя плацяжы вырастуць, гавораць адразу некалькі дакументаў: Указ Прэзідэнта ад 31 снежня 2015 г. № 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг”, пастанова Савета Міністраў, на падставе якой падаткі на дабаўлены кошт на газ і электраэнергію давядзецца плаціць насельніцтву, а таксама дзеючы Указ № 550, згодна з якім кожны год тарыфы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы могуць павышацца на 5 до­ла­раў ЗША. Таму перш за ўсё грамадзян цікавіла, наколькі вырасце “камуналка” ўжо ў студзені, якімі будуць новыя тарыфы на ваду, каналізацыю, цеплазабеспячэнне. Спецыялісты прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі агучылі новыя лічбы, зацверджаныя Брэсцкім аблвыканкамам, якія сведчаць, што тарыфы на ваду і каналізацыю павялічыліся больш чым у 3 разы. На 30 працэнтаў узраслі тарыфы на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і водазабеспячэння. У выніку, калі раней насельніцтва кампенсавала толькі 30 працэнтаў выдаткаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дык цяпер гэтая лічба прыблізіцца да 80 працэнтаў.
Шмат пытанняў у грамадзян выклікаў і Указ Прэзідэнта № 535. Згодна з ім з паслугі “тэхнічнае абслугоўванне” выключаюцца прыбіранне і асвятленне месцаў агульнага карыстання. Цяпер гэта тры асобныя паслугі. Прычым тарыф за тэхнічнае абслугоўванне, куды ўваходзіць падтрыманне ў спраўным стане канструктыўных элементаў пабудовы, інжынерных сістэм і г.д., застаецца нязменным – 994,9 рубля за метр квадратны агульнай плошчы. А вось за санітарнае ўтрыманне дадатковых памяшканняў дома і асвятленне месцаў агульнага карыстання давядзецца плаціць асобна. Прычым кошт гэтых паслуг будзе прапарцыянальным плошчы кватэры. Чым больш квадратных метраў, тым большай будзе аплата. З гэтым нязгодныя тыя, хто жыве ў двух-трохпакаёвых кватэрах.
-Я жыву адна, плошча маёй кватэры больш за 60 квадратных метраў. Чаму я па­вінна плаціць больш за іншых? – абуралася пенсіянерка. – У некаторых двухпакаёвых кватэрах жывуць і па пяць чалавек, адпаведна і смецяць яны больш, а плаціць будуць менш!
Аднак яе пытанне засталося рытарычным, бо на мясцовым узроўні могуць толькі даводзіць і тлумачыць прапісаныя Указам палажэнні.
Калі гаварыць пра прыбіранне пад’ездаў, новым Указам жыльцам дадзены выбар: ці працягваць карыстацца паслугамі работнікаў жыллёва-камунальнай гаспа­дар­кі, ці ўбіраць самастойна. Але ёсць адна ўмова: калі хоць адзін з жыльцоў не згодны прыбіраць пад’езд сваімі сіламі, дык на платнай аснове гэтую паслугу ўсё ж будуць аказваць камунальнікі. Па настроі прысутных няцяжка было зразумець, што плаціць за часам няякаснае, не­своечасовае прыбіранне яны не жадаюць. Марыя Іванаўна ж адначыла, што цяпер, калі за паслугу давядзецца плаціць самім жыльцам, дык і патрабаванні іх да прыбіральшчыка будуць большымі. Калі ж жыльцы аднагалосна прымаюць рашэнне прыбіраць самастойна, ніяк не азначае, што правяраць санітарны стан пад’езда ніхто не будзе. Гэта ўваходзіць у абавязкі санітарна-эпідэміялагічнай службы. Прыбіраць пры­дваровыя тэрыторыі па-ранейшаму будуць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі за кошт мясцовага бюджэту.
Калі адносна прыбірання пад’ездаў за жыльцамі застаецца выбар, дык за асвятленне месцаў агульнага карыстання давядзецца плаціць без усялякіх “але”. У кожным доме ўсталяваны агульныя лічыльнікі электраэнергіі. Таму, чым менш часу свеціць лямпачка, тым менш давя­дзецца плаціць за электраэнергію ў цэлым. У прыватнасці, аплата будзе залежаць ад плошчы кватэры. Але пры жаданні затраты на асвятленне жыльцы могуць зменшыць самастойна. Напрыклад, устанавіць датчык руху, каб святло загаралася толькі тады, калі ў пад’езд заходзіць чалавек. А вось з суседзямі, у падвалах якіх працуюць маразільныя камеры, халадзільнікі, іншыя электрычныя прыборы, якія спажываюць шмат электраэнергіі, разбірацца давядзецца самім жыльцам.
Больш падрабязна даведацца аб новых паслугах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і плаце за іх, вызначыцца з тым, як бу­дзе праводзіцца санітарнае прыбіранне пад’ездаў, насельніцтва зможа ў час схо­даў, якія ў хуткім часе павінны прайсці з жыльцамі ўсіх дамоў.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: кожнаму хацелася высветліць пытанні, што хвалююць, у прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 11 от 13.02.16г.

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

shtory.ua

www.avtomaticheskij-poliv.net.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!