“Мая ўзнагарода – заслуга ўсяго калектыву”

У пачатку лютага ў Маладзечне прайшла выязная выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На ёй Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, з рук Барыса Святлова, Міністра культуры краіны, атрымаў нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Між іншым, Андрэй Сяргеевіч стаў другім, хто на Маларытчыне адзначаны такой высокай узнагародай. У 2012г. знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”  атрымала Надзея Курдзюк, тагачасны дырэктар Маларыцкай ЦБС.

Андрэй Гарбацэвіч закон­чыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, працаваў настаўнікам у шко­лах абласнога цэнтра і СШ №3 г.Маларыта, затым атрымаў другую вышэйшую адукацыю, некаторы час быў першым сакратаром райкама ГА “БРСМ”, працаваў начальнікам аддзела моладзі Маларыцкага райвыканкама, а з верасня 2009 г. узначальвае аддзел культуры.
Калі наша газета Андрэя Сяргеевіча прадстаўляла чытачам пасля назначэння на пасаду, ён тады зазначыў: “На новым месцы працаваць давядзецца шмат, бо сфера культуры вялікая. Яна займае асаблівае месца ў жыцці людзей. Але, пе­ракананы, усё павінна атрымацца, бо калектыў ра­ботнікаў культуры настроены на стварэнне, на вынік, на поспех”.
Зрэшты, усё гэта так.
— Мая ўзнагарода – заслу­га ўсяго калектыву, — гаворыць Андрэй Гарбацэвіч. — Заслуга за творчасць і любоў да прафесіі. Без што­дзённай, стараннай і карпатлівай працы кожнага работніка аддзела на сваім месцы вынікаў не было б. Вялікі дзякуй кожнаму з іх за талент, майстэрства, адказнасць да даручанай справы.
— Андрэй Сяргеевіч, якімі дасягненнямі ў сферы культуры можна па праву ганарыцца?
— Маларытчына – край таленавітых людзей. Тое, што створана на яе землях, зацікавіла ўжо не аднаго спецыяліста. Спрадвеку на Маларытчыне развівалася матэрыяльная і духоўная культура, якая дасягнула сваіх вышынь. На жаль, гісторыя нам не захавала імёны самых таленавітых продкаў. Сёння на змену ім прыйшлі іншыя, чые прозвішчы мы добра ведаем…
У апошні час агульнымі на­маганнямі зроблена многае. Коратка скажу пра галоўнае і асноўнае. Найперш гэта – адраджэнне страчанай тэхналогіі ткацтва касцюма Маларыцкага строю адзення калектывам раённага Цэнтра народнай творчасці, які ўзначальнае Валянціна Струнец. Сцепаніда Сцепанюк, народная майстрыха, заваявала Гран-пры XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў конкурсе ткацтва “Палатняныя пераплёты” (намінацыя “Рэдкія тэхналогіі ткацтва”). Яна паказвала майстар-клас па ткацтве спадніцы-буркі. У 2012 г. Маларыцкая школа мастацтваў стала пераможцай сярод устаноў культуры Брэсцкай вобласці, узнагароджана ганаровым дыпломам і занесена на абласную Дошку гонару. У 2015 г. Лукаўская сельская бібліятэка-філіял стала лепшай па выніках ХХІІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Нельга не адзначыць і дзіцячы калектыў “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК (кіраўнік Галіна Хомік), які быў удастоены звання “Узорны”. Ён трывала замацаваўся ў лідарах рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Наша Маларыта стала цэнтрам абласнога тура рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Мерапрыемства, якое праводзіцца раз у два гады, атрымліваецца відовішчным, захапляльным, запамінальным. Яго па праву лічаць сапраўднай падзеяй у культурным жыцці Берасцейшчыны, дзякуючы намаганням творчага калектыву культработнікаў Маларытчыны. Прадстаўнікі культуры раёна не раз былі пераможцамі і прызёрамі конкурсаў, фестываляў аб­ласных, рэспубліканскіх і між­народных узроўняў…
Менавіта культура фар­міруе духоўны набытак нацыі, забяспечвае надзейную сувязь паміж пакаленнямі, захоўвае і прымнажае культурна-гістарычную спадчыну, уплывае на эстэтычнае развіццё і маральныя норавы грамадства, выхоўвае любоў да Радзімы, да свайго народа. Работнікі культуры раёна добра ўсведамляюць гэта і годна выконваюць сваю місію.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Андрэй Гарбацэвіч з нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 12 от 17.02.16г.

Добавить комментарий


Buy Methandienon online in Canada
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!