Жанчына з паўночнай загартоўкай

На адрыўным календары, што ў пакоі, у які запрасіла нас маларытчанка Антаніна Сцяпанаўна Кокіна, было пятае лютага. Гэты дзень, які не толькі дабавіў да ўзросту пажылой жанчыны яшчэ адзін год, але і перавёў гадзіннік яе жыцця на новае, дзясятае дзесяцігоддзе, чакала яна, бо ведала, што ў доме будуць госці. Дзевяностагадовая юбілярка шчыра вітала ўсіх, уважліва знаёмілася з кожным. А праведаць жанчыну ў дзень яе юбілею прыйшлі дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік, загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу і прагназавання Алена Качанкова і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Інэса Гардзяйчук. Яны пажадалі маларытчанцы-доўгажыхарцы яшчэ не адзін год пражыць у здароўі, не губляць жыццёвага запалу.
Размаўляць з даволі жвавай для такога паважанага ўзросту жанчынай, якой уласцівы і пачуццё гумару, і разважлівасць, і аптымізм, было вельмі цікава. Яна не скардзілася на хваробы, якія, вядома, у такім узросце неад’емныя спадарожнікі, на лёс, хоць, пахаваўшы мужа, засталася адна на чужыне. Здавалася, жанчына проста гартала асобныя старонкі з цікавага апавядання пад назвай “Жыццё”.
Нарадзілася Антаніна Сцяпанаўна Кокіна ў горадзе Сызрань Куйбышаўскай вобласці. Было дзяўчынцы ўсяго пяць гадоў, калі ад тыфу памерлі бацькі. Сірот – яе і брата – забраў да сябе дзядзька, у якога быў вялікі дом у адной з вёсак Ульянаўскай вобласці. Дзядзькаў дом, як успамінае Антаніна Сцяпанаўна, быў прасторны, але і сям’я ў ім жыла немалая – двое дарослых і васямнаццаць дзяцей. А з імі, сіротамі, стала дваццаць. Як размясціць такую сям’ю? Вядома на палацях – насціле з дошак, дзе хапала месца ўсім. А як абуць, апрануць? Адзенне шылі, а на ногі плялі ступні. У іх і хадзіла з восені Антаніна ў школу. А калі станавілася холадна, выпадаў снег, сядзела дома. Але ж вучыцца чытаць, пісаць, рашаць задачы ёй хацелася. Вось і прасіла стрыечных братоў і сясцёр даць ёй урокі. Так пакрысе дома набывала школьныя веды. З малых гадоў засвоіла яна і навуку працы, бо, каб пракарміцца, вялікай сям’і трэба было з вясны да восені на агародзе шчыраваць. Пятнаццаць гадоў было Антаніне, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. І хоць да іх мясцін вораг не дайшоў, але зброю і боепрыпасы, якія ў тыле прыводзілі ў належны стан, у руках дзяўчына трымала не раз. Увогуле працоўная дзейнасць Антаніны Сцяпанаўны пачалася рана. Была занята ў падсобнай гаспадарцы, затым вывучылася на кандуктара, паралельна закончыла вячэрнюю школу. А калі выйшла замуж, разам з мужам паехала ў шахту Запалярную, што побач з Варкутой. Муж быў шахцёрам, а яна – зольшчыцай у кацельнай. Менавіта там, за паўночным палярным кругам, і пражылі яны ўсе свае працоўныя гады. Маразы, якіх не было ўсяго два месяцы ў годзе, завеі, што засыпалі дарогі вышэй за рост чалавека, былі сапраўдным выпрабаваннем. Вядома, хацелася пажыць на пенсіі ў цёплых мясцінах. Таму, даведаўшыся пра магчымасць пабудаваць у Беларусі кааператыўную кватэру, Антаніна Сцяпанаўна і яе муж Уладзімір Данатавіч доўга не раздумвалі. Тым больш, што зарплаты на шахце былі нядрэнныя, а таму сродкі на новае жыллё мелі. У Маларыту, дзе пабудавалі яны кватэру, пераехала адразу 8 сем’яў з Варкуты. На новым месцы камунікабельнай жанчыне абжывацца было нескладана. Усё складвалася добра, пакуль у жыццё не ўварвалася гора. Праз дзесяць гадоў пасля пераезду на новае месцажыхарства памёр муж Антаніны Сцяпанаўны. Адзінай уцехай засталіся ўнукі, якіх забрала яна з Варкуты з сабою ў Беларусь.
Больш за 30 гадоў Антаніна Сцяпанаўна Кокіна жыве ў Маларыце. Там, на поўначы Рэспублікі Комі, засталася жыць яе дачка, таму нітка, што звязвае з мінулым і родным, ёсць, яна не рвецца. Пра Варкуту жанчына часта ўспамінае ў размовах са знаёмымі. Часцей за ўсё параўноўвае клімат. Ён ад беларускага адрозніваецца. Зімою там холадна і снежна, затое за ўсе гады, як заўважае Антаніна Сцяпанаўна, яна ніколі не ведала, што такое прастуда. Загартаванне паўночным кліматам, магчыма, і стала адной са складаемых доўгіх гадоў жыцця. А яшчэ даўгалеццю, як лічаць знаёмыя Антаніны Сцяпанаўны, спрыяе яе актыўнасць. Пенсіянерка не заседжваецца дома. У магазін сходзіць, каб прадуктаў купіць, летам на агарод спяшаецца. Сваім ураджаем агародніны са знаёмымі абавязкова падзеліцца.
— Што трэба, каб жыць доўга? – перапытвае Антаніна Сцяпанаўна, — Не хлусіць, не шкадаваць нічога людзям, дапамагаць іншым, а яшчэ радавацца таму, што ёсць…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Антаніна Сцяпанаўна Кокіна. Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 12 от 17.02.16г.

Добавить комментарий


http://teplostar.kiev.ua

best-cooler.reviews/k2-coolers-for-sale-review/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!