ПАСЕЧНІК

За 30 гадоў работы з пчоламі Віктар Русавук з Маларыцкага лясгаса стаў не толькі сапраўдным прафесіяналам  у справе, якой займаецца, але і навучыўся разумець сваіх гадаванцаў. 

Ну хоць бы тое, што самі па сабе на­ся­комыя, якія кветкавы нектар пера­працоўваюць у мёд, не кідаюцца на людзей, бо ад прыроды яны не злыя. І агрэсію сваю праяў­ляюць толькі ў тых выпадках, калі іх адладжанае жыццё наўмысна ці не вярэдзіць чалавек. Тады вострага джала і яго вынікаў — не мінуць.
— З пчоламі трэба працаваць пяшчотна: не варушыць іх без патрэбы і, барані божа, ненарокам прыціснуць якую, — дзяліўся сваімі шматгадовымі назіраннямі за жыццём меданосных насякомых Віктар Русавук. – Што ж тычыцца ўкусаў, то яны, як гавораць, напрамую залежаць ад работы пчаляра. І ўвогуле пчол трэба любіць толькі за тое, што яны джаляць, — не то жартам, не то ўсур’ёз рэзюмаваў пасечнік.
Магчыма таму, што акрамя мёду, які яны бяруць у прыроды, і які, акрамя выдатных смакавых якасцей, валодае яшчэ і цудоўнымі лекавымі, пчолы і самі выконваюць лекавую функцыю. Віктар Пятровіч не хваліўся, ён проста прывёў прыклад з асабістага жыцця: калі пачаў працаваць пасечнікам, радыкуліт, які дастаўляў яму нямала непрыемнасцей, сам па сабе некуды знік. Мужчына лічыць, што гэта вынік пчаліных джалаў, хоць на вялікую іх колькасць ніколі не скардзіўся…

Асноўная спецыяльнасць Віктара Русавука — майстар лесу- паляўніцтвазнаўца. Яе карэнны маларытчанін, які нарадзіўся і вырас на Лазках, набыў у Шацкім лясным тэхнікуме, што ў суседняй Украіне, яшчэ ў бытнасць СССР. У гэтую навучальную ўстанову хлопец паступіў пасля заканчэння васьмі класаў першай гарадской школы. І ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары, бо паступаў у тэхнікум асэнсавана: яму падабаўся лес, побач з якім ён гадаваўся і ў якім з ранняга дзяцінства адчуваў сябе нібыта рыба ў вадзе . У адрозненне ад некаторых сваіх аднагодкаў Віктар проста мог узяць у рукі вужа ці яшчэ якую не зусім прыемную жыўнасць. Не кідаўся прэч і не лямантаваў ад страху, калі сустракаўся сам-насам з гадзюкай. Ну а жывым прыкладам узаемаадносін з прыродай і служэнню ёй быў бацька Віктара – інвалід Вялікай Айчыннай вайны ІІІ групы Пётр Іванавіч Русавук, які больш за 30 гадоў адпрацаваў у Маларыцкім лясніцтве аб’ездчыкам лесу…

Гады вучобы ў Шацкім лясным тэхнікуме праляцелі вельмі хутка. І вось ужо яго выпускнік Віктар Русавук разам з іншымі аднакурснікамі едзе на работу па размеркаванні. Яму дасталася, бадай, самая далёкая кропка Савецкага Саюза – Хабараўскі край. Менавіта сюды ў мясцовую лесаўпарадкавальную экспедыцыю прыехаў на работу дыпламаваны спецыяліст з беларускага райцэнтра. Чым займалася экспедыцыя? Зімой – апрацоўкай лесу, а летам – работа была ў лесе. Праўда, экспедыцыя тая для Віктара працягвалася ўсяго паўгода, бо прыйшоў час і яго прызвалі ў салдаты.

Пасля вучэбкі, якую ён праходзіў у горадзе Горкім, служыў у артылерыйскіх войсках у Днепрапятроўску. Быў камандзірам гарматы, намеснікам камандзіра ўзвода. Закончыў службу ў званні старшыны. Пасля дэмбелю вярнуўся ў Маларыту, год працаваў егерам у Арэхаўскай паляўнічай гаспадарцы. Арганізоўваў паляванні на звяроў, займаўся іх падкормкай у зімовы час. Калі ж бацька пайшоў на заслужаны адпачынак і яму прапанавалі работу майстра лесу ў Маларыцкім лясніцтве, Віктар згадзіўся. Паляўніцтвазнаўчага хлеба ён паспрабаваў ужо, хацелася яшчэ пабыць і ў іпастасі майстра лесу, каб замацаваць атрыманыя падчас вучобы веды на практыцы. Хоць першая і другая спецыяльнасці ў нечым і падобныя: абедзьве звязаны з прыродай, абавязкі ў тых, хто іх мае, усё ж неаднолькавыя.

На новай пасадзе нівай яго дзейнасці, як і раней, заставаўся лес. Такі блізкі і знаёмы, што, здавалася, мог з заплюшчанымі вачыма прайсці па любой сцяжынцы свайго ўчастка. І тым не менш загадкавы, бо кожны раз Віктар Русавук адкрываў у ім для сябе нешта новае. І не пераставаў здзіўляцца гэтым ад­крыццям: у прыродзе столькі яшчэ нязве­да­ных таямніц!.. Некаторыя спецыяліст спасцігаў у час работы. А працаваць яму даводзілася шмат, бо абавязкаў у майстра лесу хапала. І гэта не толькі догляд за лесам, каб усё ў ім было ціха і спакойна. Ён адводзіў пад рубкі лесасекі, кантраляваў іх вырубку, ра­зам з работнікамі займаўся нарыхтоўкай драўніны. І так 5 гадоў. Магчыма, усё працягвалася б і дагэтуль, калі б не адно з тагачасных захапленняў Віктара Русавука: пчолы.

Яму падабалася займацца з гэтымі мёданоснымі насякомымі. І не толькі, каб атрымліваць мёд. Ён хоць і любіў яго, але не фанацеў. Проста было цікава. Таму і ўтрымліваў усяго 2 сям’і. Як, гавораць, для ўласных патрэб і назіранняў. Але менавіта гэтае захапленне, пра якое ведалі многія, у тым ліку і кіраўніцтва лясніцтва, 30 гадоў таму крута паўплывала на яго далейшую працоўную біяграфію.
Калі захварэў пчаляр гаспадаркі і не змог займацца пасекай, выконваць яго абавязкі ляснічая Аляксандра Агароднікава прапанавала Віктару Русавуку. Маўляў, у цябе ёсць свае пчолы, а значыць — і нейкі вопыт работы і зносін з імі. А астатняе спазнаецца ў час працы. У цябе атрымаецца.

Ці то ўпэўненасць ляснічай у тым , што ўсё ў яго атрымаецца і ён справіцца з пасекай, ці то самому захацелася паспытаць сябе на іншым полі дзейнасці паўплывалі на рашэнне Віктара, але ён згадзіўся стаць пчаляром. Хоць і ведаў, што без спецыяльнай адукацыі і падрыхтоўкі займацца пчоламі будзе няпроста. Ды толькі ён цяжкасцей ніколі не баяўся. А было гэта ў 1985 годзе.
І толькі калі аказаўся ва ўрочышчы Міхерова, дзе знаходзіцца пасека лясгаса, пераканаўся, якую ношу ўзваліў на свае плечы. Бо 2 сям’і ўласных пчол, гэта не 150 па сутнасці чужых, якія дасталіся яму ў спадчыну. І далейшае існаванне якіх цяпер залежыць толькі ад яго. У дадатак да ўсяго, калі прымаў пчол, а было гэта восенню, невялікая частка сем’яў загінула. Але не гэта засмуціла новага пасечніка. Сумна была ад таго, што пчалярству амаль не ўдзялялася ўвагі. Калі ж што перападала, дык, як правіла, па астаткавым прынцыпе. Хоць для нармальнага развіцця гэтай, няхай і падсобнай вытворчасці, патрэбна было і абнаўленне матачнага пагалоўя, і лекі для апрацоўкі пчол, каб засцерагчы іх ад хвароб, і шмат чаго яшчэ для стварэння належных умоў для іх пражывання. Можа, каму і здасца дзіўным, але гэтыя мёданосныя насякомыя, як і любая жывая істота, хварэюць, і зімой ім неабходна цяпло. А яшчэ новаму пасечніку хацелася, каб пчалярства не проста існавала ў лясніцтве ў колькасці 150 сем’яў, а прыносіла хоць нейкія дывідэнды ў якасці мёду і воску. Віктар разумеў, што цяпер гэта ў першую чаргу залежыць ад яго, таму за работу прыняўся з вялікай адказнасцю і энтузіязмам. І з жаданнем даказаць у першую чаргу самому сабе, што не дарэмна згадзіўся быць пчаляром. І даказаў. 30 –цю гадамі бездакорнай і самаадданай работы. Якія гэта былі гады?

Розныя. Віктар Пятровіч не ўтойвае таго, што і зараз не заўжды яшчэ хапае яму ведаў, якія з самага пачатку работы пасечнікам, як і раней, калі займаўся толькі сваімі ўласнымі пчоламі, чэрпаў у асноўным з літаратуры па пчалярстве і з розных часопісаў. Бо, як аказалася, яго аматарскага вопыту было малавата. Каб папоўніць свае веды ў гэтай галіне, за гады работы пасечнікам ён двойчы пабываў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, неаднойчы ўдзельнічаў у нарадах і семінарах рознага маштабу па пчалярстве, дзе звычайна абменьваюцца вопытам і дзеляцца думкамі, нейкімі практычнымі навыкамі. Нешта з пачутага і ўбачанага ўкараняў у сябе.

Ну а ў працоўныя будні з дня ў дзень займаўся і працягвае займацца звычайнай і да драбніц знаёмай работай. У жніўні пачынае рыхтаваць сіроп з цукру і вады для падкормкі ім на зіму пчол. Яе, з разліку 15-20 літраў салодкага напою на сям’ю, а ў яго іх аж 150, неабходна завяршыць да 15 верасня.Пасля падушкамі з сінтэпону ўцяпляе вуллі з бакоў і зверху, бо ад пераахалоджвання пчолы могуць захварэць . Зімой звычайна рамантуе і рыхтуе рамкі, ператапляе і здае воск, атрымлівае вашчыну і навошчвае ёй рамкі. Не забывае ў гэты час і на пасеку наведацца, каб упэўніцца, што ніхто пчол не патрывожыў і зімоўка іх праходзіць спакойна. З надыходам цёплых вясенніх дзянькоў Віктар бегла аглядае захаванасць сем’яў, правярае наяўнасць кармоў, прыбірае лішнія рамкі і чысціць вуллі. А ў маі — разам з другім пчаляром Мікалаем Бурштынам, які да нядаўняга часу быў яго памочнікам, ставяць іх на стаўкі для мёду…

Дарэчы, пра мёд, яго гатункі, смакавыя якасці і месцы, дзе пчолы збіраюць нектар, пасечнік Віктар Русавук можа распавядаць доўга і надзвычай цікава. Асабліва такая інфармацыя карысная для недасведчанага ў гэтай галіне чалавека. Аказваецца, першы меданос пчолы робяць з рапсу. Ёсць яшчэ лясны збор – нектар для яго пчолы атрымліваюць з маліны, дуба, клёну, крушыны. Свае колер і смакавыя якасці ў грэцкага мёду. Яго пчолы збіраюць на пасевах грэчкі падчас яе цвіцення, куды пчоласем’і, згодна з дагаворамі з сельгаспрадпрыемствамі, дастаўляюцца на спецыяльных платформах. Як вопытны пчаляр і знаўца мёду, Віктар Пятровіч распавёў пра тое, што ў дадатак да спецыфічнага смаку мёд з акацыі яшчэ і не крышталізуецца. І ў адрозненне ад іншых меданосных раслін, акацыя дае яго кожны год. Таму падчас яе цвіцення платформы з вуллямі дастаўляюцца туды, дзе яе багата. Для збору ліпавага мёду далёка ехаць не трэба, бо ліп у дастатковай колькасці ёсць непасрэдна на месцы “дыслакацыі” пасекі – ва ўрочышчы «Міхерова».

А аяшчэ Віктар Русавук распавёў пра тое, што адна пчоласям’я, якая налічвае да 80 тысяч насякомых, за год з’ядае да 50 кілаграмаў мёду. Акрамя гэтага, на яе падкормку расходуецца да 20 кілаграмаў цукру. І пра тое, што пчоламатак патрэбна мяняць праз два гады. Іх, дарэчы, лясная гаспадарка набывае ў Польшчы і ва Украіне, гадуе свае, а лекі купляе ў Расіі.
Што тычыцца дасягненняў пчаляра Віктара Русавука, дык яны таксама ёсць. У цяперашні час у лясгасе ў рамачных вуллях налічваецца 150 пчоласем’яў, і, як паведаміў начальнік аддзела арганізацыйна- эканамічнага, прававога і кадравага забеспячэння сельгасвытворчасці Анатоль Давідовіч, гэта адзіная пасека ў раёне, якая з году ў год нарошчвае іх колькасць. Летась, напрыклад, ад іх атрымана 15 цэнтнераў таварнага мёду, па 10,7 кілаграма на сям’ю, і 55 кілаграмаў таварнага воску – 390 грамаў на сям’ю. Гэта, бадай, адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Варта будзе адзначыць, што пчалярствам, акрамя лясгаса, зараз займаюцца яшчэ і на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм і ў сельгапрадпрыемствах. І дасягнуты гэты вынік толькі дзякуючы старанням і намаганням Віктара Русавука, для якога прафесія пчаляра стала не проста асноўнай, але яшчэ і любімай. Пацвярджэнне гэтаму – палова жыцця, менавіта столькі з 60-дзесяці пражытых гадоў (на мінулым тыдні Віктар Русавук адзначыў такую прыгожую круглую дату) ён прысвяціў любімай справе.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вось такі ён, пасечнік Віктар Русавук. Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 12 от 17.02.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий