Працавалі не горш…

Справаздачная кампанія  ў сельгаспрадпрыемствах раёна стартавала  12 лютага сходам працаўнікоў СВК “Дарапеевічы”, на якім падведзены вынікі дзейнасці гаспадаркі летась  і акрэслены  планы на гэты год.

У справаздачы старшыні сельгаскааператыва Васі­ля Юхімука, з якой ён высту­піў перад работнікамі гас­па­даркі, пераважалі лічбы. У іх нібыта на далоні была ад­люстравана дзейнасць сельгаспрадпрыемства ў мінулым годзе. І хоць для сельгасвытворцаў раёна і вобласці ён быў не самым лепшым: у іх планы і надзеі ўнесла свае карэктывы спякотнае летняе надвор’е, для працаўнікоў СВК “Дарапеевічы” ён аказаўся і не самым горшым. Ад сваёй вытворчай дзейнасці гаспадарка атрымала 4 мільярды 505 мільёнаў рублёў прыбытку. Гэта адчувальна менш, чым яго было ў 2014 годзе. Ніжэйшая і рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі. Яна склала ўсяго 11, а рэнтабельнасць продажаў — 9,4 працэнта. Але, як заўважыў кіраўнік сельгас­кааператыва, не з-за таго так выйшла, што калектыў летась працаваў горш, чым у папярэднім го­дзе. На канчатковы вынік работы паўплывала і летняя спя­кота: па гэтай прычыне раслінаводчая галіна спрацавала са стратамі, а яшчэ і рост цэн на паліва, камплектуючыя да сельгасмашын і інш., які перавышае закупачныя на сельгаспрадукцыю. Хоць некаторыя страты цалкам маглі абярнуцца для СВК прыбыткам.
Аналізуючы дасягненні жы­вёлагадоўчай галіны, Васіль Юхімук заўважыў, што асноўную выручку (29 млрд рублёў) і прыбытак (5,3 млрд) гаспадарцы летась дало малако. Яго рэалізацыя склала 6892 тоны, а таварнасць у параўнанні з папярэднім годам павысілася на 4,8 і дасягнула 91,3 працэнта. А яшчэ зменшылася колькасць мёртванароджаных цялят, пра што ў сваім выступленні гаварыў галоўны ветурач гаспадаркі Аляксандр Васільчук.
Гэта нядрэнныя паказчыкі. Але яны маглі б быць яшчэ лепшымі, а выручка і прыбытак ад продажу малака ў разы большымі, калі б яго якасць адпавядала гатункам экстра і вышэйшы. Летась жа больш за 21 працэнт ад рэалізаванай колькасці яго пайшло першым і другім гатункамі.

Толькі на розніцы закупачных цэн паміж гэтымі гатункамі і вышэйшым гаспадарка недаатрымала больш за 600 мільёнаў рублёў. І больш за 3 мільярды, калі б малако было рэалізавана гатункам экстра, якога летась на прыёмныя пункты было пастаўлена толькі 16,5 працэнта. Таму работы тут для жывёлаводаў і спецыялістаў галіны яшчэ непачаты край, бо якасная прадукцыя дае добрыя дывідэнды.
А яны, несумненна, станоўча паўплывалі б і на фінансавае становішча СВК, якое, трэба сказаць, тут стабільна трывалае, і на зарплату работнікаў. Бо неяк нязвыкла чуць ад даярак, якія дояць зараз на карову ў суткі больш за 22 кілаграмы малака, пра зарплату ў 4-5 мільёнаў рублёў. Летась у сярэднім па гаспадарцы яна хоць і прырасла на 8,6 працэнта, склала ўсяго 4,8 мільёна рублёў. Аналізуючы гэты паказчык, старшыня сельгаскааператыва адзначыў, што пакуль рост зарплаты ў гаспадарцы перавышае ўзровень росту прадукцыйнасці працы. Таму і тут працаваць ёсць над чым.
Што тычыцца раслі­на­вод­ст­ва, то, як адзначыў у сваёй справаздачы Васіль Юхімук, яго “даціруе жывёлагадоўля”. Летась жа гэтая галіна ў дадатак да галаўнога болю старшыні: куды збыць вырашчаную бульбу, прынесла сельгаспрадпрыемству яшчэ і паўмільярда рублёў страт. Чаму так здарылася? Ды ўсё проста: мала таго, што вытворчасць таго ж зерня і бульбы ў мінулым годзе скарацілася ў параўнанні з 2014, сабекошт вырашчанай прадукцыі атрымаўся вышэйшым за яе рэалізацыйную цану. Так, вытворчасць тоны бульбы гаспадарцы абышлася ў 2,6 мільёна рублёў, а прадаць яе і за мільён не атрымліваецца. І такая сітуацыя не першы ўжо год, калі вытворчасць “другога хлеба” аказвалася стратнай. Таму сёлета ў СВК ад яе вырошчвання вырашылі адмовіцца. А каб тэхніка, якая была некалі набыта для пасадкі, апрацоўкі ад шкоднікаў і ўборкі бульбы не прастойвала, старшыня сельгаскааператыва прапанаваў вяскоўцам скарыстацца яе паслугамі за адпаведную плату.
Скурпулёзны аналіз дасягненняў і страт у мінулым годзе, які зрабіў кіраўнік гаспадаркі ў сваёй справаздачы, паказаў, што для далейшага годнага існавання калектыву неабходна і надалей нарошчваць вытворчасць сельгаспрадукцыі і павышаць яе якасць, што цалкам рэальна. Тым больш, што тэхнічны патэнцыял для выканання пастаўленых задач на 2016 год, якія былі акрэслены на сходзе, і працоўныя рэсурсы таксама ёсць. І зачын пад будучы ўраджай з восені зроблены нядрэнны: уся глеба пад яравую сяўбу ўзарана, уносяцца мінеральныя ўдабрэнні, рамантуецца тэхніка.
Адначасова з выкананнем задач па вытворчасці сельгаспрадукцыі: сёлета працаўнікам СВК “Дарапеевічы” неабходна надаіць малака 7078 тон, вырасціць 550 тон мяса, атрымаць 4700 тон збожжа, 430 тон рапсу, 200 тон цыбулі і сенажу і сіласу “чым больш, тым лепш”, плануецца ўзвядзенне 4 новых цялятнікаў і рэканструкцыя старых, будаўніцтва 4 аднакватэрных дамоў для работнікаў СВК. А яшчэ ў планах кіраўніцтва завяршыць работы па аднаўленні меліярацыйных сістэм.
У рабоце сходу прыняў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Шум, які дасягненні СВК “Дарапеевічы” назваў аднымі з лепшых у раёне. Яны – вынік таго, што па крупінках збіралі не адзін год: новыя тэхналогіі, кармы, дысцыпліна.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: месцы ў прэзідыуме сходу – лепшым работнікам СВК.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 13 от 20.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


еще по теме

source www.viagra-on.com

посмотреть np.com.ua