На варце спакою і дабрабыту

Урачыста адзначылі ў Маларыце Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл
Рэспублікі Беларусь

Пачалося святкаванне з ускладання кветак да помніка воінам і мірным жыхарам нашага горада, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, ветэраны, воіны-афганцы, грамадскасць і прадстаўнікі працоўных ка­лектываў.
А ў гарадскім Доме культуры адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны святу мужчын. З віншаваннямі да прысутных у зале звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Дзень абаронцаў Айчы­ны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь — гэта даніна павагі ўсім, хто аддаў жыццё за Радзіму і хто сваім гераізмам адстаяў права нашага народа на свабоду і магчымасць быць гаспадаром на роднай зямлі, выбіраць свой лёс і вырашаць, як жыць. Мікалай Мікалаевіч пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу, міру і спакою.
Ваенны камісар раёна Алег Шышацкі ўручыў пісьмы Падзякі бацькам, дасланыя ад кіраўніцтва воінскіх часцей, дзе цяпер прахо­дзяць службу нашы землякі. Такой пашаны былі ўдастоены бацькі Мікалая Ківачука, які праходзіць службу ў 48-ым батальёне войскаў радыёэлектроннай барацьбы, Сяргея Вітрука, які служыць у 38-ай гвардзейскай брыгадзе, Дзмітрыя Кацюбы, Паўла Сацюка, Дзмітрыя Багуты і Дзмітрыя Бейнаровіча, пагранічнікаў 56-ай Чырванасцяжнай пагранічнай групы.
Радасць з бацькамі раз­дзя­лілі ўсе прысутныя ў зале, пра што сведчылі моц­ныя і доўгія апладысменты.
Цудоўным падарункам да свята быў канцэрт, што падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры горада і раёна.

Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымках: моманты святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Маларыце.
Фота Алега КРЭМЯНЕ

Опубликовано ГЧ № 15 от 27.02.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.