Белае і чорнае Ганны Ільінічны

Наш няпросты свет падчас нечакана дорыць нам сустрэчы з людзьмі, якія яркім святлом азараюць жыццё і пакідаюць свой след назаўсёды. Мая ж сустрэча з Ганнай Ільінічнай Радчык невыпадковая. Даўно хацелася пачуць гэтую дзіўную жанчыну, паспрабаваць зразумець, дзе тое рэчышча, выток яе жыццядзейнасці. У родным доме? У сям’і? Яе традыцыях і ўкладзе?

Успомніць мінулае, пра якое часта гавораць з горыччу, з жалем. Мінулае – не значыць, што яно знікла, забылася, адышло, мінула. Забываць нельга. Трэба памятаць усё. Гэта неабходна, каб правільна жыць далей. Без памяці няма сумлення.
З-за стала насустрач мне паднялася сівая жанчына. Выразны позірк, ветлівая ўсмешка, вельмі сімпатычная, нейкая пяшчотная неабароненасць на твары, шчырасць, непасрэднасць. Яе вочы і твар – увасабленне дабра, душэўнасці. З першых слоў, фраз раскрываецца праніклівы, злёгку іранічны розум і дар красамоўства. Голас глухі і нягучны. Спавядальна задушэўная інтанацыя, якая ўвесь час мяняецца. Слухаю маю гераіню і міжволі ўжываюся ў яе пачуцці; здаецца, пакуты, радасці становяцца часткай майго ўласнага лёсу.
Ганна Ільінічна вырасла без бацькі. У самыя юныя гады лёс крута абышоўся з яе маці, Крысцінай Сямёнаўнай. Не дачакалася яна свайго любімага мужа, Ілью, які загінуў на вайне, у Польшчы, у 1944 годзе. У адно імгненне адышлі ў вечнасць 10 гадоў кахання і бязмежнага шчасця. Асірацелай сям’і, дзе падрасталі двое дзяцей, застацца без гаспадара вельмі цяжка. Цяжкім, невыносным было жыццё ў беднай пасляваеннай вёсцы. Ганначка (так называла Ганну Ільінічну мама, а потым муж) разумела, што яна як старэйшая ў сям’і павінна быць першай памочніцай ва ўсіх справах па гаспадарцы. Маці, якая ўсё жыццё прапрацавала ў калгасе не за грошы, а за “палачкі”, атрымлівала маленькую пенсію. Яна не мела спакою і вымушана была ў поце чала здабываць кавалак хлеба для сябе і дваіх дзяцей. У гаспадарцы была адна карова, але і для яе нарыхтаваць сена – вялікая праца. Ля дарогі не касі, там свае гаспадары, і ў лесе касіць нельга – там лясніцтва гаспадарыць. У калгасе не даюць, не калгасніца цяпер ужо. Яшчэ цяжэй было разжывацца палівам. Апошняе таксама было не дадзена. Вось і даводзілася вясковым жанчынам збірацца па 2-3 чалавекі для смеласці, тайком, ноччу насіць дровы з лесу, старыя выварачаныя трактарам пянькі, сена, салому. Было страшна. Па вёсцы хадзілі з вобыскам старшыня, упаўнаважаны, складалі пратакол на незаконныя дровы, сена, салому, перадавалі ў суд. Але надыходзілі халады, зноў гналі іх з мяшкамі, “каблукамі”, вязанкамі ці санкамі.
А крыху пазней сям’ю напаткала яшчэ адно выпрабаванне: гіне ад выпадковай кулі сын-прызыўнік, брат Ганначкі. Была ў адчаі, не раз думала, што памерці не так балюча, як жыць. У думках і сэрцы такая пустата, і так жудасна, так горка, і невядома, навошта жывеш. Але якім бы цяжкім і незваротным ні быў лёс чалавека, ён толькі ярчэй праяўляе чалавечае ў кожным з людзей. Страціўшы на фронце мужа, пахаваўшы дарослага сына, мама Ганначкі не страціла здольнасці адгукацца на чужую бяду, патрэбы. Ніводнаму родзічу, блізкаму ці далёкаму, не магла яна адмовіць у дапамозе, часта пакідаючы свае неадкладныя справы. Увага дачкі, любоў да мужа — гэтае пачуццё, што ўспыхнула аднойчы і не згасла, сагравалі яе. Душэўны спакой знаходзіла ў працы. Ніхто ніколі не чуў ад Крысціны Сямёнаўны скаргаў на лёс. На людзях роўная, спакойная, ветлівая, вечна заклапочаная справамі блізкіх, яна, здавалася, змірылася з удовінай доляй. Гэта быў рэдкі чалавек, з добрай і сардэчнай, шчодрай і бескарыслівай душой.
Слухала Ганну Ільінічну, і перад вачыма ў мяне паўставала не тая Крысціна Сямёнаўна, якая абдзелена лёсам і выклікае жаль, а тая, якая, насуперак усяму, захавала здольнасць любіць і рабіць дабро, — моцная і шчаслівая. Пра такіх людзей хочацца гаварыць вершамі:
Природа-мать. Когда б таких людей
Ты иногда не посылала миру,
Заглохла б нива жизни.
Н. Некрасов.
Хутка мая гераіня выйшла замуж. Сама стала маці, нарадзіла траіх дзяцей: Генадзя, Леначку і Валянціну. Маці, дорачы новыя жыцці, тым самым перадае эстафету роду чалавечага, выступае звяном, якое звязвае пакаленні. Яна, можна сказаць, крыніца натх­няючых сіл прыроды.
На жаль, лёс Ганны Ільінічны такі ж, як і яе маці Крысціны Сямёнаўны. Першай не стала Леначкі. Памірала доўга, пакутліва, на вачах у бацькоў. Несуцяшальнае гора маці.
Гвардыі сяржант Генадзь Радчык на­ра­дзіўся ў в. Пажэжын, закончыў Пажэжынскую СШ, вучылішча сувязі, курсы ДТСААФ. Быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. У складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Не хутка скажа Санько, муж, сваёй Ганначцы, адкуль ідуць пісьмы (на той час ён працаваў паштальёнам) ад яе сыночка. Аберагаў, як мог, каханую. А душа маці балела, палала, адчувала. Колькі ўсяго перадумана ў бяссонныя ночы, калі дзесьці ўдалечыні пад злобнае выццё “афганца” зарыкае кулямёт, выплёскваючы трасы свінцовага агню. Яна не бачыла гэтага агню, але сэрцам адчувала іх смяротныя джалы. Якой безабароннай ты была ў магчымасці засцерагчы сына ад небяспекі.
Я не задавала ніякіх пытанняў. Калі Ганна Ільінічна гаварыла пра сына – слухала. Калі маўчала – і я маўчала. Адчувала, што расхвалявала самую затоеную, самую ўзрушаную частку яе душы.
Пісьмы чыталі разам. Яна не выбірала: гэ­тыя можна чытаць, а гэтыя нельга. Яна толькі разбірала іх, раскладвала на канапе, хаваючы слёзы, змешвала і з хваляваннем перадавала мне. Сын пісаў часта. Я брала пісьмы: на кожным канверце стаяла вялікая лічба – пісьмы памячалі, каб ведаць, якое прыйшло раней, а якое следам за папярэднім. Памяць пра яго службу.
“Дарагія мама і тата, сястрычка Валя! У мяне ўсё нармальна…”
“Мне прысвоена званне сяржанта…”
Мяркуючы па нумарах – бліжэй да апошніх. Так і ёсць.
“На гэтае пісьмо мне не адказвайце. Праз 10 хвілін выязджаем дамоў. Моцна цалую. Да сустрэчы на Радзіме”.
Да гэтага часу памятае маці, як яна пільна ўглядалася ў экран тэлевізара, з нецярплівасцю, надзеяй убачыць сына сярод салдат, што пакідалі апошнімі чужую краіну. Генадзю было адмерана крышку больш за 20, загінуў трагічна ды так недарэчна. Вярнуўся ж з афганскага пекла цалёханькім. Што гэта: Божае пакаранне ці помста за ўмяшальніцтва ў чужое, незразумелае жыццё? Да гэтага часу пакутліва шукае маці адказ на гэтае пытанне.
Уфякі раз пераконваюся, што вайна не заканчваецца тым доўгачаканым днём, калі змаўкае зброя. Яна працягваецца ў душах тых, хто пабываў у іх свінцовай палонцы. Калі раней вайна сама па сабе была вышэйшай мерай выпрабавання фізічных і духоўных сіл, то ў цяперашніх умовах гэтай мерай стала мірнае жыццё, у якім яны, “афганцы”, так цяжка знаходзяць душэўную раўнавагу. А іншым гэта так і не ўдаецца.
Ёсць абыходкавыя штампы, калі, гаворачы пра таго ці іншага блізкага чалавека, мы вымаўляем: сёння яму споўнілася б столькі гадоў. Гэтае “бы” ніяк не падыходзіць да Генадзя. Ён жывы. Яго памятаюць. Бо памяць не толькі ў бронзе і ў гучных назвах. Тое, што пакідае пасля сябе чалавек, адыходзіць у вечнасць, незалежна ад тытулаў і ўзнагарод. У жыцці яго ўсё памечана пячаткай юнацтва, яго вясеннімі фарбамі, а калі забыць пра ўзрост, убачыш чалавека, лёс сталага мужчыны. Лёс, у якім было ўсё: вучоба, праца, каханне, служба. У рэшце рэшт, у яго ёсць сын Андрэй, які працягвае род.
“Чалавек створаны для шчасця, толькі шчасце не для мяне”, — так думала Ганна Ільінічна, калі памёр яе Санько, каханы, верны спадарожнік па жыцці, яе апора. Не вытрымала сэрца бацькі, разарвалася ад гора. Што ж гэта за такія разбуральныя сілы, якія ўсякі раз умешваюцца ў яе жыццё, перакройваюць яе лёс, гнуць, хочуць зламаць?!
Нябачны, ён заўжды заставаўся з ёй. Побач з ім нікога немагчыма было паставіць. Ды яна і не хацела такога новага жыцця, якое б выцесніла мужа з яе сэрца. Святая, бескарыслівая, шчырая, яна ўсю сябе аддае любімаму чалавеку. Ганна Ільінічна – увасабленне таго лепшага, што можа быць у жанчыне. Ёсць нейкая асаблівая, прыцягальная сіла ў нявіннасці, у такой адданасці. “Кожны чалавек стварае светлы ідэал жанчыны, — нібы адгадвае мае думкі дачка Ганны Ільінічны Валянціна. – Для мяне, для маіх дзяўчынак: Аксаны, Ганначкі, Сашачкі — так важна ведаць, што ёсць на свеце сіла і адданасць таму, каго кахаеш.
Яшчэ душа Ганны Ільінічны поўная сіл і гарачых пачуццяў, але пачыналася новае жыццё, невядомае.
Гляджу на сваю гераіню і прыкмячаю, калі ёй дрэнна, і яна хоча адысці ад сябе, адхіліцца ад свету, што яе акружае, яна заплюшчвае вочы. Здаецца, яна плача над памерлымі, над лёсам сваім горкім.
— Вось ён, мой пантэон, — ледзь чутна прашаптала Ганна Ільінічна і паказала на сцяне над канапай шэраг акантаваных фотаздымкаў. Нечалавечная, ледзяная цяжкасць у голасе, які насцярожвае і ледзяніць душу. У мужна-блакітных, паўзаплюшчаных вачах такія смутак, затоены боль.
— Блізкасць смерці і любоў да жыцця – у гэтыя два колеры быў афарбаваны ўвесь свет перад вачыма Ганны Ільінічны. Так, свет быў афарбаваны ў дзве фарбы. І толькі на адлегасці, праз прызму гадоў, яна зразумела, што ў гэтых двух колерах – белым і чорным, жывым і мёртвым, паміж нараджэннем і смерцю, у супрацьзмаганні быцця і небыцця – усё яе жыццё. Як жа пры ўсім гэтым не згубіць смаку жыцця, паверыць у сэнс працягу схваткі з лёсам? Ганна Ільінічна аказалася пераможцай: яе жыццялюбства, вера ў жыццё адрадзілі душу. Яе выратавалі і далі сілы для жыцця любоў, прыхільнасць блізкіх і дарагіх людзей. Сям’я, дзеці, дом – той свет, у якім Ганна Ільінічна адчувае сябе абароненай.
Час… Напэўна, нішто ў нашым жыцці не мае большай каштоўнасці і не выклікае такі страх, як ён – няўмольны, непераможны, незваротны. Кожная секунда існавання падпарадкавана яго вялікасці часу. Штодзённа задаешся пытаннем: “А што ж будзе там, за туманнай рысай дня сённяшняга?”
Глыбокае разуменне непаўторнай каштоўнасці кожнай хвіліны – народжаная рыса характару, частка душы маёй гераіні. Дабрыня – вызначальная якасць Ганны Ільінічны. У дабрыні захоўваюцца сэрца, душа. Ганна Ільінічна ўмее толькі аддаваць, нічога не патрабуючы замест, умее спачуваць людзям, велікадушная да іх, заўжды застаецца сама сабой. Дзецям сваім жадае толькі ва ўяўленні перажыць яе пакуты, “прайсці пяткамі па вастрыні нажа” і ніколі не бачыць нічога падобнага ў будучым, узяўшы туды не попел смерці, а агонь любві і вечнай веры ў дабро.
Нядаўна Ганне Ільінічне споўнілася 80 гадоў. Але вынікі падводзіць рана. Яна поўная жыцця і шчаслівая. Так і не навучылася жыць для сябе, яна павінна пра кагосьці клапаціцца, кагосьці любіць. Як радуецца ўнучкам, ганарыцца імі, свет быў бы пусты без іх. Дзяўчынкі і сапраўды вельмі эмацыянальныя, адказныя, разважлівыя, здольныя свядома адказваць за свой учынак. А яшчэ таленавітыя. Кожнай уласціва цяга да пазнання новага. У вачах інтарэс, дапытлівасць. Адна цягнецца да спорту, другая – да тэхнікі, і ўсе трое — да мастацтва, творчасці. Лепка, саломапляценне, вышыўкі (то крыжыкам, то гладдзю): ручнікі, дарожкі, сурвэткі, падзоры – усюды: на сцяне, канапе, абразах, партрэтах. Вось яно тварэнне рук і фантазіі дзяўчынак і іх мамы Валянціны Аляксандраўны. А бабуля, Ганна Ільінічна, з вялікай асалодай паказвае мне дыпломы, граматы, заваяваныя дзяўчынкамі на розных спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах. Дзяўчынкі нейкія не па-сучаснаму працавітыя, ніколі не ся­дзяць без справы, проста так, тупа склаўшы рукі. Пасуць кароў, падбіраюць клубніцы, збіраюць грыбы, чарніцы, нарыхтоўваюць сена, упраўляюцца па гаспадарцы. За працай бабуля расказвае ім пра сябе, пра сваё мінулае, успамінае маладосць, каханне. Любяць усе разам пафіласофстваваць пра непазбежнае завяданне жыцця, пра няўмольны надыход смерці, дыскутуюць. У спрэчцы дзяўчынкі асцярожна, вельмі далікатна, баючыся пакрыўдзіць бабулю, пры ўсёй сімпатыі да яе чалавечнасці, маральнасці намякаюць, што хочуць сабе іншага лёсу. Але бабулю не падманеш. Яна тут жа напамінае ім пра тое, што мары могуць не збыцца, шчасце — не адбыцца, поспех – не прыйсці, але чалавек, што нарадзіўся, павінен прайсці свой шлях, якім бы ён ні быў (удалым-няўдалым), захаваўшы ў сабе і мужнасць, і чалавечнасць, і высакароднасць, не забыць тое высокае, што закладзена ў ім самой прыродай.
Калі ёсць у чалавека сваё прызванне на зямлі, то ў Валянціны Аляксандраўны яно ў тым, каб быць выхавальнікам. Калі яна выйшла з суседняга пакоя, асцярожна, ціхенька, каб не перашкодзіць гутарцы, я была літаральна зачаравана яе вачыма. Глыбокія, цёмныя, пранікнёныя, нібыта пранізваюць усю душу і выклікаюць да шчырасці і ласкі ва ўзаемаадносінах. Недарэмна кажуць, што вочы – люстэрка душы. Мяккая ўсмешка на твары, спакойны, разважлівы голас. Побач з ёй, напэўна, маці, дзецям, мужу добра і прыемна. Валянціна Аляксандраўна ўнутрана далікатная, яна (па расказах маці) ранкам рыхтуе сняданак і амаль бясшумна рухаецца, каб не патрывожыць сваіх блізкіх. На добрыя словы адказвае з усмешкай. Пра маці выказваецца ў прыўзнятым, трапятлівым тоне.
Жывуць Літвінкі ля самага лесу, непадалёку возера, у поўнай гармоніі з прыродай. У прыродзе, як і ў жыцці чалавечым, настае ціхае завяданне… Але кожны раз у вясеннім лесе адбываецца цуд. Зацвітаюць ландышы. Дзіўных кветак шмат. Але гэтыя самыя вытанчаныя, самыя таямнічыя, самыя любімыя. Вясной першы букет ландышаў (па традыцыі) ад мужа Уладзіміра — любімай жонцы Валянціне. У іх доме шмат кветак, амаль цэлая аранжарэя. Любоў да іх, па словах маладой гаспадыні, закладзена ў яе на генетычным узроўні, бабуля была вядомым на ўсю вуліцу кветкаводам, у мамы ўсё выдатна расце і ёй хочацца, каб прыемна было ўсім. Цяпер і дзеці, назіраючы за сваёй маці, спрабуюць вырошчваць кветкі.
Сёння сям’я Літвінкаў — моцна згуртаваная, са сваім укладам і традыцыямі. Жывуць бязбедна, жывуць па сумленні, даруюць крыўды, забываюць непрыемнасці, зносяцца з людзьмі і дораць свет дабра і любві. У доме заўжды шматлюдна. Забягаюць расказаць пра сваё асабістае жыццё кум Гена, суседзі Анатоль і Кацярына, сяброўка Стэфанія… Мір, згода, разуменне, гумар, дабрыня і гасціннасць, адкрытасць, шчодрасць, дзіўнае жыццялюбства – складаемыя сямейнага шчасця. Моцнае радавое гняздо!
Было б несправядлівым нічога не сказаць пра галаву сям’і, гаспадара (так горда называе цешча зяця Уладзіміра). Спакойны, нешматслоўны, паважлівы, ён моцны і праніклівы. Адрознівае дабро ад зла, праўду ад хлусні, не церпіць прыстасаванцаў. Цвярозая самаацэнка, тонкая душа, упэўненасць у сабе – адметныя рысы характару Уладзіміра. Ён бязмежна любіць сваю сям’ю, даражыць ёю, беражліва захоўвае яе традыцыі. А як ён любіць тэхніку, як акуратна да яе адносіцца. Пры любых абставінах і ў любых умовах ён прамывае, змазвае, рэгулюе свой трактар. Ён у яго заўжды блішчыць звонку, ніколі не скрыпіць, не грукоча. У доме да гаспадара прыслухоўваюцца, вырашальнае слова заўсёды за ім. Уладзімір – эталон прыстойнасці, маральнай ахайнасці. На рабоце яго цэняць за прафесіяналізм, сумленнасць, пунктуальнасць і дображаданыя адносіны да калег. Уладзімір разумны, працавіты, з гаспадарскай хваткай. Ведае, калі ў поле выязджаць, калі трэба сеяць, касіць. Яго хвалюе, які ўраджай дасць узараная ім зямля.
Уладзіміра як бацьку вельмі турбуе будучае, лёс дзяцей. Нічога страшнага ён не бачыць у тым, што і погляды мяняюцца ў моладзі, і арыенціры не тыя, але кожны павінен жыць, думаць, адчуваць, сам з сабой разбірацца.
Дзякуй за сустрэчу, паважаная Ганна Ільінічна. Пасля яе я стала іншым чалавекам. Вы сапраўды жывая памяць нацыі, сваім цяплом зберагаеце нацыянальную душу. Ваша нястомная ўлюбёнасць у жыццё дапамагае знайсці людзям апору ў ім.

Марыя НАЎРОСЬ.
в. Пажэжын.

НА ЗДЫМКУ: Ганна Ільінічна РАДЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 16 2.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kls-agency.com.ua

https://farm-pump-ua.com

http://www.etalon.com.ua