У студэнты я б пайшоў — няхай мяне навучаць…

Шлях да студэнцкай аўдыторыі кожны абітурыент праходзіць па-свойму. Вялікі конкурс на месца на прэстыжных спецыяльнасцях у многіх вышэйшых навучальных установах прымушае школьнікаў і іх бацькоў задумвацца аб будучыні задоўга да іспытаў. Вучням з высокай матывацыяй, якія вызначаюцца з прафесіяй сваёй мары і пачынаюць змястоўна рыхтавацца да тэсціравання загадзя, зразумела, лягчэй дасягнуць добрых вынікаў і без дапамогі рэпетытара. Тым жа, хто ў апошні момант змяняе планы ці не ўпэўнены ў сваіх ведах, не абысціся без факультатыўных заняткаў, рэпетытараў ці дапаможных курсаў. Варыянтаў для падрыхтоўкі абітурыентаў да цэнтралізаванага тэсціравання існуе шмат. Толькі рэзультатыўнасць іх не заўсёды залежыць ад школы, кваліфікацыі педагога, рэпетытара. Сам вучань павінен жадаць набыць веды, быць адказным і мэтанакіраваным, настойліва працаваць на занятках і дома.

Прэч ляноту
Штогод мы чуем аб тых, хто, дзякуючы ўласнай працавітасці, паспяхова здае тэсціраванне без дапамогі рэпетытараў. Рыхтавацца самастойна можна – гэты спосаб самы танны, але, на жаль, для многіх выпускнікоў самы складаны. Бо займацца самастойна перашкаджае ўласная лянота і недысцыплінаванасць.
Аднак многія настаўнікі ўпэўне­ны, што найбольш эфектыўная менавіта самастойная падрыхтоўка вучня. Справа ў тым, што рэпетытар не можа «ўкласці» веды ў галаву вучня, ён толькі накіроўвае працэс навучання ў патрэбнае рэчышча. Некаторым прасцей працаваць з рэпетытарам, бо ёсць школьнікі, якія самастойна не могуць арганізаваць працэс дадатковай падрыхтоўкі. Але, калі ў вучня ёсць мэта атрымаць вышэйшую адукацыю, ён усяго дасягне сам. Вывучаючы школьную праграму, наведваючы факультатывы і спецкурсы, выкарыстоўваючы ў падрыхтоўцы дадатковую літаратуру, рэальна здаць ЦТ на высокія балы.
Да плюсаў самастойнай пад­рыхтоўкі можна аднесці развіццё ў абітурыента самастойнасці і адказнасці, а таксама незалежнасць атрыманых ведаў ад памеру бацькоўскага кашалька. Аднак не на карысць вучню можа пайсці недахоп кантролю, падтрымкі і матывацыі. Магчыма, для засваення формул і правілаў школьніку спатрэбіцца больш часу, чым трэба было б з настаўнікам.
— У свой час я таксама рыхтавалася да паступлення і паслугамі рэпетытара не карысталася, — гаворыць маларытчанка Кацярына Ківачук, цяперашняя студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыё­электронікі, якая абрала для сябе прафесію праграміста. – Я наведвала факультатывы ў школе, грунтоўна рыхтавалася да ўрокаў, не прапускала іх. Але я шмат працавала і самастойна. Не скажу, што вольнага часу зусім не было. Хапала яго і для таго, каб сустрэцца з сябрамі, займацца спортам. Лічу, што каб добра падрыхтавацца да тэстаў, трэба набыць па кожным прадмеце самыя лепшыя дапаможнікі, якія параяць настаўнікі, вывучыць тэорыю і перарашаць усе тэставыя задачы мінулых гадоў. Абітурыентам, у якіх наперадзе тэсты па матэматыцы і фізіцы, раю не проста зазубрыць усе формулы, а навучыцца самому з простых формул выводзіць складаныя – і поспех вам забяспечаны.
Галоўны мінус – кошт
Каб выбіраць прафесію не па прынцыпу “куды праходжу”, а прэстыжную спецыяльнасць, якая будзе прыносіць задавальненне, трэба рыхтавацца не час ад часу, а сістэматычна, старацца і заручыцца надзейнай падтрымкай педагогаў. Напэўна, самым распаўсюджаным метадам падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання цяпер з’яўляецца рэпетытарства. Нягледзячы на тое, што такая падрыхтоўка патрабуе значных затрат, многія бацькі гатовы плаціць за індывідуальныя заняткі для сваіх дзяцей нават за некалькі гадоў да паступлення.
Каб даведацца, колькі зараз каштуе рэпетытарства ў раёне, пагутарыла з бацькамі сённяшніх абітурыентаў. Атрымалася такая арыфметыка. Самымі дарагімі прадметамі традыцыйна з’яўляюцца фізіка і матэматыка. У сярэднім адзін занятак абыходзіцца ў 220 тысяч рублёў. Рэпетытарства па мовах каштуе танней — 110-150 тысяч. Аднагадзінны занятак па такіх дысцыплінах, як хімія і біялогія, — ад 150 тысяч. Давайце падлічым: калі вучань займаецца з рэпетытарам нават па адным прадмеце і толькі раз на тыдзень, то ў сярэднім за год (з адпачынкам летам) яго бацькі павінны заплаціць каля 7 мільёнаў рублёў. А калі трэба займацца некалькі разоў на тыдзень, ды яшчэ па некалькіх прадметах, дык агульны кошт узрасце ў 3-4 разы.
Дарэчы, як паведамілі ў Інспек­цыі па падатках і зборах па Мала­рыцкім раёне, у мінулым годзе афіцыйна паслугі рэпетытара аказ­валі 6 чалавек. Згодна з дзеючым заканадаўствам да паслуг рэпетытараў адносяцца кансультатыўныя паслугі па асобных вучэбных прадметах, у тым ліку, дапамога ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Іншымі словамі, гэта паслугі, накіраваныя на дапамогу лю­­­дзям, якія жадаюць удасканаліць свае навыкі. Заканадаўствам замацавана, што рэпетытарства не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці пры ўмове, калі фізічная асоба ажыццяўляе яго самастойна, без прыцягнення іншых асоб. Такім чынам, рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ў дадзеным выпадку не трэба. Ды і працэдура афармлення рэпетытарства зусім простая і праходзіць па заяўленчаму прынцыпу. Для гэтага дастаткова прыйсці ў падатковую інспекцыю і напісаць заяву з указаннем перыяду і часу ажыццяўлення дзейнасці. Адзіны падатак за аказанне рэпетытарскіх паслуг у Маларыцкім раёне цяпер складае 170 000 рублёў. Плаціць яго трэба штомесячна і толькі за тыя месяцы, калі праводзіцца рэпетытарства.
Нягледзячы на эканамічны бок пытання, плюсаў у рэпетытарства шмат. Перш за ўсё рэпетытар упарадкоўвае веды, якія ўжо ёсць. Індывідуальны падыход да кожнага вучня дапамагае ўсебакова растлумачыць складаныя пытанні, незразумелыя алгарытмы рашэння задач, звярнуцца да складаных тэм і вывучыць іх больш дасканала. Пры гэтым, адказны, дасведчаны настаўнік, які клапоціцца аб поспехах вучня, дапаможа не толькі засвоіць школьны мінімум, але і вывучыць прадмет на больш складаным узроўні, што абавязкова дапаможа здаць і выпускныя іспыты, і ЦТ на высокія балы.
Падрыхтуюць на курсах
Рыхтуюць да ЦТ і на курсах у ВНУ. Напрыклад, у Брэсцкім дзяр­жаўным тэхнічным універсітэце ёсць вячэрнія, завочныя і дадатковыя 48, 32 і 20-гадзінныя курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Кошт вячэрніх курсаў – 2 млн. 400 тысяч, завочных – 740 тысяч. Такая падрыхтоўка падыходзіць для моцных, матываваных вучняў, якія гатовы шмат працаваць самастойна. Мінус іх у тым, што заняткі праходзяць у групах (як правіла 12 чалавек), таму эфектыўнасць іх будзе меншай, чым індывідуальных, асабліва для сціплых вучняў. Аднак ёсць і такія дзеці, якім больш падыхо­дзяць групавыя заняткі. Да таго ж, падрыхтоўка на курсах пры ВНУ дае магчымасць школьніку пазнаёміцца з выкладчыкамі, ад­­чуць атмасферу студэнцтва. Псіхалагічна гэта можа дапамагчы пры паступленні. У Брэсцкім дзяр­жаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна таксама праду­-гледжаны курсы па падрыхтоўцы да тэсціравання. 18-гадзінная праграма складаецца з трох заняткаў, якія праходзяць у нядзелю. Яны ўключаюць кансультаванне і аналіз тэставых матэрыялаў мінулых гадоў. Кошт навучання – 300 тысяч рублёў за адзін прадмет.
Як бачым, абітурыентам ёсць з чаго выбіраць. Але трэба памятаць, што любы з гэтых спосабаў падрыхтоўкі стане эфектыўным толькі тады, калі жаданне паступіць будзе на першым месцы, і да яго будуць прыкладзены ўпэўненасць у сваіх сілах і працавітасць.

Дар’я ЛУЦЫК.

Опубликовано ГЧ № 16 2.03.16г.

Добавить комментарий


www.agroxy.com

www.monaliza.kiev.ua/brands/silviamo-9-18let

срочный выкуп машин
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!