Аграгарадок “Велікарыцкі”

З левага боку аўтадарогі рэспубліканскага значэння Р-17 «Брэст-Макраны» за 28 км ад Брэста знаходзіцца в.Велікарыта. Да райцэнтра адсюль 19 км, да чыгуначнай станцыі Пажэжын — 8 км. Тыповая сельская глыбінка Палесся. Розніца толькі ў тым, што гэта ўжо не проста вёска, а аграгарадок. Работа па яе пераўтварэнню  вядзецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 годы з моманту атрымання гэтага статусу ў 2008 г. Населены  пункт стаў прыкметна змяняцца, папрыгажэў, атрымаў новы імпульс да развіцця.

Велікарыта вядома ажно з 1566г. Яна мае слаўнае мінулае. Тут калісьці дзейнічалі металургічная мануфактура, паштовая станцыя, карчма, крама, было адчынена народнае вучылішча (у 1900г. яго наведваў 61 вучань). У 1886 г., напрыклад, тут пражывала 1022 чалавекі, у 1939 г. — 1679. З 1940 г. у населеным пункце працавала МТС, дзе было 4 трактары. А 16 лютага 1949 г. арганізаваны калгас імя Сталіна.
Велікарыта — гэта малая радзіма вядомых у краіне лю­дзей: Платона Саевіча, міністра асветы БССР; Мікалая Селешчука, мастака, графіка; Аляксандра Васільевіча Хапалюка, доктара медыцынскіх навук, прафесара; Аляксандра Пятровіча Хапалюка, фізіка, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара.

Тутэйшыя мясціны вельмі прыгожыя. Вакол лясы, дзе шмат грыбоў і ягад, побач — аддзяленне «Руда» рыбгаса «Сакалова», 2 турбазы, парк «Велікарыта” — помнік прыроды мясцовага значэння. Тут растуць 2 самыя вялікія ў Беларусі букі, якія маюць узрост больш за 150 гадоў. Сёння гэтая тэрыторыя ўключана ў спіс старадаўніх паркаў і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Праз Велікарыту таксама праходзяць турыстычныя маршруты  «Азёры Палесся» і  «Край мой там, дзе Рыта льецца». Вёска з’яўляецца цэнтрам сельсавета і цэнтральнай сядзібай  СВК «Рыта». Жыхары сёння не адчуваюць сябе абдзеленымі выгодамі гарадскога жыцця. Яны тут не горшыя, чым, напрыклад, у райцэнтры. Да паслуг вяскоўцаў кафетэрый, магазіны — прадуктовы і прамысловых тавараў, бібліятэка з кніжным фондам 6300 экзэмпляраў, аддзяленне сувязі, аддзяленне «Беларусбанка». Акрамя гэтага, у вёсцы ёсць праваслаўная царква (пабудаваная ў 1850 г.), СДК на 150 пасадачных месцаў, лазня, яслі-сад, сярэдняя школа. Асаблівасцю  Велікарыты  з’яўляецца і тое, што тут функцыяніруе амбулаторыя агульнай практыкі (колькасць наведванняў — 20 чалавек у змену), бальніца сястрынскага догляду на 20 месцаў, аптэка, зубапратэзны кабінет. Ёсць у вёсцы і комплексны прыёмны пункт, дзе аказваюцца такія паслугі як рамонт швейных вырабаў, абутку, мэблі, бытавых машын і прыбораў, радыёапаратуры, гадзіннікаў. Тут таксама можна скарыстацца паслугамі цырульніка, фотапаслугамі. Таксама  прымаюцца заказы ў пральню і хімчыстку. Таму ўсе ўмовы для паўнавартаснага жыцця створаныя.
  Цяпер у Велікарыце жыве 348 чалавек, з іх 196 — праца­здольнага ўзросту, налічваецца 126 жылых хат, школу наведвае 90 вучняў, яслі-сад — 26 дзяцей.
— Аграгарадок — добра­ўпарад­каваны населены пункт, у якім ствараюцца вытворчая і сацыяльная інфраструктуры для забеспячэння ўсяго пакета сацыяльных стандартаў насельніцтву, — расказвае Віктар Кірычун, старшыня сельвыканкама. — Важнае месца ў Праграме адраджэння сяла адведзена жыллёвай сферы. У 2008 г. здадзена пад ключ 5 дамоў, у 2009 г. 4 індывідуальныя забудоўшчыкі засяліліся ў свае дамы. Акрамя таго, адрамантаваны 12-кватэрны дом. У вёсцы заасфальтаваны  вуліца Леніна, пад’езды да фермы, майстэрняў, зернясклада, завершана поўная тэлефанізацыя населенага пункта, праве­дзена замена ліній электраперадач. У вёсцы з’явілася новая свідравіна, водаправод па вуліцы Леніна і В.Абрамук (не цалкам), ажурная агароджа на цэнтральнай вуліцы.
На тэрыторыі аграгарадка знаходзіцца СВК «Рыта», асноўная спецыялізацыя якога —  раслінаводства і жывё­лагадоўля. У гэтых кірунках у гаспадарцы нядрэнныя  вынікі. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 4069 га, уся пасяўная плошча складае 2250 га. У распараджэнне сельсавета перададзена 2034 га зямлі, з іх — 1053 га раллі, 698 га — сенажацяў і пашы. Ура­джайнасць сельскагаспадарчых культур складае 26,0 ц/га збожжавых (у 2007 г. — 20,8), 209,0 ц/га гародніны (у 2008 г. — 171,0). Расце таксама прадуктыўнасць жывёлы. Напрыклад, сярэдні гадавы ўдой малака ад адной каровы ў 2009г. склаў 4294 кг (у 2008 г. — 4059 кг, у 2007 г. — 3670 кг, у 2006 г. — 3338 кг), сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе адной галавы БРЖ у 2009 г. склала 455 грамаў (у 2008 г. — 405 г), адбываецца расце пагалоўе БРЖ. У 2009 г. налічвалася 2233 галавы, у 2008 г. — 2168, у 2007 г. — 1779, у 2006 г. — 1712. Станоўчую дынаміку мае і вытворчасць асноўных відаў прадукцыі сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у 2009 г. сабрана збожжа (у вазе пасля дапрацоўкі) 3019 тон (у 2008 г. — 2222 тоны), гародніны — 523 тоны (у 2008 г. —  172 т,  у 2006 г. — 146 т). Тэмпы росту ёсць і ў вытворчасці мяса (2009 г. — гэта 285,1 тоны, у 2008 г. — 230,5, у 2007 г. — 220, у 2006 г. — 210) і малака (2009 г. — 2993 тоны, 2008 г. — 2585,4, 2007 г. — 2287, 2006 г. — 2033). СВК «Рыта» актыўна закупляе сучасную сельскагаспадарчую тэхніку. Толькі сёлета ўжо заключана дамоўленасцей на суму 968 млн. руб. Сярод іх — збожжаўборачны камбайн КЗС-1218-10, касілка КПР-9, пратручвальнік насення ПСС-20, пагрузчык “Амкадор-320”, машына для ўнясення ўгнаенняў МТТ-9, малагабарытны механічны сродак для хімапрацоўкі УЭСМ-010, камбайн кормаўборачны «Ягуар-870» і інш. Усё гэта ў канчатковым выніку дазволіць павысіць  якасць і эфектыўнасць сельгасвытворчасці.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: аб’екты аграгарадка “Велікарыцкі”.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.