Моцныя слабыя

Не ведаем, за што наш пол назвалі слабым. Толькі жыццё пастаянна пераконвае: такіх сярод нас ужо амаль няма. А вось моцных, і найперш духам сваім,-на кожным кроку.
Героі матэрыялаў, падрыхтаваных спецыяльна ў гэты перадсвяточны нумар газеты, зноў жа з ліку не слабых. На жыццёвым шляху кожнай з жанчын шмат было выпрабаванняў, цяжкасцей, але яны не зламалі іх, не зрабілі жорсткімі сэрцы, у чым лішні раз пераканаецеся і вы, калі прачытаеце гэтыя замалёўкі.

“Яна часта бярэ кнігу “Памяць” і доўга гартае ўжо зашмальцаваныя старонкі, робіць паметкі і чакае…, — заўважае дачка.

Звычайная, на першы погляд, сям’я, але з незвычайным лёсам. Галава сям’і – маці і толькі маці. Бацькі не стала яшчэ ў далёкім 1945-ым.
Варвара Сцяпанаўна Курдзюк з в. Ляхаўцы нарадзілася 17 снежня 1924 года. Так, зараз ёй 91 год. Дзяцінства і юнацтва жанчына ўспамінае не з радасцю. Па яе словах, даводзілася шмат працаваць, прыслужваць у іншых сем’ях.
…1943 год. Было вяселле. Быў жаніх. Праз паўтара гады ўсё знікла. Іосіфа, мужа Варвары Сцяпанаўны, забралі ваяваць. Забралі, але не вярнулі.
— Мы доўга шукалі бацьку. Пісьмы рассылалі па ўсім свеце. Апошняе наша пісьмо пайшло ў 1990 годзе ў Маскву, адказу не дачакаліся. Выратоўвала падтрымка стрыечнай пляменніцы з Польшчы. Яна з дня ў дзень працавала ў архіве, звярталася ў таварыства Чырвонага Крыжа, пасля чаго ўсё ж прыйшоў дакумент, які і сёння мы захоўваем, — успамінае дачка.
А ў ім гаварылася наступнае: загінуў 5 студзеня 1945 года пад в. Манеохі (Польшча). Целы рускіх салдат былі эвакуіраваны і перазахаваны. Не засталося ні імя, ні даты. Сёння гэта магіла 116. Простая лічба, якая перавярнула жыццё адной сям’і. Але нават гэтае пісьмо не прымусіла страціць веру. Любімы муж, бацька застаўся ў сэрцах дзвюх жанчын назаўсёды.
Трэба было жыць далей. Час паказаў, што разлічваць варта толькі на сябе і свае сілы. Варвара Сцяпанаўна пайшла працаваць у калгас, пабудавала дом, выгадавала дачку. Ды і дрэва, напэўна, пасадзіла. Яна рабіла ўсё магчымае, каб жыць не горш за іншых. У доме заўсёды былі хлеб і цукар.
Усё жыццё Варвары Сцяпанаўны – у яе рабоце. Сёння гэта цудоўная жанчына – ветэран працы. Жыве разам са сваёй дачкой Ганнай, настаўніцай пачатковых класаў, бо за веру ж павінны змагацца разам.
…Мы гаварылі пра ўсё. Але я так і не зразумела, як гэтая жанчына змагла столькі вынесці. З аднаго боку была работа, нежаночая работа, з другога – цяжкі груз успамінаў, горыч аб мужы, які загінуў, і дачка, якую трэба было выхоўваць. За ўвесь час нашай сустрэчы і размовы жанчына ні разу не паскардзілася на лёс. На яе жыццёвым шляху сустракаліся розныя людзі. Былі тыя, хто сапраўды падтрымліваў, а знаходзіліся і такія, каму было ўсё роўна. Але ў любой сітуацыі Варвара Сцяпанаўна не давала сябе пакрыўдзіць. Калі плакаць, дык каб ніхто не бачыў, калі смяяцца, дык тым, хто крыўдзіць, назлосць.
Калі я прапанавала зрабіць фотаздымак, гаспадыня не адмовілася, толькі папрасіла хвілінку пачакаць. Варвара Сцяпанаўна адкрыла свой куфар і пачала шукаць святочную хустку. У гэты час я ўважліва ўзялася разглядаць пакой. Чыстая, светлая спальнечка. Абразы… Шмат іх. З адзінага партрэта на сцяне на мяне ўтаропіўся цвёрды мужны погляд дзяўчыны. Гэта была маладзенькая Вара.
…Фотаздымак зроблены, а мяне па­частавалі смачным пірагом. У кожнай дробязі, у кожнай рэчы ў гэтым доме адчуваюцца жаночыя рукі. Рукі, якія ніколі не апускаліся. Вікторыя НІКІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Варвара Сцяпанаўна КУРДЮК.

 

Вайна, нястача, голад, холад, жыццё ў зямлянцы, частковая, а затым і поўная страта зроку, здрада мужа, скасаванне шлюбу, распад сям’і, неўладкаваныя двое дзяцей…Здавалася б, ну якія маральныя сілы могуць быць у жанчыны, што перажыла ўсё гэта. Але ў час сустрэчы з Аленай Рыгораўнай Карабейка, 72-гадовай маларытчанкай, пераканалася: мая гераіня не з ліку слабых, не з тых, хто ў такіх выпадках апускае рукі і страчвае надзею. Нягледзячы на перажытае і фізічную немач, яна па-ранейшаму жыццярадасная, аптымістычная. У яе голасе няма ні ноткі суму і журбы.

Жыве Алена Рыгораўна адна ва ўласным доме, які некалі пабудавалі з цяпер ужо былым мужам і бацькамі. Але адзінокай сябе не адчувае. Бо тут жа, у Маларыце, непадалёк жывуць і яе дзеці са сваімі сем’ямі: дачка Таццяна і сын Вячаслаў. І рэгулярна, бывае, што і тры разы на дзень, наведваюць маці. Большасць клопатаў, вядома ж, яны на сябе і бяруць, хаця Алена Рыгораўна, у чым мы пераканаліся, і сама можа без асаблівых праблем прыгатаваць стравы, паесці, знайсці ў хаце патрэбную рэч і да т.п.
— Усё магу рабіць сама, — гаворыць мая гераіня, — прывыкла, налаўчылася, хаця дзеці не даюць
Зрэшты, праблема з вачыма была ў Алены Рыгораўны яшчэ ў дзяцінстве. Сама яна звязвае гэта з тым, што ў гады вайны, а нарадзілася жанчына ў 1943-ым, іх сям’я, як і многія тады ў Збуражы, доўгі час жыла ў зямлянцы, каб схавацца ад немцаў. Не выключае і спадчынны ці генны фактар: невідушчай была яе бабуля па лініі бацькі. Вылечыць вочы, каб аднавіць ці хоць крыху палепшыць зрок, Алена Рыгораўна спрабавала не раз. Ездзілі нават на кансультацыю да вядомага расійскага афтальмолага Філатава. Але ён, на вялікі жаль, не абнадзеіў. Больш таго, зрабіў заключэнне, што аперацыя супрацьпаказана. Алене Рыгораўне ў хуткім часе далі I групу інваліднасці. Нават у такой сітуацыі жанчына не прыйшла ў роспач. І сябе супакойвала, маўляў, жывая, рукі, ногі ёсць, а што вочы не бачаць — не страшна. Сэрцам галоўнае ўсе радасці зямныя адчуваць. А яно ў маёй гераіні вялікае і добрае. Інакш не пайшла б яна ў медыцыну, якой аддала амаль 40 гадоў свайго жыцця, не даравала б мужу, які здрадзіў.
— Я на яго не злавала і крыўды ў ду­шы не трымала. Наадварот, шкадавала. Некалькі гадоў таму назад Міхаіл прыехаў праведаць. Хворы, ён, бачу, хутчэй за ўсё пасля інсульту. Пытаюся, чаго прыехаў? А ён мне расказвае, што калі ехалі ўсёй сям’ёй з дачы, трапілі ў аварыю. Абышлося, праўда, без ахвяр. Але Міхаіл прызнаўся: ”Я як падумаў, што мог бы загінуць, не папрасіўшы ў цябе прабачэння і не развітаўшыся з табою…”
А калі Міхаіл ад’язджаў, Алена Рыго­раў­на яму сумку з прадуктамі на дарогу сабрала.
— Дарога ж да Масквы далёкая, — сказала жанчына.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: Алена Рыгораўна Карабейка.

 

сёння памятае яна той страшны дзень 1978 года, калі ў іх сям’ю нечакана прыйшло гора: раптоўна не стала мужа, якому было толькі 40 гадоў. Рыгор памёр на сваім рабочым месцы, за рычагамі экскаватара, на якім працаваў. Так у свае 35 гадоў Вікторыя Адамаўна Троц стала ўдавою, на руках якой было двое малалетніх дзяцей.

Калі Рыгор і Вікторыя пажаніліся, жылі ў доме яго бацькоў. І хоць узаемаадносіны ў нявесткі і свекрыві былі добрымі, маладым хацелася мець уласнае жыллё, таму гаспадар сям’і і заклаў фундамент свайго дома па-суседску з бацькоўскім. Зрэшты, толькі гэта і паспеў. Каб не абцяжарваць удаву яшчэ большымі клопатамі, кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі, дзе Вікторыя Адамаўна тады працавала, прапанавала ёй новую добраўпарадкаваную кватэру ў Маларыце. Яна сама была быццам бы і не супраць такога варыянту, але катэгарычнымі аказаліся дзеці: яны ні ў якім разе не згаджаліся мяняць вёску на горад, дзе жылі і іх бабулі з дзядулямі, была родная школа, мноства сяброў. Таму ў Вікторыі Адамаўны заставалася два варыянты: альбо па-ранейшаму жыць у бацькоў мужа, альбо дабудоўваць уласны дом. І яна спынілася на другім. Тым больш, што вельмі хацелася давесці да канца пачатую мужам справу.
“Вочы баяцца, а рукі робяць”, — так часта гавораць у народзе. Уяўленне аб аб’ёме работ, што трэба было выканаць на будоўлі, страшылі і Вікторыю Адамаўну. Але ў выхадныя дні рукі самі бралі майстрок і выкладвалі цэглай то адну сцяну дома, то другую. Балазе, навыкам муляра жанчына паспела ўжо навучыцца, бо працавала ў брыгадзе, дзе былі вопытныя работнікі, і мела на той час высокі прафесійны разрад. Дапамагала і кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі, якое ніколі не адмаўляла адной з лепшых работніц выпісаць той ці іншы будматэрыял. А за парадамі і падказкамі ішла да родных – бацькоў, брата, сясцёр. Вось толькі грошай у іх ніколі не прасіла, нават не пазычала, старалася, каб хапала на будоўлю сваіх.
Пяць гадоў пайшло на ўзвядзенне дома. Затое якая радасць была, калі разам з дзецьмі Вікторыя Адамаўна справіла наваселле.
…Адчыніла веснічкі, і перад вачыма паўстала прыемнае відовішча: чысціня і парадак у двары. А калі зайшла ў хату, пераканалася, што рукі ў Вікторыі Адамаўны сапраўды залатыя. І не толькі ў плане таго, што імі жанчына-ўдава пабудавала ўласны дом, а затым яшчэ і хлявы, і гараж. Нястомнасць рук і іх працавітасць адчуваліся ў кожным з пакояў, дзе ўтульна і чысценька, дзе шмат кветак, вышытых карцін, ручнікоў, вытканых рэчаў.
Слухалася гэтых рук, па расказах жанчыны, і каса. Бо ў гаспадарцы ўтрымлівалася не адна карова, і на зіму для іх трэба было назапасіць нямала сена.
Вікторыя Адамаўна з гонарам за сваю прафесію называла аб’екты, на ўзвядзенні якіх яна ў свой час разам з брыгадай працавала. Усіх іх не пералічыць, бо вельмі шмат, амаль палова нашага райцэнтра. Пра тое, што жанчына любіла сваю прафесію, сведчаць яе шматгадовы будаўнічы стаж і безліч грамат, Пісьмаў падзякі, якімі яе заахвочвалі за адданасць прафесіі і бездакорнасць у выкананні прафесійных абавязкаў.
Рада Вікторыя Адамаўна Троц і за сваіх дзяцей, якія выраслі нядрэннымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, стварылі сем’і і ўсё ў іх атрымліваецца. Рада, што дачакалася ўнукаў і заўсёды з любоўю і цеплынёю сустракае іх у сябе ў доме, рада падзяліцца апошнім. Рада, што ў іх вёсцы, нарэшце, з’явіўся прыродны газ, выгоды якога адчула і яна; што і цяпер пра яе не забываюць у арганізацыі, дзе некалі працавала. Рада, што спатрэбіўся яе прыгожы народны голас, калі не ў мясцовым фальклорным калектыве, дзе яна некалі спявала, дык у царкоўным хоры. А яшчэ рада жанчына кожнаму новаму дню, які стараецца пражыць, як прывыкла: годна, напоўніць яго абавязкова нечым добрым і для сябе, і для іншых.
Вікторыя ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “перамога”. Нездарма гэтае імя далі некалі бацькі маёй гераіні. Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, якія выпадалі на яе долю, яна сапраўды была пераможцай. Дзякуючы вялікай сілы волі, дабрыні, чуласці, якімі надзяліў Бог гэтую цудоўную жанчыну.

Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Ляхаўцы.
НА ЗДЫМКУ: Вікторыя Адамаўна ТРОЦ.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 17     от 5.03.16г.

Добавить комментарий


https://cl24.com.ua

54674.kapli.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!