На дваіх адна прафесія

Ці лёгка жыць і  працаваць у вёсцы  маладым людзям, якія  выраслі ў горадзе? Як прывыкнуць да ціхіх,  аднастайных будняў пасля імклівай гарадской мітусні? Адказы на  гэтыя пытанні могуць даць Ігар і Дзіяна Забалоцкія, якія паўгода назад прыехалі працаваць у вёску Велікарыта.

На геаграфічнай карце маладой ся­м’і цяпер 4 на­селеныя пункты, якія адыгралі ў жыцці маладых мужа і жон­кі важную ролю. Дзіяна нарадзілася ў Лунінцы, Ігар — у Мазы­ры, сустрэліся яны ў Віцебску, а жывуць цяпер на Маларытчыне. Пазнаёміліся ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Выбраная прафесія ветэрынарнага ўрача, якая стала іх любімай справай, дапамагла ім знайсці і адзін аднаго. Не ведаю, ці думалі Ігар і Дзіяна аб тым, што маглі і не сустрэцца, калі б аддалі перавагу іншым прафесіям, навучальным установам…
Ігар і Дзіяна ву­чыліся ў адной гру­пе. З першага курса былі разам, а на чацвёртым – пажаніліся. На работу маладую сям’ю накіравалі ў СВК “Рыта”. Калі Забалоцкія даведаліся, што наступныя 2 гады правядуць у Велікарыце, адразу вырашылі пазнаёміцца з будучым месцам працы. Першае ўражанне было пазітыўным. Спадабаўся маладым людзям аграгарадок, які прылягае да трасы і адначасова знаходзіцца побач і з Маларытай, і з абласным цэнтрам.
— Практыку мы з Іга­рам таксама пажадалі пра­ходзіць у “Рыце”, каб бліжэй па­знаёміцца і з калектывам, у якім давядзецца працаваць, і з вясковым укладам жыцця. Сустрэлі нас добра, далі службовае жыллё і паабяцалі забяспечыць ім на час работы. Дзякуючы пазітыўным уражанням, у Велікарыту мы ехалі з добрымі спадзяваннямі і цяпер, калі прайшло ўжо 6 месяцаў працы, яны не сталі горшымі, — гаворыць Дзіяна Забалоцкая.
Учарашняму выпускніку адразу працаваць на пасадзе галоўнага ветурача – вялікі давер і такая ж адказнасць. Гэта Ігар За­балоцкі разумее, таму не ў яго правілах лічыцца з вольным часам, стомай, цяжкасцямі.
— На самой справе, ад добрай работы ветэрынарнай службы ў гаспадарцы залежыць многае. Не толькі здароўе жывёлы, узнаўленне статка, але і якасць малака, яго таварнасць. Паколькі ў студэнцкім багажы была толькі тэорыя, пачынаць даводзілася нялёгка, — успамінае Ігар.
У падначаленні галоўнага ветурача СВК “Рыта” Ігара Забалоцкага тры ветэрынары. Адзін з іх — яго жонка.
— Напэўна, размовы аб рабоце ведзяце і дома?-цікаўлюся ў маладых спе­цыялістаў.
— Безумоўна. Гэта толькі здаецца, што людзям адной прафесіі цяжка жыць ра­зам. Наадварот нам лягчэй. Мы вучымся адзін у аднаго, дзелімся атрыманым за дзень вопытам. Кожны з нас разумее спецыфіку работы, яе важнасць, таму ўзнікае менш канфліктаў, — як сапраўдная ахоўніца сямейнага ачагу робіць вывад маладая жонка.
Ігар і Дзіяна яшчэ толькі абжываюцца ў новым доме. Каб зрабіць у ім касметычны рамонт, гаспадарка выдзеліла грошы. Утульнасць тыповай службовай кватэры надалі жывёліны, якіх у доме шмат. З парога гасцей сустракае пародзісты кот. Залу ўпрыгожвае акварыум з рыбкамі. У другім пакоі жывуць побач два сямействы хвалістых папугаяў, развядзеннем якіх займаюцца маладыя ветэрынары. Разнастайнасць жывёлін у Забалоцкіх не толькі ў доме, але і ў хляве. Наперакор усім стэрэатыпам аб гарадской моладзі, Ігар і Дзіяна адразу ж на новым месцы абзавяліся гаспадаркай – набылі свіней, хатнюю птушку.
Вольны час, які выпадае рэдка, сям’я імкнецца праводзіць актыўна. Наведваюць басейн, трэнажорную залу ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Маларыце. У самой Велікарыце, на думку маладых людзей, варыянтаў адпачынку няшмат. Але ж у гаспадарцы цяпер працуюць 13 спецыялістаў, стаж якіх не перавышае 5 гадоў, таму ў маладых ёсць магчымасць зносіцца і на рабоце, і пасля яе.
Каб працаваць у сельгас­кааператыве, трэба быць вельмі адказным, не баяцца штодзённай руплівай працы і прафесію выбіраць па прызванні. Не можа быць добрага ветурача без трывалых ведаў, чулага сэрца і імкнення дапамагчы жывой істоце. Прыемна было пазнаёміцца з маладымі людзьмі, крэда якіх – кла­паціцца пра жывёлін.

Дар’я ЛУЦЫК.

На здымку: Ігар і Дзіяна Забалоцкія, сям’я ветурачоў СВК “Рыта”.
Фота Алега КРЭМЕНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 16 от 5.03.16г.

Добавить комментарий


www.medicaments-24.com

http://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!