Агратурызм

  Той, хто хоць аднойчы праводзіў свой водпуск у сваякоў, якія жывуць у вёсцы, ведае, што лепшага адпачынку не знайсці. Забыцца пра мітусню горада, адчуць галавакружэнне ад “глытку” вясковага паветра, у якім духмянасць скошанай травы, палявых кветак, змешваюцца з непаўторным водарам лесу, прачнуцца ранкам не ад гулу машын і шуму ў суседніх кватэрах, а пад клёкат буслоў і кукаванне зязюлі, — ці ж гэта не асалода? А як цікава дзіцяці паглядзець, як дояць кароўку ці набіраюць вады з калодзежа, пакарміць курэй, пабегаць басанож па роснай траве. У перавазе такога віду адпачынку пераканаліся многія. А таму даволі запатрабаванымі ў апошні час з’яўляюцца аграсядзібы, якія якраз і дазваляюць акунуцца ў “вясковую экзотыку”. З пачатку года лік аграсядзіб, якія арганізоўваюць сельскі адпачынак у нашым раёне, папоўніла яшчэ адна  — “Уладзімірская сядзіба”, якая з’явілася ў вёсцы Пажэжын. Як і іншыя, яна прапануе знаёмства з вясковай самабытнасцю, дае магчымасць пабыць у коле сям’і ці сяброў, адарваўшыся ад гарадской мітусні, арганізоўвае турыстычныя экскурсіі. Але ёсць у яе гаспадароў – Уладзіміра і Ірыны Бараноўскіх — і свае “фішкі”, якія прывабліваюць 

 

Арыенцірам “Уладзі­мірскай сядзібы” ў вёсцы Пажэжын у нейкай ступені служыць “сувораўскі” ка­лодзеж – незвычайны сведка мінулага, які захоўваецца ў суседнім з аграсядзібай двары. Гаспадыня сядзібы Ірына, ветлівая, гаваркая жанчына, між іншым кандыдат юрыдычных навук, сустрэла нас ля варот. З першых слоў можна было адчуць добрую атмасферу, якую ўмела стварыла гаспадыня сваёй добразычлівасцю і непадробнай шчырасцю. І праз пяць хвілін размовы я ўжо ніколькі не сумнявалася і ў тым, што ўся сям’я Бараноўскіх шчыра палюбіла вёску Пажэжын, і ў тым, што свой турыстычны бізнес брэстаўчане распачалі тут, каб проста гарманічна спалучаць цікавую справу і ад­пачынак.
З пажэжынскімі мясцінамі Ірына Бараноўская паз­наё­мілася выпадкова, калі аднойчы па справах заехала ў вёску.
— Убачыўшы прыроду, якая акружае Пажэжын, я была ў захапленні. Вярнулася дамоў і сказала: хачу мець дом менавіта ў гэтай прыгожай вёсцы, — успамінае гаспадыня аграсядзібы.
Думка пра дом у Пажэжыне не была летуценнай, яна пераўвасобілася ў мару, якую падтрымалі і муж Уладзімір, і сыны Георгій і Сямён. І неяк адразу гэтую мару Бараноўскія спалучылі з ідэяй пабудаваць аграсядзібу. Пачалі шукаць у вёсцы дом, які прадаецца. Знайшлі. Па­глядзелі. Купілі. Ірына пакупкай была задаволена. Прычым настолькі, што настроіла сям’ю адмовіцца ад думкі пра аграсядзібу, і абуладкаваць дом пад дачу, каб у любы час можна было прыехаць сюды і адпачыць. А таму добраўпарадкоўвалі дом Бараноўскія з душою, як для сябе. І кожны пакой атрымаўся ўтульным. Калі ж рамонтныя работы былі завершаны, гаспадары дома зноў падумвалі пра аграсядзібу. Менавіта тады з дапамогай сяброў, знаёмых, суседзяў-вяскоўцаў, з якімі ўжо наладзіўся кантакт, пачалі збіраць яны розныя старадаўнія рэчы, ствараючы ў доме атмасферу беларускай старажытнасці, каб людзі, якія прыедуць адпачываць, змаглі адчуць рамантыку вяртання ў мінулае. І вось у кутку заняў сваё месца калаўрот, на прыпечку з’явіліся чыгункі, гліняныя гаршкі, гладышыкі. Лік вясковых рарытэтаў папоўнілі стары гадзіннік, прасы, плеценыя вазоны, драўляныя куфары і многае іншае. Такія рэчы звычайна ўносяць сваю адметнасць у дэкор. Але гаспадары “Уладзімірскай сядзібы” многім з іх знайшлі практычнае прымяненне. У куфрах, да прыкладу, захоўваецца бялізна. І зручна, як кажуць, і незвычайна.
Калі аграсядзіба была яшчэ ў стадыі планаў і задум, Ірына задалася мэтай вывучыць перспектывы развіцця турызму ў вёсцы Пажэжын. У інтэрнэце яна адшукала шмат ці­ка­вай інфармацыі пра пажэжынскія мясціны.
— Мяне зацікавілі такія помнікі прыроды, як самы вялікі ў Беларусі Цар-дуб, Патрыярх-дуб, Пажэжынская крыніца. Я даведалася, што станцыі “Пажэжын” ужо 100 гадоў, што недалёка знаходзіцца магіла, дзе пахавана сям’я Кіжаватава, а ў самой вёсцы – кало­дзеж, які пабудавала некалі войска Суворава. Побач і вёска Велікарыта – радзіма вядомага мастака Мікалая Селешчука. А ўсё гэта – цудоўныя экскурсійныя маршруты. Іх распрацоўкай мы і заняліся, — расказвае Ірына.
І ўсё ж аднымі экскурсіямі, вясковай цішынёй і адасаб­леннем ад шумнага свету ва ўлонні прыроды сучаснага чалавека на адпачынак у аграсядзібу не заклічаш. Гэта разумелі Бараноўскія. А таму і вырашылі зрабіць ухіл на актыўны адпачынак. Каб арганізаваць яго, набылі квадрацыклы, веласіпеды. На іх можна адправіцца ў суправаджэнні гаспадароў сядзібы па экскурсійных маршрутах. А для тых, хто жадае паспытаць вясковай “экзотыкі”, адшукалі ў мясцовых жыхароў каня і прапануюць пакатацца на павозцы.
Пачынаць любую справу, тым больш турыстычны бізнес, нялёгка. Тут, акрамя жадання, як адзначае Ірына, важна яшчэ адчуць падтрымку.
— Я вельмі ўдзячна спе­­­­­цыя­лістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, якія падтрымалі нашу ідэю, увесь час дапамагалі парадамі і цяпер пастаянна цікавяцца справамі. Не адчулі мы ніякіх перашкод і тады, калі бралі крэдыт у банку. Уважліва ставіцца да нас мясцовая ўлада. Адным словам, дзяржава ў пытаннях арганізацыі аг­ратурызму чалавека падтрымлівае.
Ва “Уладзімірскай ся­дзі­бе”, якая прапануе як сямейны, так і карпаратыўны адпачынак, за кароткі час пабывала ўжо нямала гасцей. Як вядома, акрамя інфармацыі на розных сайтах у інтэрнэце, працуе яшчэ і “сарафаннае радыё”. Пра цікавы адпачынак у беларускай глыбінцы тыя, хто ўжо наведаўся ў Пажэжын, расказваюць сваім сябрам і знаёмым. Цяпер гаспадарам сядзібы паступаюць заяўкі і з Расіі, і нават з далёкага замежжа. А гэта, як адзначае Ірына, стымул развівацца.
Участак, на якім размеш­чана “Уладзімірская ся­дзіба”, даволі невялікі. І ўсё ж на ім знайшлося месца і для лазні на дровах, і для арэляў, і для агародзіка, і для маленькага пчальніка, дзе, як плануюць гаспадары, будзе арганізаваны “сон на вуллях”. Каб зрабіць акцэнт на сямейным адпачынку, Бараноўскія ўзялі крэдыт на развіццё і плануюць абуладкаваць дзіцячую пляцоўку. На ёй з’явіцца прыгожая вялікая горка з месцам для сенавала, дзе для дзяцей можна будзе прапанаваць “фіта-сон”.
Будаўніцтва дома, добраў­парадкаванне, арганізацыя адпачынку для гаспадароў “Уладзімірскай сядзібы” — справа агульнасямейная. Ірыну як маці радуе тое, што ў аграсядзібе любяць праводзіць вольны час яе сыны. Яны даглядаюць за тэхнікай, забяспечваюць усё, што датычыцца актыўнага адпачынку. І гэта аб’ядноўвае сям’ю.
… З гаспадарамі гуляем па тэрыторыі сядзібы. Нават калі ў прыродзе перавалодваюць шэрыя фарбы, яна не здаецца сумнай. Тут вольна дыхаецца, быццам бы падмацоўваешся сілай зямлі, раскрываешся насустрач прастору палёў, якія пачынаюцца адразу за плотам. Вось яна – душэўная гармонія. Ці ж не за ёю едуць у аграсядзібу?
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  № 16 от 5.03.16г.

Добавить комментарий


avrora-trans.com/services/oversized_transportation/Farm_Equipment
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!