ДОБРЫ СПАРТЫЎНЫ ПРЫКЛАД

Спартыўныя спаборніцтвы – гэта не толькі здароўе і цікавы адпачынак. Яны згуртоўваюць калектыў, падтрымліваюць яго камандны дух. Разумеюць гэта  ў Ма­ла­рыцкім лясгасе, таму правялі нядаўна спартакіяду сярод сваіх работнікаў на базе ўніверсальнага спартыўнага комплексу “Жамчужына”. Такія спаборніцтвы праходзілі ўпершыню. Ініцыятарам іх правядзення выступіў прафсаюзны камітэт (старшыня Людміла Губей) лесагаспадарчай установы пры падтрымцы дырэктара лясгаса Аляксандра Зелянко.

На старт выйшла 11 каманд: інжынерна-тэхнічных работнікаў лясгаса і РММ, цэха дрэваапрацоўкі, лесапункта, Велікарыцкага, Гвозніцкага, Маларыцкага, Олтушскага, Пажэжынскага, Ужоўскага, Хаціслаўскага і Чарнянскага лясніцтваў.
У праграму спартакіяды былі ўключаны такія віды спорту, як валейбол (мужчыны), плаванне (эстафета, 50 метраў – мужчыны, 25 метраў — жанчыны), падняцце гіры вагой 24 кг (мужчыны), дартс, кіданне мяча ў баскетбольнае кальцо, скачкі ў даўжыню з месца (мужчыны і жанчыны), а таксама стральба з пнеўматычнай вінтоўкі для кіраўнікоў каманд. Ва ўсіх відах спаборніцтваў разгарнулася ўпартая барацьба, у іх было шмат захапляльных і напружаных момантаў.
Вынікі спартакіяды вызначылі яе відавочных лідараў. Прыкладам для іншых стала каманда Хаціслаўскага лясніцтва, якая ў выніковай турнірнай табліцы і заняла першае месца. Між іншым, прадстаўнікі гэтай каманды сталі лепшымі ў падняцці гіры, кіданні мяча ў баскетбольнае кальцо, скачках у даўжыню з месца, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Другое месца ва ўпартай барацьбе заваявалі інжынерна-тэхнічныя работнікі лясгаса і РММ, трэцяе — прадстаўнікі Олтушскага лясніцтва. У спаборніцтвах па валейболе першае месца заваявала каманда Чарнянскага лясніцтва, у дартсе – цэха дрэваапрацоўкі, у плаванні — інжынерна-тэхнічных работнікаў лясгаса і РММ. У асабістых заліках лепшыя вынікі паказалі: у дартсе – Таццяна Кардзялюк (Ужоўскае лясніцтва) і Сяргей Гладун (Маларыцкае лясніцтва), у падняцці гіры – Сяргей Тарасюк (Хаціслаўскае лясніцтва, 124 разы), у кіданні мяча ў баскетбольнае кальцо – Анатоль Баброўскі (Чарнянскае лясніцтва) і Вера Ганчар (Хаціслаўскае лясніцтва), у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – Васіль Пятручык (Хаціслаўскае лясніцтва).
-Сённяшняя спартакіяда, — гаворыць Наталля Касянюк, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце лесагаспадарчай установы, — стала своеасаблівым святам спорту і здароўя для тых, хто працуе ў Маларыцкім лясгасе. У каманд-удзельніц былі азарт, стымул змагацца за перамогу. Лепшыя з нашых спартсменаў узнагароджаны Кубкамі, дыпломамі і грашовымі прэміямі. Усе, хто прымаў удзел у спартакіядзе, ніколькі пра гэта не пашкадавалі. Ад імя Маларыцкага лясгаса хочацца выказаць шчырыя словы падзякі адміністрацыі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна за арганізацыю і створаныя ўмовы для правядзення спартакіяды.
* * *
Маларыцкія лясгасаўцы паказалі добры спартыўны прыклад, які варта пераняць і іншым працоўным калектывам раёна для далейшага далучэння насельніцтва да здаровага ладу жыцця. Усё гэта ў рэшце рэшт спрыяе фізічнаму і маральнаму аздараўленню, папулярызацыі і развіццю масавых форм фізічнай культуры і спорту сярод работнікаў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў.
У Маларыцкім лясгасе вырашылі спартакіяду сярод сваіх работнікаў зрабіць традыцыйнай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у ча спартакіяды сярод работнікаў Маларыцкага лясгаса.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 17 от 5.03.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!