Аналіз на чалавечнасць

 

На гадзінніку 7.45. Але на чацвёртым паверсе райбальніцы, ля кабінета, дзе здаюць аналізы крыві, ужо стаяць людзі. Займаю чаргу. Тры жанчыны, што ў чарзе перада мной, гучна гутараць. Прыслухоўваюся. Размова заходзіць пра Ганну Касцючык.
— Сюды б яе, — кажа адна жанчына. – Чарга ў адзін момант знікла б.
— Так, — зга­джаецца другая, — умела Ганна працаваць. Спецыяліст вышэйшага класа. І да кожнага кліента падыход хутка знаходзіла, асабліва — да дзяцей. Усё ў яе руках нібы гарэла. Спраўная ж   якая была. Ці многа цяпер ёсць такіх,  як Ганна?
— Сапраўды,  цудоўным была яна лабарантам, — пацвяр­джае і трэцяя жанчына. — За шчырасць, дабрыню і адкрытасць Ганну Аляксееўну ўсе любілі, паважалі. Рэдкай, незвычайнай душы чалавек, вельмі любіла яна сваю работу.
Жанчыны падказалі адрас, па якім пражывае Ганна Касцючык. І вось я ў яе ў гасцях. Даведаўшыся пра мэту майго візіту, жанчына шчыра заўсміхалася, падзякавала за добрыя словы.
-Але самае важнае, што ў людзей добрая памяць пра мяне засталася, — заўважыла Ганна Аляксееўна. Вочы яе заіскрыліся незвычайным агеньчыкам. — Гэта, напэўна, самае галоўнае ў жыцці чалавека. Сем гадоў амаль ужо не працую, а памятаюць яшчэ мяне людзі.
Калі б не сяброўка, у Ганны Казарэз (прозвішча да замужжа) лёс склаўся б зусім па-іншаму, бо з медыцынай будучае звязваць не збіралася зусім. Былі іншыя планы і намеры. Закончыўшы сярэднюю школу, Ганна з сяб­роўкамі паехала паступаць у БДУ на фізіка-матэматычны факультэт. Марыла стаць настаўнікам. Аднак уступныя экзамены  здала не вельмі добра, таму па конкурсу не прайшла. Куды далей? Сяброўка, якая таксама не паступіла, стала ўгаворваць разам падаць дакументы ў  медыцынскае вучылішча. Яе аргументы сталі перака­наўчы­мі.
— Назад, у вёску, вяртацца зусім не хацелася. Таму вырашыла вучыцца, — успамінае Ганна Аляксееўна. – Перасіліўшы сябе, дакументы падала ў Мінскае медыцынскае вучылішча №1 на спецыяльнасць “фельчар-лабарант”. Туды залічылі з адзнакамі, што атрымала ў БДУ. Праўда,  даздала адзін экзамен па біялогіі. У медыцыну зусім не цягнула. Гэта было не маё. Я хацела вучыць дзяцей, дапамагаць ім адкрываць таямніцы фізікі, спасцігаць законы ма­тэма­тыкі. А тут – уколы, таблеткі, хворыя…
Ганна ўсё ж паехала вучыцца. Прайшло не так і многа часу, дзяўчына палюбіла сваю будучую прафесію. Без яе і жыцця свайго ўжо не ўяўляла. Усё Ганне стала падабацца. І вось вучоба закончылася. З дыпломам у руках маладога спецыяліста накіроўваюць у Маларыту.
Барыс Львовіч, тады галоўны ўрач, да якога Ганна пайшла на прыём на наступны дзень, удакладніў: няма вакансій. Днямі раней на работу ў Маларыту пры­ехала яшчэ адна дзяўчына, таксама фельчар-лабарант. Таму ўсе пасады аказаліся занятымі.
— Збірай рэчы і едзь назад, дадому, — катэгарычна сказаў галоўны ўрач.
Ганна вымушана была вярнуцца ў гасцініцу.
— Праз нейкі час за мной прыехаў Іван Нічыпаравіч Масюк, шафёр з “хуткай”,  — працягвае Ганна Аляксееўна. – Ён мяне папрасіў вярнуцца назад, пасадзіў у машыну, прывёз зноў у паліклініку, завёў да галоўнага ўрача. Словам,  на работу мяне ўзялі. Думала, што часова, а аказалася – назаўжды. Сёння я ўдзячна лёсу, што апынулася ў Маларыце.
І з 1 жніўня 1964 г. Ганна Касцючык стала працаваць фельчарам-лабарантам у паліклініцы Маларыты.
З таго часу і да выхаду на пенсію тут і працавала. Тут, у Маларыце, і  сваё шчасце знайшла.
Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, яшчэ 3 гады працавала.
— Папрасілі некаторы час папрацаваць, — расказвала  мая субяседніца. – У выніку 39 гадоў аддала Маларыцкай  ЦРБ, атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Прафесійная дзейнасць лабаранта патрабуе высокай адказнасці за даследаванні, якія праводзіш, вымагае назіральнасці, каарды­нацыі руху рук, цярпення, уважлівасці, акуратнасці, добрасумленнасці, асця­рожнасці і пунктуаль­насці. Акрамя таго, лабаранту трэба валодаць такімі рысамі характару, як дабрыня, сардэчнасць, спагадлівасць, уменне хутка ісці на кантакт. Гэта ўсё было ў Ганны Касцючык. Таму і карысталася яна заслужанаю павагаю ва ўсіх пацыентаў пастаянна. Аналізы на чалавечнасць у Ганны Аляксееўны заўжды адпавядалі норме, колькі б яна іх ні здавала.
— Я, можа, і яшчэ б працавала, — прызнаецца Ганна Касцючык, — але не дазволіла здароўе. Ды і мужа ўжо не было. Пасля яго смерці стала наведваць царкву. Тут паступова знайшла тое, чаго так не хапала ў жыцці. Вера ў Бога абнадзеіла, акрыліла, дазволіла на многія рэчы зірнуць зусім па-іншаму. У складанасцях жыцця, яго праявах дапамагаюць разабрацца кнігі з царкоўнай бібліятэкі.
Ганна Аляксееўна пераканана, што сэнс жыцця чалавека – у служэнні бліжняму. Заўжды і ўсюды трэба думаць і дбаць пра таго, хто побач. Неабходна дапамагаць справаю, словам. Гэтым жанчына сёння і жыве.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Касцючык, былы фельчар-лабарант з 39-гадовым стажам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


микрокапельный полив

oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!