Другое прышэсце Былога старшыні

      На справаздачна-выбарным сходзе работнікаў СВК “Арэхава” падведзены вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці  гаспадаркі ў мінулым годзе  і абраны новы кіраўнік.

Ім стаў Канстанцін Багатка, які дагэтуль працаваў галоўным заатэхнікам ААТ “Камароўка” Брэсцкага раёна, а яшчэ раней (з 2002 па 2007 год) — узначальваў СВК “Арэхава”. Прычым небеспаспяхова.
…Чуткі пра тое, што ў гаспадарку прыйдзе новы кіраўнік, у Арэхаве з’явіліся яшчэ ў пачатку лютага. Вядома ж, усіх цікавіла, хто гэты смяльчак, які згадзіўся ўзначаліць сельгаспрадпрыемства, якое да нядаўняга часу яшчэ неяк зводзіла канцы з канцамі, а пасля далучэння да яго пазалетась суседняга СВК “Ланская”, стала не проста бедным, а ўвогуле стратным. Хвалявала гэтае пытанне і мяне, бо да спраў у калгасе, дзе працаваў бацька, як і да лёсу маёй маленькай радзімы, ніколі не была абыякавай. І калі быў агучаны парадак дня сходу, паўдзельнічаць у якім прыехалі старшыня райвыканкама Мікалай Шум і яго першы намеснік Вадзім Галоўчык, адным з пунктаў якога было звальненне кіраўніка гаспадаркі па ўзгадненні бакоў, я міжволі абвяла вачыма перапоўненую залу, каб убачыць таго, каго аднавяскоўцам належала выбіраць новым старшынёй, але нікога незнаёмага не ўбачыла…
Справаздачу перад перапоў­не­най залай СДК трымаў кіраўнік гаспадаркі Мікалай Пакроўскі. У чарадзе лічбаў, назваў і прозвішчаў, недзе аздобленых крылатымі фразамі старажытных філосафаў, а недзе прымаўкамі, нібыта на далоні быў бачны малюнак сённяшняга СВК “Арэхава”. Шматлікія прозвішчы і імёны лепшых механізатараў і жывёлаводаў, якіх і сама ведаю як працавітых і дысцыплінаваных работнікаў, пацвярджалі, што арэ­хаўцы ўмеюць і могуць працаваць. Ды толькі лічбы чамусьці гаварылі пра адваротнае.
Узяць, да прыкладу, жывёла­га­доўчую галіну, на якой, па сутнасці, трымаеццца эканоміка гаспадаркі. Прадуктыўнасць кароў летась тут склала усяго 3907 кілаграмаў — самы нізкі паказчык у раёне. А СВК “Арэхава” — адзінае на Маларыт­чыне сельгаспрадпрыемства, якое не выйшла на 4-тысячны рубеж па надоі малака на карову. План продажу малака выкананы толькі на 97,5 працэнта. Асобнай размовы заслугоўвае яго якасць. Гатункам экстра малака рэалізавана 1,83 працэнта ад агульнай колькасці. Гэта другі паказчык знізу пасля СВК “Гвозніца”. Яшчэ 65,43 працэнта малака прададзена вышэйшым гатункам, а астатняе – першым і другім. Больш за 6 тон яго вернута назад. У параўнанні з 2014 годам, летась знізілася і тлустасць малака. Усё гэта вылілася для гаспадаркі ў 980 мільёнаў рублёў страт, якія маглі пайсці на павышэнне зарплаты ці на тое ж паліва, каб своечасова убраць з палеткаў салому. А калі сюды дадаць яшчэ невытворчае выбыццё жывёлы, якое дасягнула 28 працэнтаў, нізкія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку на вырошчванні, высокі сабекошт малака і мяса, вось і набяжыць 4 млрд. 437 мільёнаў рублёў страт, якія гаспадарцы летась прынесла жывёлагадоўчая галіна. Раслінаводчая, хоць і спрацавала з плюсам, змагла толькі на 1 млрд 113 мільёнаў пакрыць іх, але не кампенсаваць такую вялікую суму поўнасцю. У выніку ж вытворчая дзейнасць прынесла СВК 3 млрд. 147 мільёнаў рублёў страт.
Дзеля справядлівасці варта сказаць, што і Мікалай Пакроўскі, і галоўныя спецыялісты, якія выступалі на сходзе, не толькі агучвалі свае “дасягненні”, але і спрабавалі аналізаваць вынікі такога гаспадарання. Маўляў, недзе быў аслаблены кантроль за работай падначаленых, таму і якасць малака была дрэннай, а яшчэ нездавальняючая работа па вы­рошч­ванні маладняку, вялікая ску­чанасць жывёлы і неналежнае яе ўтрыманне, неэфектыўная дзейнасць агранамічнай службы, у прыватнасці, у вырошчванні насення шматгадовых траў, якое магло б даваць сельгаспрадпрыемству добрую грашовую выручку, неэфектыўнае выкарыстанне машынна-трактарнага парка, недахоп кармоў. І гэта, бадай, самая галоўная прычына зніжэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, бо народную мудрасць “Малако ў каровы на языку” яшчэ ніхто не адмяняў.
Падрабязней на кармах і іх якасці, якія атрымлівае грамадскі статак, у сваім выступленні спы­ніў­ся галоўны заатэхнік сельгас­кааператыва Аляксандр Бойка. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што ў дадатак да таго, што кармоў і сапраўды было нарыхтавана мала, дык з 20 траншэй толькі дзве аднесены да 1 класа, астатнія – да 2 і 3-га ці ўвогуле някласныя. Вось і атрымалася: якія кармы, такое і малако. У завяршэнні свайго эмацыянальнага выступлення Аляксандр Бойка ўвогуле “парадаваў” прысутных на сходзе работнікаў гаспадаркі: фуражу, якога на зімова-стойлавы перыяд 2015-2016 гадоў было назапашана ўсяго 15,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, засталося толькі да 20 сакавіка. А далей — адна салома. І тая невядома якой якасці. Мне ж з гэтай нагоды ўспомнілася прымаўка, якую аднойчы пачула: “Да Юр’я (6 мая) хопіць кармоў і ў дурня, а ў разумнага – да Міколы (22мая)”. Гэта не абражанне, а народны эпас. Тым больш, што ў нас на календары толькі сакавік.
… Асноўныя лічбы справаздачы старшыні і выказванні спе­цыя­лістаў гаспадаркі, акрамя мяне, у зале занатоўваў у сваім блакноце яшчэ мужчына, які крыху спазніўся на сход і, уладкаваўшыся ў пярэднім радзе, уважліва слухаў кожнага выступоўцу. У тым ліку і старшыню райвыканкама Мікалая Шума, які патлумачыў вяскоўцам сітуацыю, што склалася ў гаспадарцы і чаму прыйшла неабходнасць замены кіраўніцтва. Мікалай Мікалаевіч падзякаваў Мікалаю Пакроўскаму за працу на пасадзе старшыні: не ўсё было так дрэнна за 9 гадоў яго кіраўніцтва. І ў тым, што СВК “Арэхава” па выніках работы за мінулы год увайшоў у лік стратных гаспадарак, не варта вінаваціць толькі старшыню, бо не ўсё тут адназначна. Усе вінаваты, бо працавалі ў адной запрэжцы.
А пасля кіраўнік раёна парэ­камендаваў новым старшынёй сельгаскааператыва абраць Канстанціна Багатку (незнаёмца ў першым радзе), якога арэ­хаў­цы добра ведаюць, распавёў (каб не было ніякіх недамовак) пра тое, чаму 9 гадоў таму яму давялося пакінуць гэтую пасаду. Магчыма, камусьці з работнікаў сельгас­прадпрыемства гэтая кандыдатура была і не даспадобы, але большасць згадзілася з прапановай раённай улады абраць сабе новага старога старшыню, каб разам з ім выходзіць з крытычнага становішча, у якім аказаліся. Магчыма, гэта ў іх і атрымаецца, бо нездарма ж Канстанцін Багатка сказаў, выступаючы перад цяпер ужо сваімі работнікамі, што такіх згуртаваных людзей, як у Арэхаве, няма нідзе…
Надзея ЯЦУРА.

На здымках: новы старшыня СВК “Арэхава” Канстанцін Багатка дзякуе работнікам за аказаны давер, а былы — Мікалай Пакроўскі – за работу.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 18 от 12.03.16 г.

Добавить комментарий


дизайн интерьера офисов

посмотреть shah21.com.ua

xn--80adrlof.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!