А Ў НАС У КВАТЭРЫ ГАЗ …

Аналіз прычын, з-за якіх здарылася трагедыя ў Барысаве, калі загінуў не адзін чалавек, даў падставу работнікам арганізацый, што забяспечваюць нашы з вамі дамы газам, для таго, каб дасканала праверыць газавае абсталяванне, якое стала незаменным у цяперашнім быце.
Праверку газавага абсталявання праводзяць таксама і работнікі Маларыцкага раёна газазабеспячэння. Пра вынікі яго і не толькі карэспандэнту райгазеты расказаў галоўны інжынер Юрый Буян.

— Юрый Фёдаравіч, колькі кватэр і дамоў у нашым горадзе і раёне ўжо абследавана?
— За перыяд з 29 студзеня па 2 сакавіка гэтага года было абследавана 980 кватэр, дзе выкарыстоўваюць воданагравальнікі газавыя праточныя ці калонкі, і 622, у якіх устаноўлены газавыя катлы.
— Што можаце сказаць пра вынікі абследавання?
— Уласнікам 74 і 264 кватэр, дзе выка­рыс­тоўваюцца газавыя катлы і калонкі адпаведна, выдадзены акты. У іх указаны недахопы, якія на працягу вызначанага часу трэба ліквідаваць. 28 газавых калонак прызнаны непрыгоднымі да эксплуатацыі, таму мы іх цалкам адключылі. У аднаго ўласніка жылля адключаны і газавы кацёл.
— Вашы работнікі, наколькі вядома, правяралі не толькі работу газавых прыбораў і абсталявання, але і наяў­насць дакументаў ці актаў, выдадзеных прадстаўнікамі спецыялізаваных арганізацый у час абследавання і пра­чысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў. Ва ўсіх домаўладаннях такія дакументы ёсць?
— Цалкам ці часткова не прадаставілі нам такія акты ў 68 дамах.
— Як грамадзяне ставіліся да праверак?
— Па-рознаму. Адны — з поўным разуменнем, другія — абураліся. А ў 131 кватэру мы наогул не мелі магчымасці трапіць — самі грамадзяне не забяспечылі нам магчымасць правесці абследаванне.
— А як быць у такім разе?
— На сёння, 2 сакавіка, мы заканчваем пісаць пісьмы-паведамленні ўласнікам. Калі дом на балансе ЖКГ, значыць, мы пішам пісьмо туды, калі кааператыўны — кіраўніцтву кааператыва з просьбай пасадзейнічаць у правядзенні праверкі. Калі ж і гэта не дапаможа, згодна з нарматыўнымі дакументамі мы маем права давесці да ведама органаў мясцовай улады, што падача газу ва ўстаноўленыя тэрміны ў неправераныя кватэры і дамы будзе спынена зручным для нас спосабам.
— Не ўпэўнена, але магу меркаваць, што многія грамадзяне не забяспечылі доступ у свае домаўладанні, бо думалі, што за абследаванне трэба будзе пла­ціць грошы.
— Усе работы па пазапланавай праверцы мы праводзілі і праводзім бясплатна.
-Не сакрэт, што ў многіх з нас газавыя калонкі і катлы эксплуатуюцца вельмі шмат гадоў. І, вядома ж, такое абсталяванне ўяўляе небяспеку для саміх жа нас. А значыць, яго трэба мяняць. Вось тут і ўзнікае праблема, на якую часцей за ўсё кожны з нас і спасылаецца: ”А за што купіць новае абсталяванне, калі жыву на адну невялікую пенсію ці такую ж зарплату?” Ці ёсць магчымасць у вашай арганізацыі дапамагчы грама­дзянам вырашыць гэтую праблему?
— Той, каму неабходна замяніць, да прыкладу, газавую калонку, павінен напісаць заяву на імя кіраўніка нашай арганізацыі. Такія заявы мы фарміруем і згодна з імі самі прывозім калонкі з нашага галоўнага прадпрыемства, устанаўліваем іх. Абанент аплачвае і кошт калонкі, і работы па яе ўстаноўцы згодна з прэйскурантам цэн. Па ўзгадненні з кіраўніцтвам нашай арганізацыі абаненту можа прадастаўляцца растэрміноўка. Калі ж нехта жадае замяніць газавую пліту (а ў многіх ужо даўно закончыўся нарматыўны тэрмін эксплуатацыі іх, таму і пліты будзем адключаць), зноў жа неабходна напісаць заяву на імя кіраўніка нашай арганізацыі. Як і ў мінулым годзе, у рэспубліцы працягваецца акцыя па замене газавых пліт. Таму мы дастаўляем і мяняем пліты зусім бясплатна, незалежна ад таго, дзе жыве абанент: у горадзе ці далёка ад райцэнтра.
— А самі ж пліты не бясплатныя?
— Не, кошт іх аплачвае абанент. Прычым, можна і ў растэрміноўку.
— Многіх будзе цікавіць, якія гэта пліты: вытворчасці Брэсцкага завода газавай апаратуры ці Гомельскага?
— Брэсцкага. Яны ёсць у наяўнасці розных памераў і па рознай цане. Таму вельмі хацелася б, каб нашы грамадзяне не ўпусцілі магчымасць і ўсе, у каго пліты старыя і непрыгодныя да эксплуатацыі, як і калонкі і іншае газавае абсталяванне, замянілі іх. Гэта ж у мэтах асабістай бяспекі кожнага.

Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано ГЧ  № 18 от 12.03.16 г.

Добавить комментарий


оборудование для полива

progressive.ua

続きを読みます
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!