Зорка маларыцкага Алімпу

Вы калі-небудзь адчувалі смак перамогі? Сэрца б’ецца ў шалёным рытме, пульс зашкальвае, нават ногі ледзь трымаюць цябе ад адчування доўгачаканага поспеху. На некалькі хвілін эйфарыя перакрывае ўсе думкі, а ў галаве ўсё гучыць: “Атрымалася!”.
Юнай спартсменцы Ліліі Аўдзіюк гэтае пачуццё вельмі знаёмае. Лёгкай атлетыкай, а, дакладней, кіданнем кап’я, займаецца дзяўчына ўжо два гады. Яе тата некалі таксама займаўся спортам, а потым і сваю дачку зацікавіў  гэтым відам спорту.  Поспехі не прымусілі доўга чакаць. У свае 14 гадоў яна ўжо 4 разы была чэмпіёнкай вобласці ў кіданні кап’я, а ў раёне дык і наогул роўных няма ёй у яе ўзроставай катэгорыі. Але ж дабіцца поспеху можна толькі пастаянна працуючы над сабой.
— Трэніруюся я тры разы ў тыдзень.  Пасля школы даводзіцца адразу бегчы дадому, каб паабедаць і — на трэніроўку, без якой ужо не магу, — з пазітыўным настроем распавядала Ліля.
А пасля спартыўных заняткаў трэба зноў сядаць за ўрокі. Бо вельмі важна, каб вучоба і спорт сябравалі. У такім рытме Ліля прывыкла праводзіць кожны дзень.
Сябры і родныя заўсёды падтрымліваюць Лілю, а гэта вельмі важна, бо ў спорце раз на раз не даводзіцца: сёння – няўдача, заўтра — поспех. Настойлівасць і баявы настрой дапамагаюць юнай спартсменцы сабрацца і паказваць свае здольнасці. Лепшы вынік Лілі – палёт кап’я на 33 метры 55 сантыметраў.  А гэта нарматыў другога дарослага разраду. Калі ісці такімі тэмпамі, дык і да Алімпійскіх гульняў недалёка. Між іншым, яна спрабуе сябе і ў іншых відах лёгкай атлетыкі, але ж кап’ё  для дзяўчыны па-за канкурэнцыяй.
— У Лілі вялікі патэнцыял, які ўзмацняе жаданне займацца спортам. Вельмі адказная і мэтанакіраваная, яна зможа дасягнуць вялікіх перамог, калі будзе працягваць займацца ў належным рытме, — так ацаніў здольнасці Ліліі яе трэнер Мікалай Васільевіч Кавальскі.
Ліля плануе звязаць сваё жыццё са спортам, марыць паступіць у ВНУ на спартыўны факультэт. Праўда, напера­дзе яшчэ тры гады вучобы ў школе. Хто ведае, магчыма, вельмі хутка мы пабачым яе на зорным Алімпе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ
НА ЗДЫМКУ:  рэкардсменка раёна па кіданні кап’я Лілія Аўдзіюк.
Фота аўтара.

Зорка маларыцкага Алімпу: 2 комментария

  • 01.11.2010 в 11:41 пп
    Permalink

    малодчинка!успехов ей в будущем!нашей малодёжи хоть примером будет.

  • 07.11.2010 в 11:06 дп
    Permalink

    лиля the best

Добавить комментарий


Buy Testex Pro-250 online in USA

ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!