Так патрабуе час

Прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца, – менавіта так характарызавалі “Савушкіна” многія з тых, хто выступаў на справаздачным сходзе. Аб гэтым сведчылі і лічбы, якія называў у сваім дакладзе яго кіраўнік Сяргей Гусак.
За 2015 год работнікамі “Савушкіна” выраблена прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 128 мільярдаў рублёў, што склала 109% да ўзроўню года папярэдняга. На долю прадпрыемства даводзіцца амаль 25% прадукцыі, што выраблена ў цэлым ў раёне. Атрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 1 работніка 364 мільёны рублёў. На 111% выкананы гаспадаркай прагнозны паказчык па вытворчасці малака, на 107% — па ўдою на карову, на 114% — па продажы малака, на 106% — па вырошчванні жывёлы.

Нягледзячы на тое, што на 136 гектараў былі паменшаны плошчы зерневых, ураджай зерня, дзякуючы захаванню тэхналогіі вырошчвання, быў атрыманы на 479 тон большы, ураджайнасць склала 48,3 цэнтнера з гектара. Але з-за павелічэння сабекошту прадукцыі, што звязана ў першую чаргу з павышэннем цэн на сродкі аховы раслін, мінеральныя ўдабрэнні, прыбытак у галіне раслінаводства прадпрыемства не атрымала.
У агульнай суме выручкі “Савуш­кіна” ад рэалізацыі прадукцыі 94% прыпадае на жывёлагадоўлю, з іх 74,4% складае выручка ад малака. Летась удой на карову склаў 7706 кілаграмаў, а на ферме “Лясная” ён яшчэ большы — 7843. 98% малака рэалізавана гатункам экстра, таварнасць склала 95,3%. Па вытворчасці малака прадпрыемства займае 29-е месца ў рэспубліцы. Ад продажу малака атрымана 21,3 мільярда рублёў прыбытку, рэнтабельнасць склала 30,4%. А таму і далей, як адзначалася ў дакладзе, галоўная ўвага павінна надавацца развіццю галіны жывёлагадоўлі, утрыманню высокай планкі. Тым больш, што ёсць рэзервы яшчэ.
Сёння “Савушкіна” – прадпрыемства, на прыкладзе якога вучацца іншыя. Але спецыялісты яго не спыняюцца на набытым вопыце, вучацца самі, раяцца з кансультантамі буйных кампаній у нашай рэспубліцы і за мяжой. Для больш эфектыўнай работы, нарошчвання вытворчасці сельгаспрадукцыі і паляпшэння яе якасці ў развіццё прадпрыемства ўкладваюцца немалыя сродкі: праводзіцца рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, набываецца новая тэхніка. Значны ўпор у сённяшніх няпростых эканамічных умовах у “Савушкіна” робяць на эканомію. За 2015 год, як падкрэслівалася ў выступленні кіраўніка, на 7 тон скарацілася спажыванне бензіну, на 43 тоны – дызельнага паліва. Пры правядзенні сельгасработ, паспяваючы зрабіць усё сваімі сіламі, прадпрыемства практычна адмовілася ад паслуг райаграпрамтэхнікі. А гэта з’эканомленыя сродкі, якія можна ўкладваць у далейшае развіццё прадпрыемства.
Спыняючыся на задачах, якія стаяць перад калектывам, дзе працуе 387 чалавек, Сяргей Гусак адзначаў важнасць сканцэнтравацца на няўхільным выкананні ўсіх тэхналагічных аперацый, ска­рачаць затраты на вытворчасць прадукцыі, пачынаючы з элементарнага: эканоміі святла, выключэння халастых прабегаў транспарту, адхілення ад зада­дзеных маршрутаў. Гаварыў ён і пра тое, як важна планаваць усе віды работ з абавязковым падлікам таго, ці дасць укладанне сродкаў патрэбны прадпрыемству вынік.Такіх адносін да справы, як падкрэсліваў кіраўнік, патрабуе час.
Выкарыстоўваць усе рэзервы, каб не спыняцца, а рухацца далей, нацэльвалі калектыў “Савушкіна” намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы прадпрыемства “Савушкін прадукт” Якаў Бухавецкі і першы намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Галоўчык, якія прынялі ўдзел у справаздачным сходзе.
Якія б важныя і складаныя за­дачы ні ставіла на перспектыву прадпрыемства, вырашаць іх людзям, якія тут працуюць. А калектыў “Савушкіна”, як адзначалася ў выступленнях, здольны працаваць эфектыўна. Павышэнне эфектыўнасці вытворчасці садзейнічае і росту заработнай платы. У аператараў машыннага даення яна складае ў сярэднім 7 мільёнаў 60 тысяч рублёў, у механізатараў – 6 мільёнаў 432 тысячы рублёў, у жывёлаводаў 5 мільёнаў 184 тысячы рублёў, у вадзіцеляў – 4 мільёны 258 тысяч рублёў. Лепшым работнікам прадпрыемства не забываюць аддзякаваць за стараннасць. Вось і на сходзе прэміі і граматы атрымалі ўсе сумленныя, працавітыя работнікі, людзі адданыя сваёй справе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачнага сходу ў “Савушкіна”.

Опубликовано ГЧ № 19 от 16.03.16 г.

Добавить комментарий


777.techno-centre.niko.ua

photolifeway.com

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!