На белых ствалах з’яўляецца сок

У прыродзе ўсё хуткабежна, непрадказальна і зменліва. Ехалі  раніцай у аўторак у Чарняны,  каб падрыхтаваць гэты матэрыял,  і здавалася, што на вуліцы зіма: лес быў у белым снежным убранні, крыху прымарозіла.  І думалася, які можа быць бярозавы сок, калі на вуліцы далёка не плюсавая  тэмпература, а пад нагамі — снег. Але сакавік нездарма так назвалі. Нягледзячы на норавы надвор”я, бярозы, спыніўшы свае“слёзы” на пэўны час, калі прыгрэла сонейка, зноў пачалі “плакаць”.

…Разам з ляснічым Чарнянскага лясніцтва Сяргеем Астапуком прабіраемся праз не зусім добрую дарогу углыб лесу за вёскай Новы Двор, дзе ідзе нарыхтоўка бярозавага соку. Сяргей Сяргеевіч расказвае, што на гэтай рабоце ў іх лясніцтве заняты 6 чалавек, дзве брыгады. Колькі бярозавага соку трэба нарыхтаваць згодна з планам? 80 тон. На той дзень, 15 сакавіка, чвэрць ад неабходнага ўжо ў лясніцтве нарыхтавалі і здалі на ААТ”Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”.
Ляснічы ўдакладняе, што прамыслоўцы ніякіх прэтэнзій да якасці барозавага напою не прад”яўлялі. Ён адпавядаў усім нормам.
— А які сок лічыцца самым смачным? — цікаўлюся ў Сяргея Астапука.
Аказваецца, з бяроз, што растуць на ўзвышаных месцах. Раскрывае Сяргей Сяргеевіч і яшчэ некаторыя сакрэты:да прыкладу, для шчодрага сокаруху бяроза павінна быць сырарастучай, а самы пладавіты яе“ўзрост” — ад 45 да 75 гадоў. Каб не нашкодзіць дрэву, трэба выбіраць яго і з адпаведным дыяметрам: не менш чым 20 сантыметраў.
А вось і 12-ы квар­тал. Пад на­га­мі снег, хо­лад­на,“спяць” і бярозкі, хаця, ад­чуваецца па на­поў­неных пакетах, калі было цёпла,”моцна плакалі”. Частуюся сокам. Празрысты як шкло, чысцюткі як снег і вельмі смачны, ён сапраўды аказвае цудоўнае ўздзеянне на ар­га­нізм. Здаецца, дабавілася сіл: і ма­ральных, і фі­зіч­ных.
Заўважаю, з якой любоўю ляснічы расказвае пра лес, і пра сябе адзначаю, што ў сваёй прафесіі ён не выпадковы. І сапраўды, мару звязаць сваё жыццё з прафесіяй работніка лясной гаспадаркі Сяргей Астапук выношваў яшчэ з 8 класа. Закончыў тэхнікум, а сёлета — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і атрымаў яшчэ адзін дыплом спецыяліста лясной гаспадаркі.
Хапае турбот не толькі ў ляс­нічага, але і ў майстра лесу Аляксандра Клебановіча. І ён дыпламаваны спецыяліст, бо ў свой час закончыў Полацкі лясны тэхнікум. Той факт, што і Аляксандру прафесія даспадобы, пацвярджае яго 18-гадовы стаж работы ў лясніцтве.
З задавальненнем дзяліліся Сяргей Сяргеевіч і Аляксандр Паўлавіч не толькі сакрэтамі сваёй прафесіі, але і прапанавалі ўсім нам некалькі рэцэптаў кансервавання бярозавага соку. Ніякія іншыя напоі не прагоняць так смагу ў спякоту, як гэты лясны эліксір здароўя, калі яго аздобіць не толькі цукрам, лімоннай кіслатой, але і дадаць галінку чорных парэчак, маліны, 2 ледзянцовыя карамелі тыпу ”дзюшэс” ці ”барбарыс”, дольку апельсіна ці лімона (на 3-літровы слоік 200 грамаў цукру, на кончыку чайнай лыжкі — лімоннай кіслаты і па жаданні ўсё з пералічанага). Непаўторны смак будзе ў бярозавага напою, калі на 3-літровы слоік, акрамя цукру (на смак) дадаць 200 грамаў яблычнага соку.
Што датычыць непасрэдна нарыхтовак, дык і сёлета, каб пазбегнуць непрыемнасцей, бярозавы сок можна выпісаць. Цана яго даступная. Ва ўсякім выпадку, намнога меншая за штраф, які можна зарабіць, калі праігнараваць прыродаахоўнае заканадаўства і самавольнічаць.
…Калі вярталіся з Чарнян назад, свяціла ласкавае сонейка. Снег растаў. І зноў моцна ”плакалі” бярозы. Сакавік заяўляў пра сябе на ўсю моц. Прырода жыла вясною.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: ляснічы Сяргей Астапук (злева) і майстар лесу Аляксандр Клебановіч заўсёды жыццярадасныя, бо добрую энергію ім пастаянна дае лес, які яны любяць і да якога беражліва адносяцца.

Фота Алега
КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ №20 от 19.03.16г.

Добавить комментарий


Шкаф металлический детальнее на сайте.
смотреть на сайте

www.fashioncarpet.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!