Спадчынны талент

Мастацкі талент – дар спадчынны.  У гэтым у чарговы  раз пераканалася, пазнаёміўшыся з  маларытчанкай Аленай Аляксюк.

— У нашай сям’і малююць усе, — распавядала пра сябе Алена. — Памятаю, дзядуля нас, малых, радаваў малюнкамі жывёлін, добра яны ў яго атрымліваліся. Закончыла мастацкае вучылішча мама. Нядрэнна малявала і сястра. І я ў школе любіла ўрокі малявання, наведвала гурток. Але пра тое, каб набыць прафесію мастака, не задумвалася.
На думку пачаць свой самастойны шлях з мастацкага каледжа навяла дзяўчыну маці. Пачуўшы, што ў Кобрынскім каледжы плануюць аб’явіць набор на прафесію дызайнера, яна завяла з дачкой, якая вучылася ў дзявятым класе Хаціслаўскай школы, размову пра будучыню. Алена зацікавілася, настроілася на паступленне. І нават калі даведалася, што па абранай ёй спецыяльнасці набор будзе толькі пасля заканчэння агульнаадукацыйнага курса школы, а на аснове базавай адукацыі можна набыць спецыяльнасці роспісу па дрэве, інкрустатара і абіўшчыка мэблі, вырашыла ўжо не мяняць рашэння і паступаць. На кожным курсе каледжа Алена адкрывала для сябе нешта новае, цікавае. Але лепш за ўсё ёй давалася ра­бота з фарбамі. Да яе, можна сказаць, цягнулася душа. Таму, калі з’явілася магчымасць адправіцца на практыку ў іканапісную майстэрню пры манастыры ў Слоніме, вельмі ўзрадавалася, бо разумела, што там зможа рэалізаваць сваё жаданне маляваць. Год работы пасля заканчэння каледжа быў сапраўды творчым, даў магчымасць паўдзельнічаць маладой мастачцы ў многіх праваслаўных выставах. Але Алена адчувала, што яшчэ не знайшла сябе. Яна вырашыла змяніць месца працы і ўладкавалася ў адзін з дзіцячых садоў горада Брэста. Яе непасрэдныя абавязкі былі далёкімі ад творчасці, бо справаводства патрабавала дакладнасці. Але і на новым месцы работы спатрэбіліся мастацкія здольнасці Алены. Даведаўшыся пра набытую ў каледжы прафесію, кіраўнік дашкольнай установы папрасіла дзяўчыну зрабіць эскізы для маляўнічага афармлення агароджы. Праз пэўны час дзеці ўжо радаваліся прыгожым малюнкам, якія акружылі тэрыторыю дзіцячага сада з усіх бакоў. Маляваць для дзяцей, як прызнаецца Алена, было вельмі прыемна, мастачка сама адчувала радасць.
У Маларыту, бліжэй да сваёй маленькай радзімы, Алёна пераехала тады, калі выйшла замуж. Трэба было шукаць новае месца работы. І тут даведалася яна, што ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва патрэбны кіраўнік гуртка. Падрыхтавала сваё рэзюме, і яе прынялі на работу. Праўда, першыя дні работы чакала з хваляваннем. Ведала, што вучыць творчасці давядзецца “асаблівых” маладых людзей.
— Думала, будзе цяжка знайсці з імі кантакт, навучыць нешта ствараць. Але памылялася. Вельмі хутка зразумела, што наадварот яны з жаданнем вучацца новаму, уважліва слухаюць, ахвотна падтрымліваюць любую прапанову. З імі і сама многаму ўжо навучылася, — прызнавалася ў размове Алена.
Сапраўды, юнакі і дзяўчаты, якія даўно наведваюць заняткі ў аддзяленні, умеюць ужо многае – плятуць кошыкі з паперы, робяць тапіарыі з сурвэтак, займаюцца модульным арыгамі, робяць кар­ці­ны і пано са скуры. Алена да ўся­го гэтага пастаралася дабавіць свой штрышок – мастацкі. Цяпер на выстаўках аддзялення ёсць і вы­рабы, распісаныя фарбамі, – кухонныя дошкі, ключніцы, бутэлькі. А для пастаноўкі агіттэатра намалявала Алена яркія дэкарацыі, што прывабліваюць вока гледача.
— Для творчасці патрэбны адпаведны настрой. Натхненне мо­­жа даць і праменьчык сонца, які ўба­чыш ранкам, адкрыўшы вочы, і нейкі прыгожы выраб. Важна не ўпусціць гэтае натхненне, — заўва­жае Алена.
Менавіта ад настрою і натхнення залежыць і той час, які затрачваецца мастаком на стварэнне шэдэўра. Карціну маслам, як адзна­чае Алена, можна маляваць і некалькі месяцаў. Вядома, калі яна не з натуры. А вось калі мастак адпраўляецца на ўлонне прыроды, яму трэба паспець захапіць момант, запомніць яго такім, які быў ён менавіта ў гэтую хвіліну, бо праз пэўны час зменіцца накірунак сонца, магчыма, набяжыць хмара, і адлюстраваць першапачатковыя фарбы будзе вельмі складана. Але такая творчасць самая рамантычная. Гэтую рамантыку па­мя­тае Алена яшчэ з маленства, калі маці разам з дочкамі, Аленай і яе сястрой, прыхапіўшы эскізнікі, адпраўлялася на лясную палянку. Пакуль мастачка малявала, дзяўчынкі гулялі і час ад часу заглядалі, здзіўляючыся таму, як хутка з-пад пэндзля “вырастаюць” ландышы. Маміны карціны дзяўчынкі вельмі любілі. Іх і цяпер Алена захоўвае як дарагую рэч. А вось свае карціны і розныя сувеніры ахвотна дарыць сваякам, сябрам, знаёмым. Праўда, дома на творчасць не заўжды знаходзіцца час. Затое ёсць магчымасць ствараць прыгожае ў час заняткаў у гуртку “Самадзелкін”.
— Я вельмі рада, што мае работа і захапленне – гэта цяпер адно цэлае, — шчыра прызналася Алена.
А мне ўспомнілася прачытанае нядаўна выказванне: “Знайдзіце сабе работу даспадобы і вам не давядзецца працаваць ні аднаго дня ў сваім жыцці!”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Алена Аляксюк са сваімі вырабамі.

Опубликовано ГЧ № 20 от 19.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.