Прымак ляхавецкай зямлi

Іван Панчук  не мае  дзяржаўных узнагарод,  ніколі  не ўдзельнічаў у вялікіх форумах  і не стаяў за высокімі трыбунамі,   але гэта ніколькі не змяншае  яго чалавечай годнасці, бо прызнанне і павага людзей за цвёрдую жыццёвую пазіцыю, якой ён прытрымліваецца ва ўсім,  намнога  даражэйшыя  за  любы медаль.

Хоць іншы раз гэтая прынцыповасць, а яшчэ прамалінейнасць у выказваннях і меркаваннях, уласны пункт гледжання на тую ці іншую праблему і абыходзяцца яму дорага. Так было, напрыклад, у яго бытнасць галоўным аграномам калгаса “Новы шлях”. Толькі старшыня Рыгор Кацярыніч (цяперашні Ігар Бурда ў яго жыцці ўжо 12-ы кіраўнік), па словах Івана Іванавіча двойчы вызваляў яго ад займаемай пасады. І двойчы вяртаў назад.
А яшчэ з-за прынцыпу пасля 2-га курса пакінуў вучобу ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, дзе займаўся на завочным факультэце: не здаў экзамен па вышэйшай матэматыцы, а прасіць выкладчыка, каб паставіў станоўчую ацэнку, ці тым больш купляць яе не дазволіла непрымальнасць па жыцці набыцця такім чынам дыпломаў. Увогуле ж, калі гаварыць пра вучобу, то яна, па словах самога Івана Панчука, была ў яго незайздросная. Таму і з вышэйшай матэматыкай так атрымалася.

З оаповяду Івана Іванавіча (на здымку) даведалася, што з першага па пяты клас ён вучыўся ва ўкраінскай школе ў вёсцы Млынова Ратнаўскага раёна, адкуль родам яго бацька і дзе да 1966 года жыла іх сям’я. Пасля Панчукі перабраліся на радзіму маці – у вёску Боркі Макранскага сельсавета. Тут Ваня закончыў яшчэ 2 класы: 6 і 7, праўда, ужо беларускай школы. А ў 8-ы пайшоў у Макранскую сярэднюю. Вядома, што пра моцныя веды, хоць у хлопчыка і былі схільнасці да вучобы, пры такім навучанні гаварыць не даводзілася. Тым больш пра паступленне ў ВНУ. Добра гэта разумеў і сам Іван. Таму пасля 8 класа ён пайшоў у 65-е прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў у Брэсце. За два гады вучобы ў ПТВ хлопец не толькі набыў спецыяльнасць сталяра-цесляра, але, як гавораць, без адрыву ад “вытворчасці” закончыў у Брэсце 9-11 класы і атрымаў сярэднюю адукацыю. Пасля заканчэння вучылішча, да прызыву ў армію, год працаваў у абласным цэнтры на будоўлі.

Служыў хлопец з беларускай глыбінкі на БАМе. Праўда, салдат Іван Панчук хоць і меў будаўнічую спецыяльнасць, не ўдзельнічаў у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. Ён служыў радыстам у войсках сувязі, дзе ўсё было строга па распарадку і нічога звышардынарнага і неадметнага. Ва ўсялякім выпадку, так пра сваё армейскае жыццё распавядаў сам колішні салдат.
Калі служба ў арміі была ўжо за плячыма, зноў вярнуўся на будоўлю. І хоць усяго 3 месяцы доўжыўся гэты перыяд, у жыцці Івана ён пакінуў незабыўны след. Напамінам пра той поўны юначага запалу і энтузіязму час зараз з’яўляецца будынак цэнтральнага ўнівермага ў Брэсце: ёсць у ім і доля яго працы. Няхай і невялікая, але ёсць. І мацней пачынае біцца сэрца былога будаўніка, калі бывае ў абласным цэнтры і праходзіць ці праязджае міма ЦУМа. Гэта таксама яго жыццё, няхай і не прадоўжанае ў іншых аб’ектах…

Апасадзейнічаў такому павароту лёсу Івана Панчука тагачасны старшыня калгаса імя Кірава Георгій Пухоўскі. Невядома, што ён наабяцаў маладому будаўніку, калі той прыязджаў на выхадныя да бацькоў, ды ўсё ж пераманіў яго ў гаспадарку. І ў пачатку мая 1976 года Іван працаваў ужо брыгадзірам. Узначальваў брыгаду ў Новых Борках.
Каб адпавядаць свайму новаму статусу: вядома ж, што сярэдняй адукацыі было яўна недастаткова для работы з зямлёй, завочна паступіў на агранамічны факультэт Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума, які ў хуткім часе пакінуў. Але не з-за непаспяховасці. Нехта падказаў яму, што ў Віцебскай вобласці ёсць саўгас-тэхнікум з паскораным тэрмінам навучання на базе сярэдняй адукацыі. Так у 1977 годзе Іван Панчук стаў студэнтам стацыянарнага аддзялення Смальянскага саўгаса-тэхнікума, які закончыў з адзнакай і праз два гады з дыпломам агранома-арганізатара зноў вярнуўся ў калгас імя Кірава.

У опачатку 1980 года на партыйным сходзе калгасныя камуністы прынялі маладога спецыяліста, які зарэкамендаваў сябе прыкладным і адукаваным работнікам, кандыдатам у члены КПСС. Гэта быў высокі давер старэйшых таварышаў. І Іван Панчук ва ўсім стараўся апраўдваць яго: і на рабоце, і ў грамадскім жыцці, і ў асабістым таксама. Руплівасць у рабоце і вялікая патрабавальнасць да падначаленых і да сябе, якія таксама давалі добры плён, не засталіся незаўважанымі кіраўніцтвам гаспадаркі: 1 жніўня таго ж года ён быў прызначаны на пасаду галоўнага агранома. А ўжо восенню, пасля завяршэння ўборкі… вызвалены з работы.
— Год той быў дажджлівы, — успамінаў падчас сустрэчы Іван Іванавіч падзеі мінулых гадоў. – Таму некаторыя палеткі аказаліся падтопленымі, і мы не змаглі ўбраць 200 гектараў збожжавых. Вінаватым стаў я, бо, як аказалася, не там іх пасеяў…
Пра час той Іван Іванавіч распавядаў з сумнай усмешкай, але без крыўды на некага. Тым больш, што за 36 гадоў работы аграномам (з 10-ю кіраўнікамі калгаса “Новы шлях” ён быў на пасадзе галоўнага), чаго толькі ні здаралася. Ну а калі ўзначальваеш галіну, значыць, і за пралікі ў яе дзейнасці адказваеш. Хоць і не заўжды толькі ты ў іх вінаваты. Ды і не ўсё ў сельскай гаспадарцы, на жаль, залежыць толькі ад чалавека.

Не, Іван Панчук не расчараваўся ў сваёй рабоце. Ён і далей збіраўся працаваць на зямлі, ды толькі не галоўным аграномам, які прападаў на рабоце амаль што суткамі. А ў яго ўжо была сям’я, якой таксама неабходна было ўдзяляць увагу. Таму калгас “Зара” і саўгас “Маларыцкі”, дзе на той час патрэбен быў галоўны аграном і дзе яму прапанавалі работу, адразу ж адпалі. Адпаў і калгас “Перамога, куды яго зноў жа запрашалі. А вось “Новы шлях”, дзе таксама была вакантнай пасада яшчэ аднаго агранома і адкуль была родам яго жонка, падышоў. Так у пачатку 80-ых Іван Панчук стаў ляхавецкім прымаком не толькі ў прамым сэнсе, але і ў пераносным.
— У песні, наколькі памятаю, прымакова доля незайздросная…
— Я, мабыць, выключэнне, — не без долі гумару адказвае Іван Іванавіч. – Маё “прымацкае” жыццё ў Ляхаўцах зусім не падобнае на долю небаракі з песні. За 36 гадоў, што жыву і працую тут, ніколі не адчуваў сябе чужынцам і не чуў у свой адрас дрэннага слова . Наадварот, мне здаецца, што кожнага жыхара вёскі, якая па-сапраўднаму стала для мяне маленькай радзімай, ведаю з маленства. І знаёма мне тут усё да драбніц: кожная лагчынка, кожныя ўзгорак і кусцік…
Яно і зразумела. Бо ўсе гэтыя гады, па сутнасці больш за палову жыцця, пражытыя тут. У Ляхаўцах выраслі яго сыны. Старэйшы Руслан — інжынер па працаёмкіх працэсах, сярэдні Сяргей – участковы ў Велікарыце. Малодшы Аляксандр, як і старэйшы брат, таксама звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай: працуе механізатарам. Тут пахавана яго жонка, якой не стала 14 гадоў таму…

І о работа, якой займаецца Іван Панчук, звязана з зямлёй і людзьмі, на якой увесь гэты час яны працуюць разам. Нават, калі калгаса “Новы шлях”, які потым быў СВК «Ляхаўцы», ужо няма на сельскагаспадарчай карце раёна: ён стаў вытворчым падраздзяленнем суседняй гаспадаркі, а былы галоўны аграном, які, як і шмат гадоў таму, калі пачынаў сваю працу ў калгасе , зноў з’яўляецца спецыялістам цяпер ужо ААТ “Макраны”, яны ўсё роўна разам. Бо ён зараз узначальвае ўчастак “Ляхаўцы”, па сутнасці, сваю былую гаспадарку. Як і раней, жыхары Ляхаўцаў і навакольных вёсак з усімі вытворчымі праблемамі, а часам і з бытавымі неладамі ідуць да яго. Ён жа па меры магчымасці і ў рамках сваёй кампетэнцыі стараецца ўсім дапамагчы. З павагай адносіцца да людзей старэйшага пакалення. Івана Іванавіча вызначаюць чалавечнасць і прыстойнасць. Пра гэта распавядалі былая загадчыца магазіна з Макран Валянціна Манжук, жыхарка вёскі Ляхаўцы Вікторыя Троц, работнікі Ляхавецкага СДК.

Ганарыцца Іван Панчук (у добрым сэнсе гэтага слова), што яшчэ напачатку сваёй працы ў калгасе “Новы шлях” раз і назаўжды вырашыў праблему з соткамі для вяскоўцаў. Як адказны за іх надзел, участкі пад бульбу ў полі заўжды выдзяляў і выдзяляе не па прынцыпе, хто лепшы, а строга па парадку. Вядома ж, усім не дагодзіш, затое справядліва. І людзі даўно прывыклі ўжо да гэтага правіла і не ходзяць услед за ім, калі Іван Іванавіч адпраўляецца ў поле адмерваць вяскоўцам соткі пад бульбу: ведаюць, што будзе як летась і пазалетась – строга па парадку. А знайсці свой участак змогуць па прозвішчы, напісаным на калочках, якія, нібыта салдацікі, з’яўляюцца вясной на мяжы паміж надзеламі.
— Ды што зараз соткі надзяляць, — усміхаецца начальнік участка, — усяго 40 гектараў. А калісьці толькі на брыгаду “Ляхаўцы” разыходзілася каля 120.

І опаказчыкі работы агранамічнай службы тады былі бачныя. Адна брыгада ва ўраджайныя гады намалочвала зерня столькі, колькі апошнім часам “выдавала “ ўся гаспадарка. Ураджайнасць збожжавых дасягала 40 цэнтнераў з гектара, а бульбы – 360 цэнтнераў. Былі дні, па словах Івана Панчука, калі механізатар, які быў задзейнічаны на ўборцы бульбы, накопваў па 200 тон адборных клубняў. А ўсё таму, што ў калгасе дзейнічала такая прагрэсіўная форма арганізацыі і аплаты працы, як брыгадны падрад. На вырошчванні бульбы працавала звяно механізатараў, якія самі рыхтавалі глебу для яе пасадкі, уносілі арганіку, апрацоўвалі ад пустазелля і каларадскіх жукоў, а пасля ўбіралі вырашчаны ўраджай. Людзі былі зацікаўлены ў канчатковым выніку, які даваў добрыя дывідэнды, таму, акрамя агранома і брыгадзіра, за станам пасеваў і іх своечасовай апрацоўкай сачыў і сам звеннявы. На думку аграрыя, менавіта спецыялізацыя можа прынесці добры плён у вытворчасці сельгаспрадукцыі. І за прыкладам, як гавораць, далёка ехаць не трэба, бо ўсё гэта было не дзе-небудзь у трыдзявятым царстве, а на ляхавецкіх палетках усяго нейкіх пару дзесяцігоддзяў таму…

Успаміны… Яны заўжды закранаюць самыя патаемныя куточкі душы чалавека, часам і няпрошаная сляза затуманьвае вочы. Ды гэта не пра Івана Панчука. Бо ён па жыцці аптыміст. Таму пра ўсе перыпетыі свайго жыцця і працоўнай дзейнасці распавядаў з гумарам. Маўляў, за праўду неаднойчы быў “біты“, але гэта ніколькі не перашкаджае прытрымлівацца сваіх жыццёвых прынцыпаў і сёння. І толькі блакітныя вочы яго ў некаторыя імгненні нашай размовы станавіліся задумлівымі і сумнымі, што гаварыла пра тое, як гэта няпроста быць верным сабе ў наш няпросты час…
Надзея ЯЦУРА.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 21 от 23.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


pills24.com.ua

www.oncesearch.com/category/gay

www.buysteroids.in.ua/tabletirovannyie-anabolicheskie-steroidyi/turinabol/turanabolic.html