Люстэрка нашага жыцця

У сэнс слова “культура” закладзены многія  каштоўнасці, таму яго трэба разглядаць  як шматграннае паняцце. Год культуры абяцае быць багатым на знакавыя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.  А што ўкладваюць у паняцце “культура”самі грамадзяне? Што, на іх думку,  прыўнясе 2016-ы ў наша жыццё? Пра гэта даведаецеся, калі прачытаеце матэрыял,  падрыхтаваны карэспандэнтам райгазеты.

Уладзімір Смаль, старшыня Хаціслаў­с­кага сельскага Савета:
— Культура, у шырокім сэнсе разумення гэтага слова, павінна быць паўсюдна, ва ўсім, з чым бы ні сутыкаўся чалавек: і ў зносінах, і ў працы, і ў адпачынку, і інш. Як старшыню сельскага Савета, мяне непакоіць такі аспект, як добраўпарадкаванне на зямлі. Не магу сказаць, што ў вёсках сельсавета з гэтым ёсць праблемы, бо да культуры і чысціні на асабістых падворках, каля арганізацый і прадпрыемстваў, на вуліцах нашы жыхары прывыклі ўжо і падтрыманне іх лічаць сваім абавязкам. У нас шмат добраўпарадкаваных домаўладанняў, гаспадары якіх штогод удзельнічаюць у конкурсах на лепшы падворак і з’яўляюцца прыкладам для іншых. Дарэчы, у вёсцы Сушытніца цяпер няма ніводнага дома, які б пуставаў, а гэта ўжо хоць і невялікае, але дасягненне. Сёлета работу па навядзенні парадку на зямлі мы будзем працягваць і ўдасканальваць, каб іншыя людзі, якія наведваюць нашы вёскі, аграгарадкі, пераймалі наш прыклад. Шмат робяць жыхары сельсавета і для захавання нацыянальнай культуры. Пацвярджэнне гэтаму — творчыя калектывы “Хаціславяне”, “Вясковая табала”, творчасць якіх захапляе многіх, у тым ліку і маладых людзей. Спадзяюся, што яшчэ больш нашы вяскоўцы будуць думаць і клапаціцца і пра духоўную культуру.

Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзе­ла ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі райвыканкама:
— Паняцце культуры ў мяне асацыіруецца з працэсам збору, захавання і перадачы наступным пакаленням традыцый, набытых народам ва ўсе часы. Культура – гэта тое, што адрознівае нас ад іншых нацый. Чым больш багатая культура народа, тым больш духоўна багаты і сам народ. Такім чынам культура – гэта люстэрка народа. Калі не захоўваць традыцыі продкаў, іх вопыт, адкуль браць патэнцыял для развіцця? У той жа час, калі мы зможам захаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, адрадзіць традыцыі, звычаі і абрады сваіх прадзедаў, наша нацыя будзе моцнай, суверэннай, адметнай. Таму сёлета мы будзем рабіць асаблівы ўпор на далейшае развіццё традыцыйнай культуры: рамёстваў(ткацтва, вышыўкі, саломапляцення і г.д.), фальклору. Ужо цяпер не толькі ў Беларусі, але і за мяжой Маларытчыну ведаюць, як носьбітку ткацтва. Цяпер гэтае рамяство добра развіта ў нашым райцэнтры і Дарапеевічах. Мы плануем стварыць “астраўкі” ткацтва яшчэ ў Олтушы і Хаціславе. Бо традыцыйная культура сапраўды самабытная, яркая, яна можа стаць візітнай карткай раёна.

Галіна Кучына, загадчыца аддзела маркетынгу цэнтралізаванай
біблія­тэч­най сістэмы:
— Для работнікаў бібліятэк асабліва значным быў 2012 год, Год кнігі. Прыемна, што ў 2016-ым зноў будзе надавацца ўвага сферы культуры, бо яна дапамагае чалавеку стаць адукаваным, інтэлігентным, выхаваным ва ўсіх праяўленнях. Папулярызацыяй культуры краіны, нашага раёна з тым, каб яшчэ больш зацікавіць людзей гісторыяй роднага краю, мы займаемся пастаянна. Сёлетні год — добрая нагода расказаць нашым землякам пра жыццё і творчасць вядомых дзеячаў культуры Беларусі, для якіх 2016-ы год — юбілейны: пра Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Кандрата Крапіву, Івана Шамякіна. Ва ўсіх бібліятэках раёна пройдуць вечары іх памяці з выкарыстаннем мультымедыа. Таксама мы падрыхтавалі дапаможны матэрыял для настаўнікаў і выхавальнікаў. Ён зноў жа прысвечаны Году культуры. Дзве лістоўкі распавядаюць менавіта аб культуры раёна. У такі знамянальны год мы таксама імкнемся выхаваць у наведвальнікаў бібліятэк любоў да роднай мовы. А каб пераканаць іх, якая яна прыгожая і мілагучная, плануем арганізаваць сустрэчу з нашымі мясцовымі паэтамі Мікалаем Пацеюком, Генадзем Мішчуком і іншымі, хто добра валодае беларускім словам і шчыра любіць яго.

 

Людміла Ляўчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДзУА “Маларыцкая
сярэдняя школа №1”:
— Зразумела, што сэнс слова “культура” можна трактаваць па-рознаму і прымяняць да любой сферы дзейнасці. Мне хацелася б закрануць той бок культуры, што датычыцца асобы чалавека. Культура паводзін, зносін, сямейных адносін, быту і адпачынку – усё гэта вельмі важна як для кожнага з нас паасобку, так і для грамадства ў цэлым. Таму задача школы не толькі даць вучню пэўныя веды, але і выхаваць годнага, культурнага чалавека. Дзякуючы мерапрыемствам рознай накіраванасці, інфармацыйным гадзінам, конкурсам, што праводзяцца, а таксама ўзаемадзеянню з іншымі ўстановамі, сям’ёй закладваецца фундамент культурнага чалавека. Сёлета мы будзем знаёміць школьнікаў з асобамі, уклад якіх у культуру нашай краіны бязмежны, выхоўваць любоў да сваёй гісторыі, нацыянальнай спадчыны. А таксама будзем, як і раней, выхоўваць у вучняў такія якасці, як патрыятызм, маральнасць, эстэтычнасць, вучыць іх правілам этыкету і іншым. Калі са школьных гадоў усе гэтыя паняцці для дзяцей не будуць нечым незнаёмым, тады высокай будзе і культура нацыі ў цэлым.
Дар’я ЛУЦЫК.

Опубликовано ГЧ № 21 от 23.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kompozit.ua

нержавеющие ограждения

http://steroid-pharm.com