У АДКАЗЕ ПЕРАД ВЫБАРШЧЫКАМ

Пад старшынствам Пятра Губея адбылося пасяджэнне ХV сесіі раённага Савета дэпутатаў ХХVІІ склікання. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Мікалай Шум. На сесіі заслухана справаздача старшыні Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў аб дзейнасці Савета дэпутатаў у 2015 годзе і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі.

Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляецца сесія. Яна склікаецца па меры неабходнасці, але не менш чым адзін раз у квартал. У мінулым годзе было праведзена 7 сесій, на якіх замест запланаваных 10 было разгледжана 49 пытанняў па розных накірунках работы. Не будзем паўтарацца па якіх, бо газета пастаянна давала з сесій, як і з пасяджэнняў прэзідыума, справаздачы, і чытачы маглі знаёміцца з пытаннямі, па якіх на сесіях прымалі адпаведныя рашэнні.
У сваёй справаздачы Пётр Губей удзя­ліў увагу і іншым формам работы Савета. Напрыклад, пастаянным камісіям, якіх у Савеце 4: па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, дэпутацкай этыкі; сацыяльна-экана­мічнага развіцця, бюджэту і ўпраўлення камунальнай уласнасцю; сацыяльна-культурнай сферы, справах моладзі, законнасці і ахове правоў грамадзян; аграрных, прадуктовых пытаннях і экалогіі. Пастаянныя камісіі, як падкрэсліваў Пётр Вікенцьевіч, — гэта своеасаблівае месца вучобы, бо пасяджэнні іх праходзяць у форме адкрытага дыялогу па вырашэнні праблемных пытанняў. Дэпутаты ўносяць канкрэтныя прапановы і рэкамендацыі для разгляду пытанняў на прэзідыуме, у райвыканкаме і яго структурных пад­раздзяленнях. У 2015 годзе, гаварыў Пётр Губей, работа пастаянных камісій значна актывізавалася. Старшыні ка­місій Станіслаў Ляшчук, Аляксандр Пешта, Пётр Селівонік і Уладзімір Афанасенка заўсёды ўсебакова і скрупулёзна вывучалі рыхтуемыя да разгляду пытанні.
— Трэба аддаць належнае іх ведам, вопыту, мудрасці і тактоўнасці ў правядзенні пасяджэнняў, — гаварыў Пётр Вікенцьевіч. – А таму, калі справа датычылася вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння сваіх выбаршчыкаў, яны выказвалі канкрэтныя і канструктыўныя прапановы.

Вялікі рэзананс і грамадскую падтрымку атрымала такая форма работы, як рэгіянальныя сходы дэпутатаў мясцовых Саветаў і старастаў сельскіх населеных пунктаў. Летась такіх было 2, у адным з якіх удзел прымалі намеснік міністра гандлю Рэспублікі Беларусь Эдвард Матуліс і галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр Карпіцкі. На такіх сходах фарміруецца выразнае ўяўленне ўзаемадзеяння выканаўчай і прадстаўнічай улад, механізм прыняцця важных рашэнняў. Рэгіянальныя сходы аказаліся вельмі карыснымі, падкрэсліваў дакладчык.
Раённы Савет і Саветы дэпутатаў пярвічнага ўзроўню – гэта цэласнае звяно, дзе сканцэнтравана кола пытанняў, жыццёва важных і для сельскага на­сельніцтва. Так, сельскія Саветы вырашаюць задачы добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыях, падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, прафілактыкі пажараў, правапарадку і іншыя.
Сельскае насельніцтва старэе ўсё больш, ідзе працэс вымірання асобных вёсак, застаюцца пустымі дамы. Толькі за мінулы год абследавана 179 індывідуальных жылых дамоў, не заселеных на пастаяннай аснове. У рэгістр уліку дамоў, што пустуюць, па раёне ўключаны 24. Летась знесена 45 дамоў, у тым ліку і самімі уласнікамі. Найбольш актыўна ў гэтым напрамку працавалі Макранскі, Олтушскі і Гвозніцкі сельскія Саветы. Атрымана 117 паведамленняў ад наследнікаў аб намерах выкарыстоўваць пустыя дамы для пражывання. Гэтая работа сёлета будзе працягвацца. Аднак ёй трэба займацца, як адзначаў Пётр Вікенцьевіч, на больш удасканаленым узроўні.
Дакладчык у сваім выступленні акцэн­таваў увагу на асабістай ад­казнасці кіраўніка сельвыканкама за работу сацыяльных аб’ектаў на сяле – гандлю, транспарту, аўталавак, медыцыны, бытавога абслугоўвання, культуры, адукацыі, пошты.
Дзейнасць старшынь сельскіх Саветаў штогод ацэньваюць, што ўжо ўвайшло ў практыку. Здольнасць кіраўніка арга­нізаваць эфектыўнае ўпраўленне тэрыторыяй і дабівацца максімальнага выніку ацэньваецца як асабістая якасць яго. Па выніках 2015 года лідарам выйшаў Велікарыцкі сельскі Савет.

Інстытут старастаў – надзейная апора мясцовай улады. Аператыўная сувязь паміж сельвыканкамамі, старастамі і органамі кіравання дазваляе хутчэй вырашаць праблемы, што ўзнікаюць.
— Мы павінны і надалей арганізоўваць сваю работу так, каб чалавек не скар­дзіўся ў вышэйстаячыя органы, а ўсе пытанні вырашаць на месцах, — гаварыў Пётр Вікенцьевіч. — Цяпер органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання раёна прадстаўлены 54 сельскімі старастамі і 68 прадстаўнікамі ОТГС у горадзе. Старасты вёсак рэгулярна ўдзельнічаюць у рабоце сельвыканкамаў і сесій. Яны практычна дапамагаюць старшыням у вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання, утрымання прыдамавых тэрыторый, удзельнічаюць у падворных абходах пры абследаванні жылога сектара ў пытаннях супрацьпажарнай бяспекі, удзяляюць належную ўвагу рабоце гандлёвых кропак. Старшыня раённага Савета назваў актыўнай работу старастаў вёсак Мельнікі Мікалая Герасімука, Замшаны Марыі Талака, Дарапеевічы Сяргея Кіцеля, Макраны Уладзіміра Кійко, Ляхаўцы Івана Панчука, Велікарыты Івана Дуля, Гвозніца Мікалая Леўчука, Радзеж Анатоля Шульжыка і іншых. Гэта пры іх актыўнасці, непасрэдным удзеле, арганізатарскай дапамозе прыбіраюцца тэрыторыі могілак, устанаўліваюцца агароджы іх, аказваецца садзейнічанне развіццю асабістых падсобных гаспадарак. Так, па ініцыятыве Мікалая Герасімука жыхары сабралі грошы на будаўніцтва водаправоднай калонкі на могілках у в. Хаціслаў, дзякуючы Марыі Талака з Замшан па ўзгадненню з кіраўніцтвам райвыканкама арганізаваны прыём грамадзян работнікамі Хаціслаўскага сельвыканкама адзін раз у месяц у будынку райвыканкамам – дзеля зручнасці замшанскіх жыхароў. Акрамя гэтага, дзя­куючы настойлівасці яе, прыпынена закрыццё аддзялення сувязі ў Замшанах. Пры непасрэдным удзеле старастаў у Чарнянскім сельсавеце арганізаваны збор грашовых сродкаў на правядзенне першачарговых работ па добраўпарадкаванні могілак. У выніку работы з насельніцтвам старасты Сяргея Кіцеля і дэпутата Чарнянскага сельскага Савета Валянціны Гатоўчыц сабраны сродкі, за кошт якіх на могілках в. Дарапеевічы заменена частка агароджы — 233 метры коштам амаль 30 мільёнаў рублёў, закуплены прафнасціл на суму больш за 17 мільёнаў рублёў. Большая частка агароджы ўстаноўлена, і гэтую работу ў Дарапеевічах будуць працягваць і сёлета.

Вядома, і гарадское самакіраванне таксама не застаецца ўбаку, да­памагае вырашаць тыя ці іншыя пы­танні. Аднак тут, як адзначыў Пётр Губей, хацелася б большай актыўнасці, якую б гарадскія жыхары праяўлялі пры разбіўцы кветнікаў, напрыклад, ці пры ўборцы ад смецця дваровых тэрыторый і пад’ездаў, абсталяванні дзіцячых пляцовак і г.д. Бо даўно прыкмечана, што найбольш цэніцца і зберагаецца зробленае сваімі рукамі. Добраўпарадкаванне, парадак на сваіх тэрыторыях павінны стаць стылем жыцця. І яны будуць лепшымі, калі ў іх будуць удзельнічаць самі жыхары.

Асобае месца ў сваёй справаздачы Пётр Губей адвёў аналізу работы са зваротамі грамадзян, падкрэсліваючы яе значнасць. Звароты, гаварыў ён, гэта каталізатар дзейнасці як выканаўчай, так і прадстаўнічай улады, усіх ведамстваў і структур. Бо праблемы, з якімі чалавек ідзе ў розныя органы, як правіла, адлюстроўваюць вузкія месцы ў рабоце з людзьмі. Звяртаючыся да дэпутата, выбаршчык фактычна ўносіць абгрунтаваную прапанову па ўдасканаленню дзейнасці органаў кіравання, а дэпутатам застаецца толькі ліквідаваць выяўленыя недахопы, аб’яднаўшы намаганні выканаўчага і прадстаўнічага органаў улады па выкананню асноўнага прызначэння адказнасцю перад выбаршчыкам. Адна з найбольш эфектыўных форм дзейнасці дэпутацкага корпуса – работа ў сваёй выбарчай акрузе: разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, асабісты прыём, сустрэчы з выбаршчыкамі, справаздачы аб дэпутацкай дзейнасці. Дэпутаты рэгулярна, не менш, чым 1 раз у месяц, вядуць асабістыя прыёмы грамадзян і юрыдычных асоб.

У опаўсядзённым жыцці кожны з нас сустракаецца з масай праблем. Яны заўсёды былі, ёсць і будуць. У дэпутата, як гаварыў Пётр Вікенцьевіч, заўжды павінна быць жаданне дапамагчы чалавеку. І ў гэтым яго роля значна павышаецца. Большасць дэпутатаў раённага Савета з’яўляюцца кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, і, што­дзённа сустракаючыся з людзьмі, вырашаюць іх праблемы, хаця не заўжды, як гаварыў дакладчык, у іх хапае часу зрабіць справаздачу аб сваёй рабоце ў сваёй жа акрузе.
У якасці станоўчых прыкладаў работы ў сваіх выбарчых акругах Пётр Губей назваў дэпутацкую дзейнасць загадчыцы Ланской урачэбнай амбулаторыі Наталлі Паздзяйкінай, старшынь СВК “Дарапеевічы” Васіля Юхімука, “Рыта” Івана Пастушака, “Чырвоны партызан” Сяргея Сцепанюка, дырэктара КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандра Пешты, галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Пятра Селівоніка, намесніка дырэктара УП “Савушкіна” Івана Мелянчука, дырэктара Велікарыцкай сярэдняй школы Ірыны Наркевіч. Гэтыя дэпутаты чулыя да праблем выбаршчыкаў, карыстаюцца аўтарытэтам у насельніцтва.
Раённы Савет дэпутатаў у справаздачным перыядзе ажыццяўляў сваю дзейнасць для забеспячэння нармальных умоў пражывання людзей у горадзе і вёсках, стварэння належных умоў працы і быту, павышэння камфортнасці, утульнасці, захавання грамадскай бяспекі, сацыяльнай абароненасці ўсіх катэгорый грамадзян, надаваў увагу праблемам пажылых лю­дзей і моладзі. Прапановы і пажаданні выбаршчыкаў абмяркоўвалі ў пастаянных дэпутацкіх камісіях, на пасяджэннях прэзідыума Савета.

Важную ролю ў рабоце мясцовых Саветаў з насельніцтвам адыгрывае своечасовае і поўнае яго інфармаванне. Кіраўнікі і дэпутаты мясцовых Саветаў праводзяць выязныя прыёмы, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, працуюць у складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. За справаздачны перыяд кіраўнік раённага Савета дэпутатаў правёў 4 выязныя прыёмы, 12 разоў у складзе ІПГ райвыканкама, якую ён узначальвае, сустракаўся з працоўнымі калектывамі, правёў 4 “прамыя тэлефонныя лініі”. У час асабістых прыёмаў летась да яго звярнуліся 14 чалавек з самымі рознымі пытаннямі – добраўпарадкавання, рамонту вуліц, дарог, устаноўкі кантэйнераў для адходаў, аўтобусных зносін, пракладкі водаправода, працаўладкавання. Усе звароты разгледжаны ва ўстаноўленыя тэрміны. Згодна са статусам дэпутата работа са зваротамі грамадзян, як падкрэсліваў Пётр Вікенцьевіч, з’яўляецца адной з галоўных складаемых дзейнасці народнага абранніка. У цэлым жа ў раёне наладжана сістэма стабільных і эфектыўных узаемаадносін органаў мясцовага кіравання і самакіравання, якія на справе дапаўняюць адзін аднаго.
Дэпутацкаму корпусу Маларытчыны давялося працаваць у вельмі няпростым у эканамічным і палітычным плане годзе. Даводзілася сутыкацца з многімі цяжкасцямі, якія паўплывалі на многія сферы жыццядзейнасці насельніцтва. Аднак давер выбаршчыкаў накладвае на дэпутатаў яшчэ большую адказнасць, патрабуе новых і больш удасканаленых падыходаў. Сёлетні год – стартавы ў новай пяцігодцы. Ён няпроста складваецца, таму трэба, як падкрэсліваў Пётр Губей, максімальна арганізоўвацца і адказна падысці да выканання абавязкаў, ускладзеных на раённы Савет дэпутатаў. Органы самакіравання павінны быць на­дзейнай апорай выканаўчай улады, разам працаваць дзеля адзінай мэты – павышэння якасці жыцця.
Удзел у абмеркаванні даклада прынялі дэпутаты старшыня Лукаўскага сельвыканкама Алена Марук, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Сяргей Гусак, дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы Ірына Наркевіч.
На сесіі разгледжаны пытанні «Аб стане медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Маларыцкага раёна і мерах, што прымаюцца па фарміраванні здаровага ладу жыцця». З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў дэпутат галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік.
Па ўсіх пытаннях, што былі разгле­джаны на сесіі, прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано ГЧ № 23 от 30.03.16г.

Добавить комментарий


https://seotexts.com

www.rs-clinic.com.ua

www.oncesearch.com/details/chaturbate-shows-fionnaandjimmy-and-jeri-lynn-hd-mp4-103997
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!